Niaśviž

Part 2. Niaśviž Castle (Nesvizh Castle). Architecture

Палацава-паркавы комплекс Радзівілаў або Нясьвіскі замак – унікальны помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVI–XVIII стагодзьдзяў, старажытная рэзыдэнцыя князёў Радзівілаў. Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне места, на паўвысьпе, на правым беразе ракі Вушы. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі і сьпісу Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Комплекс складаецца з палаца, створанага ў выніку некалькіх перабудоваў рэнэсанснага замка, бастыённых фартыфікацыяў і вялікага паркавага комплексу з Замкавым, Старым, Новым, Японскім і Ангельскім паркамі, а таксама Замкавым, Дзікім і Бэрнардынскім ставамі.

Першы драўляны замак у Нясьвіжы пачалі будаваць за Мікалаем Радзівілам «Чорным» у 1551 годзе паводле прывілею вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. У замку ўпершыню ў краіне зьявілася ліцейная гарматная майстэрня – людвісарня. Ужо ў 1576 годзе у ёй зрабілі першыя сем гарматаў. Магчымасьць адліваць у замку зброю не аднойчы дапамагала на доўгі час стрымліваць варожую аблогу.

У 1583 годзе Мікалай Крыштап Радзівіл «Сіротка» пачаў будаваньне мураванага замка паводле праекту італьянскага архітэктара Яна Марыі Бэрнардоні. Выгляд гэтага замка ў пачатку XVII стагодьдзя адлюстраваў на сваёй гравюры Тамаш Макоўскі. Фактычна ў Нясьвіжы збудавалі першы ў Вялікім Княстве Літоўскім замак новага тыпу бастыённых фартыфікацыяў – гэтак званай новаітальянскай сыстэмы. У XVII стагодьдзя на кутох бастыёнаў збудавалі чатыры абарончыя вежы.

Нясьвiж. Nesvisium. Гравюра Т. Макоўскага. 1604 год. Фрагмэнт

Першы замак у стылі рэнэсансу быў у форме чатырохкутніка (памерамі 170 на 120 мэтраў) і меў разьвітую фартыфікацыйную сыстэму. Пэрымэтрам ён атачаўся высокім земляным валам, абкладзеным каменьнем, з бастыёнамі на кутох. За валам ішоў роў, узровень вады ў якім рэгуляваўся. Апроч таго, з двух бакоў знаходзіліся штучныя вадаёмы – вялікія копанкі. Унутры вала былі мураваныя стайні і 4 патаемныя ўваходы. Уверсе вал пераходзіў у бруствэр з дадатковымі ўмацаваньнямі. За бруствэрам былі стралковыя вочкі, акопы. З боку замка бруствэр абараняўся яшчэ адной каменнай сьцяной.

Трапіць у замак зь места можна было толькі доўгім драўляным мостам, які ішоў цераз возера і ў выпадку небясьпекі хутка разьбіраўся. Гэты мост даводзіў да абарончага рова зь перакінутым церазь яго пад’ёмным мостам. Ён падыходзіў да масіўнай 2-павярховай мураванай брамы, прыстасаванай да абароны.

Вялікі замкавы двор атачалі тры будынкі. Насупраць уяздной брамы знаходзіўся галоўны корпус — трохпавярховы палац, у кутох якога ўзвышаліся 8-гранныя мураваныя вежы. З правага боку ад уваходу стаяў 3-павярховы корпус з высокай вартавой вежай. Там, хутчэй за ўсё, зьмяшчаліся казармы ды іншыя службы. Трэці будынак, 2-павярховы гаспадарчы корпус, стаяў зь левага боку ад уезду.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) замак вытрымаў доўгія аблогі маскоўскіх войскаў у 1654 і 1659 гадох. За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе замак па працяглай аблозе штурмам захапілі швэдзкія войскі. Яны ўзарвалі ўмацаваньні і бастыёны, зьнішчылі большую частку вайсковая амуніцыі, раскапалі валы, утапілі гарматы. Толькі праз дваццаць гадоў замак аднавілі. Перабудаваньне замка ўзначаліў Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька». Паводле праекту архітэктара Казімера Ждановіча, вакол сьценаў узьвялі новыя валы. Сам замак у выніку рэканструкцыі пераўтварыўся ў палацава-замкавы ансамбль. У 1740 годзе побач з брамай зьявілася палацавая капліца. Паводле інвэнтару 1767 году, замак складаўся з палаца і дапаможных карпусоў абапал уязной брамы. Налева і направа ад замкавай брамы па-за межамі фартыфікацыяў каля ставоў было два комплексы жылых, гаспадарчых і вытворчых пабудоваў. У замкавых бастыёнах былі арсэналы і каморы.

Двор замку Радзiвiлаў. Напалеон Орда. 1876

У XVIII стагодьдзi адбылася новая рэканструкцыя палаца. У ёй бралі ўдзел М. Пэдэці (1748–1752 гадох), М. Фларыяновіч (у 1775–1778 гадох), К. Спампані (у 1778–1779 гадох), А. Лоцы (у 1783 годзе, праект галерэі). У выніку рэканструкцыі XVIII стагодьдзя галоўны палацавы корпус надбудавалі, дапоўніўшы 3-павярховымі аб’ёмамі. Разам з двума іншымі перабудаванымі карпусамі яны ўтварылі адчынены двор. Ускладнілася аздоба фасадаў, сьцены сталі падзяляцца пілястрамі. Рызаліт паднялі да чатырох з паловай паверхаў і завершылі франтонам, аздобленым багатым рэльефным дэкорам і скульптурнымі ўстаўкамі ў стылі позьняга барока. Бакавыя карпусы злучыліся з цэнтральным корпусам 3-павярховымі будынкамі, а з уязной брамай – галерэямі. У выніку перабудоў палац набыў замкнёную пэрымэтрам, блізкую да пяцікутніка форму.

