Miensk district

Michanavičy

Міханавічы – пасёлак у Менскім раёне Менскай вобласьці, на скрыжаваньні шашы М1 з Н9034. Адміністрацыйны цэнтр Міханавіцкага сельсавета. Мiханавiчы месьцяцца за 10 кiлямэтраў на паўднёвы ўсход ад Менску, чыгуначная станцыя на лініі Менск – Асіпавічы. Чыгуначныя пуці дзеляць пасёлак на дзве часткі. Акрамя прыватнага сэктару, у Міханавічах ёсьць шматпавярховыя дамы. Злева ад цэнтральнай вуліцы – тэрыторыя воінскай часці з ваенным гарадком, які прадстаўлены невялікімі двухпавярховымі шматкватэрнымі дамамі. У канцы цэнтральнай вуліцы – шасціпавярховы дом.

Насельніцтва па стане на 1999 год складала 4.047 чалавек, а  ў 2020 годзе тут пражывала ўжо 9.736 чалавек.

Мiханавiчы заснаваныя 16 верасьня 1873 года, калі быў уведзены ў эксплуатацыю ўчастак Лібава-Роменскай чыгункі Менск – Бабруйск. Чыгуначная станцыя атрымала сваю назву ад суседняй вёскі Міханавічы. У вёсцы на беразе Сьвіслачы месьцілася вадакачка, з дапамогай якой паравозы на станцыі запраўляліся вадой.

З канца лютага 1918 года Мiханавiчы акупаваныя войскамі Германскай імпэрыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мiханавiчы абвяшчалiся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У сьнежні 1918 года пасёлак заняты Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасьці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі паселiшча ўвайшло ў склад БССР, з 27 лютага 1919 года – у ЛітБел ССР. У час савецка-польскай вайны ў жніўні 1919 – ліпені 1920 гадоў і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы.

Вадакачка вёскі Міханавічы згадваецца ў гістарычнай літаратуры як месца правядзеньня II з’езда партызанаў Менскага павету (5 красавіка 1920 года) падчас савецка-польскай вайны.

У Другую сусьветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года тэрыторыя пад акупацыяй Германіі. У час акупацыі ў адным з баракаў прадпрыемства нацысты ўтрымлівалі каля 100 ваеннапалонных савецкіх салдат, працу якіх выкарыстоўвалі для здабычы торфу.

У 1989 годзе да пасёлка Міханавічы была далучаная суседняя вёска Астравы.

Царква хрысьцiян-эвангелістаў «Адраджэньне»

Пратэстанцкі храм у Міханавічах быў пабудаваны паміж 1990 і 2000 гадамі.

Каардынаты: 53.735823, 27.688056.

Царква сьвятога Дзьмiтрыя

Драўляная царква канца ХІХ стагодьдзя, якая некалі існавала ў Міханавічах, была разбураная ў 1920-я гады. Адраджэньне парафіі пачалося ў 2002 годзе. Некаторы час богаслужэньні праходзілі ў спецыяльна абсталяваным вагончыку. У 2011 годзе будаўнічыя работы завяршыліся і царква святога Дзмітрыя, пабудаваная ў рэтраспектыўна-расейскім стылі, адчыніла свае дзверы для вернікаў.

Каардынаты: 53.741417, 27.696194.