Niaśviž

Part 1. The City Niaśviž (Nyasvizh)

Касьцёл Цела Божага (Фарны)

Касьцёл Цела Божага і калегюім езуітаў – помнік архітэктуры XVI стагодзьдзя, знаходзіцца ў цэнтры Старога Места, на гістарычным Фарным пляцы. Твор архітэктуры барока і рэнэсансу. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Нясьвіскі Фарны касьцёл – першы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і другі ў Эўропе барокавы касьцёл, родавая пахавальня князёў Радзівілаў. Утварае адзіны ансамбль з Замкавай вежай, капліцай Булгарына і плябаніяй.

Будаваньне мураванага касьцёла ў Нясьвіжы вялося ў 1584–1593 гадох італьянскім архітэктарам Янам Марыяй Бэрнардоні ў комплексе зь езуіцкім калегіюмам. Прататыпам касьцёла стала рымская базыліка Іль Джэзу (La chiesa del Santissimo Nome di Gesù all’Argentina), збудаваная ў 1584 годзе. Фундатарам комплексу выступіў Мікалай Крыштап Радзівіл «Сіротка». У 1586 годзе пачалося будаваньне калегіюму, а ў 1599 годзе, як паведамляе хроніка, скончылі будаваць яго чацьвертую паўднёвую частку. 7 кастрычніка 1601 году папскі нунцыюш Клаўдыа Рангоні асьвяціў касьцёл. У 1611–1615 гадох на сродкі мясцовага шляхціца Андрэя Скарульскага ў касьцёле паставілі першы арган.

Каля 1705 году зь ініцыятывы Караля Станіслава Радзівіла пачаліся рамонтныя працы і рэканструкцыя касьцёла, якія завяршыліся за Міхалам Казімерам Радзівілам «Рыбанькам». У 1747 годзе ў двары касьцёла асобна паставілі капліцу Булгарына. У 1750–1760-я гады касьцёл з удзелам мастака Ксавэрыя Дамініка Гескага аздобілі фрэскамі.

У 1773 годзе з скасаваньнем ордэну езуітаў і закрыцьцём калегіюму, касьцёл стаў фарным (парафіяльным).

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Нясьвіж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. У 1830-я гады расейскія ўлады зруйнавалі будынак калегіюму дзеля пабудовы вайсковых кашараў.

У 1900–1902 гадох фрэскі на скляпеньнях, у вежы і купале адрэстаўраваў маляр Францішак Бруздовіч. У 1912 годзе ў будынку касьцёла ўсталявалі мэмарыяльную дошку з партрэтам паэта Людвіка Кандратовіча (Уладзіслава Сыракомлі).

За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1944 годзе касьцёл атрымаў пашкоджаньні, па вайне яго аднавілі парафіяне. У пачатку 1990-х гадох праводзілася рэстаўрацыя карціны ў галоўным алтары. У 2016 годзе пры рэстаўрацыі фасада касьцёла на ім выявілі фрэскі.

Каардынаты: 53.220692, 26.683456.

Iнтэр’еры касьцёла

Столя

Хоры i вiдарысы зь iх

Крыпта-пахавальня Радзівілаў

У падлозе прэзьбітэрыюму касьцёла знаходзіцца ўваход у фамільную крыпту-пахавальню Радзівілаў. Першае пахаваньне датуецца 1616 годам, апошняе – 1936 годам, калі тут спачыў апошні ардынат Нясьвіжу Альбрэхт Антоні Радзівіл. У крыпце захоўваецца 70 саркафагаў, адзін зь іх – рытуальны, а таксама адна урна з прахам нашчадка нясьвіскай лініі Антонія Радзівіла, прывезеная зь Лёндану 8 чэрвеня 2000 году. Найбольш старажытныя саркафагі знаходзяцца бліжэй да ўвахода. Крыпта Радзівілаў – трэцяя колькасьцю дынастычных пахаваньняў у Эўропе пасьля Габсбургаў у Капуцынэркірхе і Бурбонаў у Сэн-Дэні.

Плябанiя (?)

Меская ратуша

Па атрыманьні Нясьвіжам Магдэбурскага права ў 1586 годзе прыкладна да 1596 году на галоўным пляцы места – Рынку – збудавалі мураваную ратушу i гандлёвыя рады, якія адкрываюцца аркадамі да пляцу. За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700–1721) пацярпела ад пажару.

У 1752 году ратушу перабудавалі ў стылі позьняга барока. У 1784 годзе ў ёй правялі рамонт у зьвязку з наведваньнем места каралём і вялікім князем Станіславам Аўгустам Панятоўскім.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Нясьвіж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у будынку праходзілі паседжаньні мескай думы. У 1806 годзе князь Дамінік Радзівіл прызначыў на ўтрыманьне ратушы і яе рамонт піцейны падатак. У 1834–1835 гадох уздымалася пытаньне рамонту будынка, які аднак не правялі.