Галоўны корпус палаца разьмяшчаецца на адной восі з уязной брамай і выступае цэнтрам палацавай кампазыцыі. Уваход вылучаецца вынасным тамбурам на шырыню рызаліта. Над тамбурам – шырокая тэраса з мэталічнай агароджай. Два бакавыя прастакутныя ў пляне карпусы далучаюцца пад кутом да галоўнага, зь якім злучаюцца 3-павярховымі кутнімі ўстаўкамі. У тарцовай частцы правага корпуса ўзвышаецца 2-ярусная 6-гранная вежа, завершаная купалам-баняй з ратондай.

Замак Радзiвiлаў. Напалеон Орда. 28.07.1876

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Нясьвіж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, пачаўся заняпад места і замка. У 1809 годзе комплекс рамантаваўся архітэктарам М. Цэйзікам. Па вайне 1812 году, падчас якой уладальнік замка Дамінік Геранім Радзівіл выступіў на баку Францыі, сам замак на доўгі час застаўся ў занядбаньні. Толькі ў 1865 годзе ён вярнуўся да законных нашчадкаў. Замак пачаў аднаўляцца. У 1879 годзе ў абалоне ракі заклалі пэйзажныя паркі, у пачатку XX стагодьдзя – Японскі сад. У 1913–1914 гадох праводзіліся працы ў паляпшэньні паркавых ляндшафтаў.

Род Радзівілаў валодаў замкам да 1939 году, пакуль апошнія нашчадкі ня мусілі пакінуць Нясьвіж. За савецкім часам з 1945 году ў замку знаходзілася санаторыя «Нясьвіж». За гэтыя часы будынак палаца дэградаваў, адбылося зьнішчэньне шматлікіх элемэнтаў дэкору.

Толькі па аднаўленьні незалежнасьці Беларусі будынак перадалі пад кантроль Міністэрства культуры, а ў 2001 годзе пачалася рэстаўрацыя замка. У ноч з 24 на 25 сьнежня 2002 году цэнтральны корпус палаца з прычыны неахайнасьці будаўнікоў-рэстаўратараў ахапіла полымя. Пажар зьнішчыў унікальныя драўляныя перакрыцьці і аўтэнтычныя росьпісы столі. Па пажары пачалося чарговае аднаўленьне палаца. Але праз брак грошай рэстаўрацыя ішла павольна, прытым выкарыстоўваліся сучасныя матэрыялы і спрэчныя разьвязкі ў абнаўленьні палаца. Рэстаўратары спрабавалі дадаць элемэнты пачатковага будынку XVI стагодзьдзя ў барокаы выгляд замка, які сфармаваўся ў XVIII стагодьдзi. Афіцыйны беларускі бок неаднойчы атрымліваў прапановы з-за мяжы ў дапамозе рэстаўрацыі замка, але іх адкідалі.

У 2005 годзе ЮНЭСКО ўлучыла палацава-замкавы комплекс Радзівілаў ў Сьпіс сусьветнай спадчыны. Таго ж году Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне купюру наміналам 100 тысячаў рублёў, прысьвечаную Нясьвіскаму палацу. На рэвэрсе банкноты зьмяшчаўся адрэтушаваны малюнак Напалеона Орды, на якой замест радзівілаўскіх арлоў выявілі ўкосныя расейскія крыжы.

У 2012 годзе скончылася рэстаўрацыя палаца. Таго ж году Нацыянальны гістарычна-культурны музэй-запаведнік «Нясьвіж» стаў найбольш наведванай культурнай славутасьцю Беларусі, што прыцягнула 431 000 гасьцей. Найбольшы лік наведнікаў назіраўся ў суботы, калі замежныя падарожнікі прыяжджалі на аўтобусах з усіх 5 сумежных краінаў. Музэй-запаведнік налічваў 230 супрацоўнікаў, сярод якіх пераважалі маладыя археолягі і архівісты. На 2013 год вылучылі 250 000 эўра для папаўненьня музэйных збораў, што было найбольшым паказьнікаў сярод музэяў Беларусі. На кастрычнік 2013 году налічвалася каля 190 аўдыёгідаў па музэі на некалькіх мовах. Пры музэі прадавалі звыш 1000 найменьняў сувэніраў ад 76 пастаўнікоў, сярод якіх пераважалі беларускія вытворцы. У крамах пры музэі пераважна прадавалі кераміку, шкло, саломку, друкаваныя вырабы і шакаляд, у тым ліку шакалядкі «Чорная панна Нясьвіжа».

Каардынаты: 53.222721, 26.692175.

Уязная брама

Ровы з вадой вакол замку

Вiдарыс з боку Дзiкай сажалкi

Заходняя абарончыя вежа

Галоўны фасад

Картуш з гербам Радзівілаў

Вiдарыс з Паляўнiчай залi

⟵ Previous Part. Part 1
The City Niaśviž (Nyasvizh)

Next Part. Part 3. ⟶
Niaśviž Castle (Nesvizh Castle). Interiors