Miensk district

Zasłaŭje (Iziasłaŭ)

Заслаўе – места на рацэ Сьвіслачы пры ўтоку яе ў Заслаўскае вадасховішча. Знаходзіцца за 27 кiлямэтраў ад Менску, чыгуначная станцыя «Беларусь» на лініі Менск – Маладэчна. Насельніцтва па стане на 2018 год – 15.661 чалавек.

Заслаўе – места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства (раней – сталіца ўдзельнага княства), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся руіны замка, былы кальвінскі збор у стылі рэнэсансу і касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі віленскага барока, помнікі архітэктуры XVI–XVIII стагодзьдзяў. Дзейнічае гістарычна-культурны запаведнік.

Паводле паданьня, кіеўскі князь Уладзімер Сьвятаславіч назваў паселішча ў гонар сына полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны Ізяслава, які зь мячом заступіўся за маці.

Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Заслаў, Ізяслаў, Ізяслаўль, Жэслаўль, Жаслаўль. Дзеля адрозьненьня ад Заслаўя на Валыні часам насіў дадатковае азначэньне – Заслаўе Літоўскае.

Згодна з археалягічнымі зьвесткамі, у X стагодьдзi на правым беразе Сьвіслачы існавала неўмацаванае паселішча, населенае пераважна крывічамі. Каля 985 году за 1 кiлямэтар ад яго ўзьнікла гарадзішча «Замэчак». На мяжы XI–XII стагодзьдзяў на тэрыторыі правабярэжнага паселішча ўзьвялі дзядзінец, па чым насельнікі пакінулі «Замэчак».

Летапіснае паданьне прыпісвае заснаваньне Заслаўя ў 985–986 гадох князю кіеўскаму Ўладзімеру Сьвятаславічу, які перадаў горад сваёй жонцы Рагнедзе Рагвалодаўне і сыну Ізяславу. Пад 1127 годам упершныю ўпамінаецца Ізяслаўскае княства ў зьвязку з нападам князя кіеўскага Мсьціслава Ўладзімеравіча на Полацкую зямлю.

У канцы XIII стагодьдзя Заслаўе далучылася да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стала вялікакняскім местам. У 1345 годзе вялікі князь Кейстут перадаў яго свайму малодшаму брату Яўнуту Гедымінавічу, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі (Жэслаўскімі). У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV стагодьдзя) Заслаўе значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. За часамі фэўдальнай вайны (1432–1439) у 1434 годзе Сьвідрыгайла захапіў і спаліў места, а ягоных жыхароў узяў у палон.

У 1539 годзе Заслаўе перайшло ў валоданьне Глябовічаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў места ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У другой палове XVI стагодьдзя тут пры кальвінскім зборы працавалі школа і друкарня, у якой Сымон Будны надрукаваў Біблію ў 1574 годзе. У пачатку XVII стагодьдзя кальвінскі збор пераасьвяцілі ў касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла. У 1625 годзе ў Заслаўі збудавалі касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, таксама дзейнічала царква. З XVІІ стагодьдзя места стала сталіцай графства, якое аб’ядноўвала 4 староствы.

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе маскоўскія захопнікі спалілі Заслаўе, цалкам зруйнавалі мураваныя замкавыя брамы і палац. У 1678 годзе паселішча перайшло да Сапегаў. У 1684 годзе (паводле іншых зьвестак, яшчэ ў 1676 годзе) Казiмер Сапега і ягоная жонка Крыстына заснавалі тут дамініканскі кляштар. Паводле інвэнтару, на 1698 год у месьце апроч касьцельнай юрыдыкі было 89 дымоў, 4 вуліцы і Рынак.

У 1753 годзе Заслаўе перайшло ў валоданьне падканцлера Антонія Празьдзецкага. У 1772 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў месту прывілей на правядзеньне 4 кірмашоў штогод, а таксама штотыднёвых таргоў. У другой палове XVIII стагодьдзя працавалі цагельня і суконная фабрыка.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Заслаўе апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Менскага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1850-я гады існаваў аднайменны маёнтак Прушынскіх.

За ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863–1864) расейскія ўлады канфіскавалі Заслаўе ў ягоных гаспадароў Прушынскіх. У 1873 годзе празь мястэчка прайшла Лібава-Роменская чыгунка, адкрылася станцыя Ізяслаў. На 1904 год працавалі 2 школы, лякарня на 10 ложкаў, аптэка, пошта; дзейнічалі 2 царквы і касьцёл.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Заслаўе занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Заслаўе абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Заслаўе ўвайшло ў склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну. У 1919–1920 гадох мястэчка было пад часовай польскай адміністрацыяй як цэнтар гміны ў Менскім павеце Менскай акругі Грамадзянскай ўправы Ўсходніх земляў. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Заслаўе засталося ў БССР, дзе ў 1924 годзе стала цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1985 годзе Заслаўе зноў атрымала статус места.

Гарадзішча «Замэчак»

Гарадзішча Замэчак – месца, дзе жыла Рагнеда з сынам Ізяславам, помнік археалёгіі Х–ХІ стагодзьдзяў.

Гарадзішча ўзьвялі ў адзін прыём у Х–ХІ стагодзьдзяў. Гэта найбольш старажытны помнік Заслаўя, і месца першага пражываньня яго насельнікаў.

Менавіта тут у свой час пасялілася Рагнеда з сваім сынам Ізяславам. Магчыма, на самім гарадзішчы знаходзіўся манастыр, дзе пражыла апошнія гады Рагнеда ў якасьці манахіні, аднак вядомыя летапісныя крыніцы ня ўтрымліваюць зьвестак наконт дакладнай назвы гэтага манастыру, што не дазваляе сьцьвярджаць пра ягоную лякалізацыю. Існуе легенда, што тут яна была і пахавана, аднак археалягічныя дасьледваньні не пацьвярджаюць гэты факт.

Археалягічныя зьвесткі паказваюць, што ў ХІІ стагодьдзi гарадзішча ўжо пакінулі насельнікі.

У пачатку 1990-х гадоў у цэнтры Замэчка паставілі помнік «Тысячагодзьдзе праваслаўнай царквы на Беларусі».

Каардынаты: 53.995699, 27.278467.

Заслаўскі замак

Заслаўскі за́мак – помнік архітэктуры рэнэсансу XVI–XVII стагодзьдзяў у Заслаўі. Знаходзіцца ў цэнтры места, у абалоне ракі Сьвіслачы.

Заслаўскі замак – адзін зь першых бастыённых замкаў Вялікага Княства Літоўскага і Беларусі. Бастыённы замак у Заслаўі ўзьвялі князі Глябовічы ў другой палове XVI – пачатку XVII стагодьдзя на месцы гарадзішча XI стагодьдзя. Пасярод замку збудавалі кальвінскі збор і мураваны палац.

У 1676 годзе заходнюю частку замка перадалі Заслаўскаму кляштару дамініканаў. У XVIII стагодьдзя замак канчаткова страціў вайсковае значэньне, рэзыдэнцыю ўладальнікаў места перанесьлі ў іншае месца.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Заслаўе апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, пачаўся заняпад замка. У 1870-я гады дадатковыя мураваныя бастыёны разабралі на цэглу.

Замкавая брама. Фотаздымак 1901 года

Царква Праабражэньня Гасподня (колішні кальвінскі збор)

Заслаўскі кальвінскі збор – помнік архітэктуры XVI стагодзьдзя, твор архітэктуры рэнэсансу. Знаходзіцца ў цэнтры места пасярод колішняга замка. Вядома, што Ян Глебавіч запрасіў у Заслаўе выбітнага дзеяча беларускай рэфармацыі, філёзафа, асьветніка і гуманіста Сымона Буднага. У 1572 годзе Будны пераехаў сюды, некаторы час жыў у Заслаўі, прапаведаваў у рэфарматарскай суполке. Пры кальвініскім зборы дзейнічала школа, дзе маглі навучацца дзеці розных саслоўяў.

Пры віленскім кашталяне Мікалаю, сыне Яна Глебавіча, кальвініскі збор прыстасавалі ў 1628 годзе пад касьцёл Міхала Арханёла. Новыя ўладальнікі Заслаўя Крысьціна і Казімер Сапегі, якія заснавалі тут у 1676 годзе дамініканскі кляштар, перадалі ордэну і храм.

