Niaśviž district

Snoŭ

Сноў – даўняе мястэчка гістарычнай Наваградчыны, месьцiцца на рацэ Сноўцы, цэнтар сельсавету Нясьвіскага раёну Менскай вобласьці. Знаходзіцца за 15 кiлямэтраў на захад ад Нясьвіжу, за 8 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Пагарэльцы (лінія Менск – Баранавічы); на аўтамабільнай дарозе Нясьвіж – Баранавічы. Насельніцтва на 2010 год – 2.420 чалавек.

Першы пісьмовы ўпамін пра Сноў датуецца 18 ліпеня 1478 году. Пад 1529 годам ён упамінаецца як маёнтак паноў Сноўскіх. У 1564 годзе паселішча атрымала статус мястэчка.

У пачатку XVII стагодьдзя Сноў перайшоў у валоданьне Я. Пратасевіча, потым – Рдултоўскіх. У 1650 годзе тут зьявілася каталіцкая парафія, з 2 жніўня 1699 году дзейнічаў касьцёл.

З 1767 году у Снове дзейнічала царква. За часамі Барскай канфэдэрацыі (1768–1772) мястэчка спазначала значныя разбурэньні. 15 верасьня 1785 году тут спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Сноў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Наваградзкага павету. У вайну 1812 году 9 лістапада тут адбыўся бой францускай дывізіі Я. Дамброўскага з казакамі. У 1827 годзе ў мястэчку збудавалі палац, у 1836 годзе ў Дольным Снове – бровар.

На 1861 год у Снове было 45 двароў, царква, сынагога, цагельня, у 1865 годзе адкрылася царкоўнапрыходзкая школа. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Урадавага сыноду (Маскоўскага патрыярхату). Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Горным Снове было 19 двароў, дзейнічала капліца і працаваў бровар (заснаваны ў 1891 годзе), у Дольным Снове (да 1939 году таксама называўся Сінілавам) – 16 двароў, працавалі бровар і сыраварня.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Сноў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сноў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад БССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Сноў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Нясьвіскага павету.

У 1939 годзе Сноў увайшоў у склад БССР, дзе 12 сьнежня 1940 году стаў цэнтрам сельсавету Нясьвіскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. У гэты час тут было 167 двароў, крухмальны завод, 2 млыны, электрастанцыя, маслазавод, 8-гадовая школа, лякарня. У 1990-я гады Сноў і Дольны Сноў злучыліся.

Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьцiцеля

Парафія ў Снове існуе 1650 году. Мураваны касьцёл у стылi архiтэктуры барока збудавалі ў 1760 годзе з фундацыі Яна Хрызастома Рдултоўскага.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Сноў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. Аднак па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі касьцёл і перарабілі яго пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1884 годзе расейскія ўлады перабудавалі касьцёл ў маскоўскім стылі.

У 1921 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі будынак касьцёла каталікам. У 1940-я гады савецкія ўлады зачынілі касьцёл.

У 1991 годзе будынак касьцёла вярнулі каталікам, пачаліся рэстаўрацыйныя працы. Адноўлены касьцёл у 1994 годзе.

Каардынаты: 53.219729, 26.408249.

Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх

Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх – помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва першай паловы XIX стагодьдзя. Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне колішняга мястэчка, на раўнінным беразе ракі Сноўкі. Твор архітэктуры клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Маёнтак Сноў перайшоў да Рдултоўскіх ад Я. Пратасевіча. Першы палац тут, відаць, збудаваў у 1760 годзе Ян Хрызастом Рдултоўскі (1735–1791). У 1764 годзе ў ім спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Паводле радзіннай хронікі Рдултоўскіх, гэты палац разбурылі ў час Барскай канфэдэрацыі.

Аднаўленьне сядзібы адбылося за Казімерам Рдултоўскім (1785–1855), які стварыў тут рэзыдэнцыю зь зімовым садам і галерэяй, заснаваў у Адахаўшчыне суконную фабрыку. Будаваньне мураванага палаца скончылася ў 1827 годзе паводле праекту архітэктара Браніслава Тычэцкага.

У 1854 годзе маёнтак і палац перайшлі да барона Густава Гартынга (1819–1879), які парадніўся зь мясцовымі зямянамі і асыміляваўся ў мясцовым асяродзьдзі. Пазьней маёнтак перайшоў у валоданьне яго сына Мікалая, а потым унука Генрыка, жанатага з Тэкляй Неміровіч-Шчыт.

Па рамонце каля 1925 году барон Генрык Гартынг прыстасаваў палац пад канцылярыю і жытло Корпусу аховы памежжа. Сам барон жыў побач у адной з гаспадарчых пабудоваў маёнтку.

За савецкім часам у будынку разьмяшчалася вайсковая мэдычная ўстанова. Зараз тут месьцiцца ваенны шпiталь.

Палац Радзівілаў-Рдултоўскіх

Каардынаты: 53.223071, 26.4129.

Сядзібна-паркавы комплекс Гартынгаў «Горны Сноў»

У 1854 годзе Сноў змяніў уладальнікаў. Праз некалькi дзесяцiгодьдзяў пасьля гэтага была пабудаваная сядзіба Гартынгаў «Горны Сноў».

У дадзены момант выстаўлена на продаж, стан сядзібы пагаршаецца з кожным годам.

Каардынаты: 53.215132, 26.418783.

Царква Сьвятых Казьмы і Дзям’яна

Царква Сьвятых Казьмы і Дзям’яна знаходзіцца на ўсходняй ускраіне колішняга мястэчка ў Горным Снове, на могілках.

Драўляную грэцка-каталіцкую (уніяцкую) могілкавую капліцу Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла ў Горным Снове збудавалі ў 1769 годзе з фундацыі ўладальніка маёнтку Яна Рдултоўскага. Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Сноў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, капліца працягвала дзейнічаць як уніяцкая. У 1836 годзе на яе месцы з фундацыі Казімера Рдултоўскага збудавалі мураваную царкву ў стылi архітэктуры позьняга клясыцызму.

Па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1893 годзе за новымі ўладальнікамі маёнтку Гартынгамі царкву рэканструявалі, у гэты ж час яна атрымала тытул Сьвятых Казьмы і Дзям’яна. Мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купалоў-цыбулінаў пад час перабудовы 1863 году.

За савецкім часам царква працягвала дзейнічаць.

Каардынаты: 53.216548, 26.417833.