У 1836 годзе пацярпела ад вялікага пажару. Па пажары верхнія ярусы ратушнай вежы не адбудавалі. У другой палове XIX стагодьдзя на другім паверсе праводзіліся паседжаньні мескай думы, унізе былі крамы, сьвіран, частка будынка пуставала. У 1863 годзе чарговы раз узьнялі пытаньне рамонту ратушы. У 1870 годзе адрамантавалі дах і два памяшканьні думы. У 1896–1901 гадох у час чарговага рамонту паправілі і падмацавалі сьцены, нанава атынкавалі галоўны фасад зь вежай, прывялі ў парадак скляпеньні, якія прыстасавалі пад склады, паставілі новыя аконныя рамы, унутры адрамантавалі памяшканьні і прыстасавалі пад мескую залю паседжаньняў грамадзкага сходу.

У 1990-я гады ратушу аднавілі ў аўтэнтычным выглядзе паводле праектнага пляну канца XVI стагодьдзя і гравюры Тамаша Макоўскага 1604 году.

Каардынаты: 53.219122, 26.681184.

Фантан ля Ратушы

Лёў ля фантана

Слуцкая брама

Першая мураваная брама будавалася разам з абарончай сыстэмай места ў XVI стагодзьдзі. Назва паходзіць ад Слуцкай дарогі, якая праходзіла праз браму. Будынак пацярпеў у часе ваенных дзеяньняў XVII стагодзьдзя.

У 1690 годзе браму адбудавалі на старым месцы ў стылi архітэктуры барока, e 1700 годзе (паводле іншых зьвестак, у 1760 годзе) брама перабудоўвалася. У гэты час у будынку ўладкавалі капліцу (адноўлена ў 1788 годзе князем Каралем Станіславам Радзівілам «Пане Каханку»).

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), каля Нясьвіж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, надбрамная капліца працягвала дзейнічаць. Аднак па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) расейскія ўлады гвалтоўна яе зачынілі (каплiца была адноўленая толькі ў 1900 годзе).

У 1970-я гады браму адрэстаўравалі.

Каардынаты: 53.218003, 26.685477.

Скульптуры ля Слуцкай брамы

Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак. Кляштарны корпус з касьцёлам

Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне Старога Места, на гістарычнай Бэнэдыктынскай вуліцы. Твор архітэктуры раньняга і віленскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Комплекс складаецца з касьцёла, убудаванага ў кляштарны корпус, гаспадарчых пабудоваў і мура з брамай-званіцай.

Кляштар бэнэдыктынак у Нясьвіжы заснавалі ў канцы XVI стагодьдзя з фундацыі братоў Мікалая «Сіроткі» і Юрыя Радзівілаў. У 1590–1596 гадох вялося будаваньне мураванага кляштарнага комплекса, які меў абарончае значэньне. 12 чэрвеня 1597 году ў касьцёле адбылося першае набажэнства.

У 1720-я гады кляштар рэканструявалі, касьцёл упрыгожыла вежа. У 1763 годзе пры ўваходзе на тэрыторыю кляштару збудавалі вежу-браму. Пры кляштары дзейнічала жаночая школа. У 1784 годзе кляштар наведаў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Нясьвіж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. На 1804 год было 22 навучэнкі, 48 чалавек жаночай прыслугі і 16 рамесьнікаў, на 1828 год — 33 манашкі, пераважна зь Менскага і Наваградзкага паветаў. У бібліятэцы было 437 кніг на польскай і 79 на лацінскай мовах. З музычных інструмэнтаў упамінаюцца 5 скрыпак, басэтля, 2 флейты.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) у 1877 годзе расейскія ўлады гвалтоўна ліквідавалі кляштар, па чым касьцёл перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Кляштарны корпус прыстасавалі пад вайсковыя кашары. У гэты ж час зруйнавалі касьцельную вежу.

У 1920 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі будынкі бэнэдыктынкам. У 1945 годзе савецкія ўлады зачынілі кляштар.

У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі касьцельную званіцу дзеля надбудовы купала-цыбуліны. З савецкіх часоў у кляштарным комплексе разьмяшчаецца пэдадагічны каледж.

Кляштар. У. Гумінскі, 1883 год

Каардынаты: 53.215794, 26.681469.

Касьцёл Сьвятой Яўхіміі і кляштар бэнэдыктынак. Замалёўкi

 

Забудова места

Вулiца Чкалава, 1

Дом рамесьнiка (дом на кiрмашы)

Будынак ўзьведзены ў 1721 годзе на Рынкавы пляцы. На 1-м паверсе месьцiлiся складзкія памяшканьні і крамы, на другім – жытловыя пакоі. У XIX стагодьдзi з боку двара прыбудавана памяшканьне. У 1990-я гады будынак рэканструяваны пад бібліятэку.

Нясвіскі гісторыка-краязнаўчы музэй

Каардынаты: 53.226915, 26.667369.

Райвыканкам

Сьвята-Ушэсцеўская царква

Будаўніцтва храма пачалося ў 2005 годзе. Да 2014 года сьцены былі цалкам гатовы і пачаўся мантаж даху, які быў завершаны да зімы 2015 года. У 2016 годзе будаўніцтва было цалкам завершана. Храм быў асвячоны 3 ліпеня 2016 года.

Каардынаты: 53.223186, 26.677583.

Next part. Part 2. ⟶
Niaśviž Castle (Nesvizh Castle). Architecture