З 1628 году дзейнічаў як касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла, з 1833 году – уніяцкая царква Сьвятога Спаса. У 1839 годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перавялі царкву ў юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхату.

У 1678 годзе колiшнi кальвінскі збор быў часткова перабудаваны: з заходняга боку да храма была прыбудаваная вежа і рэканструяваны фасады. У верхняй частцы сьценаў замест байніцаў зроблены дэкаратыўны атыкавы пояс, які меў шырокае распаўсюджваньне ў архітэктуры Рэнэсансу ў Беларусі. Аб гэтых перабудовах сьведчыць рознахарактарная апрацоўка асобных частак фасадаў і неаднолькавая таўшчыня сьценаў.

У 1833 годзе дамініканскі касьцёл быў скасаваны, а будынак перададзены ўніяцкай царкве. У памяць драўлянай уніяцкай Спаса-Праабражэнскай царквы, якая існавала раней у Заслаўі, храм быў асьвечаны пад тым жа імем. У 1839 годзе на Полацкім саборы была скасаваная Берасьцейская царкоўная унія, царква перайшла да Рускай Праваслаўнай Царквы і ўвайшла ў склад Менскай епархіі.

У 1864–1865 гадах Праабражэнская царква была капітальна адрамантаваная. Дзейнічала да сярэдзіны 30-х гадоў. Пасьля закрыцьця і да вайны ў будынку храма месьцiўся мучны склад. Па Другое сусветнае вайны царква была часткова пашкоджаная. У 1968–1972 гадох адрэстаўраваная і прыстасаваная пад музэй рамёстваў і народных промыслаў. З’яўляецца часткай гісторыка-культурнага запаведніка «Заслаўе». У 1980-х гадах перададзеная Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхата. Пасля пажару 1996 года царква адрэстаўраваная.

З чэрвеня 2013 году ў ім ладзяць набажэнствы па-беларуску, якія на 2023 год праходзілі кожную апошнюю суботу месяца.

22 верасьня 2014 года ў сувязі з пераўтварэньнем межаў Менскай эпархіі рашэньнем Сынода Беларускай праваслаўнай царквы горад Заслаўе вызначаны другім катэдральным горадам Менскай епархіі. У сувязі з гэтым 3 сакавіка 2015 года мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел (Панамароў) вызначыў Праабражэнскі храм у Заслаўі ў якасці другога катэдральнага сабора Менскай эпархіі.

Каардынаты: 54.007474, 27.291564.

Гарадзiшча «Вал»

На мяжы XI–XII стагодьдзяў крэпасць «Замэчак», у якой жыла Рагнеда, была пакінутая і закінутая. Пазьней на тэрыторыі правабярэжнага пасада пачалі ўзвядзеньне новага больш магутнага дзяцінца. Першапачаткова валы, насыпаныя зь пяску, былі вышынёй 3–3,5 мэтры. Іх унутраныя схілы ўмацоўваліся глінай і камянямі, а на асобных участках – драўлянымі канструкцыямі. Палігон гарадзішча меў форму няправільнага чатырохкутніка. На ім падчас раскопак былi знойдзеныя рэшткі зрубных пабудоў XII–XVII стагодьдзяў.

Самая значная перабудова новага гарадзішча «Вал» – будаўніцтва бастыённага замка – адбылася ў канцы XVI стагодьдзя. Замкавы пляц пашырыўся да 1,5 гэктараў. Вышыня валоў дасягнула 9,5 мэтраў, ці 15 мэтраў, калі лічыць ад дна рова.

Да нашых дзён з усіх мураваных будынкаў заслаўскага замка захаваўся толькі пратэстанскі храм – кальвінскі збор (сёння Спаса-Праабражэнская царква).

Каардынаты: 54.006914, 27.292653.

Касьцёл Раства Найсьвяцейшай Панны Марыi

Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (Фарны) – помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, твор архітэктуры віленскага барока.

У 1627 годзе ў Заслаўі збудавалі першы драўляны касьцёл. У 1774 годзе з фундацыі тагачаснага ўладальніка паселішча падканцлера Антонія Пшазьдзецкага пачалося будаваньне мураванага касьцёла. 8 верасьня 1779 году адбылося асьвячэньне новага касьцёла. Аўтарства помніка няпэўнае, існуюць дзьве вэрсіі: найбольш імаверна, што яго спраектаваў Карла Спампані, які працаваў у Заслаўі і, у прыватнасьці, узьвеў палац Пшазьдзецкіх. Аўтарам касьцёла мог быць таксама іншы дойлід – Павал Антоні Фантана.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Заслаўе апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. У 1848 годзе інтэр’ер і фасад касьцёла адрамантавалі. У 1851 годзе побач з касьцёлам збудавалі драўляную званіцу.

З пачаткам нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1863 годзе расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі касьцёл, а ў 1868 годзе пераасьвяцілі яго пад царкву Раства Багародзіцы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1874–1878 гадох інтэр’ер і фасад помнік зьнявечылі маскоўскай перабудовай паводле праекту губэрнскага архітэктара С. Іванова, на што расейскія ўлады выдзелілі 7 тысячаў рублёў.

У 1926 годзе пастановай СНК БССР будынак колішняга касьцёла ўзялі пад дзяржаўную ахову і надалі яму афіцыйны статус помніка архітэктуры. У Другую сусьветную вайну помнік атрымаў значныя пашкоджаньні.

У 1987–1998 гадох у касьцёле праводзіліся рэстаўрацыйныя працы, па якіх будынак перадалі каталікам. У 2007–2008 гадох праводзілася аднаўленьне інтэр’еру касьцёла.

Каардынаты: 54.003372, 27.291664.

Зьнешні выгляд касьцёла па стане на 2006 год

Цэнтральны Парк

Каардынаты: 54.003919, 27.291537.

Гарвыканкам

Каардынаты: 54.004662, 27.292551.

Забудова места

Этнаграфічны комплекс «Млын i кавальня» гiсторыка-культурнага музэя-запаведнiка «Заслаўе»

Каардынаты: 54.007231, 27.285747.

Паравы млын

Млын уяўляе сабой зрубны будынак, у якім мукамольныя механізмы размеркаваныя па трох паверхах. Сэрца млына (жорнавы пастаў) знаходзіца на другім паверсе. Там жа размешчаная крупадзёрка – машына для вытворчасьці крупы і ачышчэньня зерня ад вотруб’я.

Кавальня

Музей-майстэрня кавальскай вытворчасьці адкрыўся ў 1994 годзе. Аніводная са шматлікіх заслаўскіх кузьняў не захавалася, таму існуючую, тыповую для цэнтральнага рэгіёна, перавезьлі сюды зь вёскi Камень Валожынскага раёна Менскай вобласьцi. Абсталяваньне і інструмэнты ў асноўным перавезеныя разам з будынкам.

Кузьня – зрубная пабудова памерам 4×4 мэтры. Унутры адноўленая працоўная  абстаноўка пачатку XX стагодьдзя з усім неабходным кавальскім абсталяваньнем. Яно складаецца з горана, мяхоў, калоды з аднарогім кавадлам, ручнога тачыльнага і свідравальнага станкоў, шматлікіх інструмэнтаў: малаткоў, абцугоў, разакоў і прабойнікаў.

Хата завозьнiкаў

На пачатку ХХ стагодьдзя побач з млыном была пабудаваная хата, своеасаблівы гатэль для завозьнікаў (сялян, якія чакалі чаргі на памол). Акрамя завозьнікаў, спыніцца ў ёй маглі ўсе жадаючыя, якія па розных справах наведвалі Заслаўе.

Нафтавы рухавiк

Сьвiран

Сьвіран – традыцыйная для беларускай гаспадаркі другой паловы XIX – пачатку XX стагодьдзяў пабудова, якая выкарыстоўвалася для захаваньня прадуктаў, часткова адзеньня і гаспадарчых рэчаў. Гэтая назва была характэрная для захаду Беларусі. На ўсходзе выкарыстоўваўся варыянт «клець».