Salihorsk district

Čyževičy

Чыжэвічы – вёска, якая прымыкае з поўначы да Салiгорску, фактычна з’яўляючыся яго паўночным прыгарадам. Чыжэвічы – цэнтар Чыжэвіцкага сельсавету. За 10 кiлямэтраў на захад ад Чыжэвічаў праходзіць аўтамабільная дарога Р23 (Менск – Мікашэвічы). Каля вёскі працякае рака Рутка.

Недалёка ад Чыжэвічаў была Тамілава Гара, якая цяпер пахаваная пад тэрыконамі. У пачатку ХХ стагодзьдзя сярод мясцовых жыхароў хадзiлi гісторыі пра невядомага француза, стомленага ад вайны і спачыўшага на вяршыні гэтай гары, а таксама пра швэда, які закапаў на гары тры бочкі з золатам, і ня простыя бочкі, а на залатых колцах. Як вядома, залатая бочка на колцах у сусветнай міталёгіі лічыцца сымбалем Сонца. Таму, верагодна, што тут некалі спраўлялі культ гэтага сьвяціла.

Недалёк ад вёскi знаходзiцца Сьвідравая вышка, зь якой 9 ліпеня 1949 року сьвідраўнікі брыгады А. І. Несьцерава Паўднёва-Беларускай геолягавыведнай партыі вынялі з глыбіні 349,5 мэтру калійную соль.

Пакроўская царква i царква Сьвятога Яна Хрысьцiцеля

Да 1795 года ў вёсцы Чыжэвічы царквы не было ўвогуле, мясцовасьць адносілася да прыходу вёскі Іздрашава, дзе з даўніх часоў існавала праваслаўная Пакроўская царква, але ў 1678 годзе саксонскія войскі спалілі гэтую царкву. У 1795 годзе, па загадзе імператрыцы Кацярыны II, у вёсцы Чыжэвічы была пабудаваная Сьвята-Пакроўская царква. У 1807 годзе царква згарэла, але хутка была адноўленая сіламі парафіян і ў 1808 годзе зноў адкрыта. На працягу ўсяго XIX стагоддзя будынак неаднаразова рамантаваўся. Прыход царквы быў досыць шырокі, у яго ўваходзіла 7 бліжэйшых паселішчаў: Чыжэвічы, Мяцявічы, Кулакі, Іздрашава, Дубеі, Заброцкія і Стомагілы, што агулам складала каля 2000 вернікаў.

У 1861 годзе, ужо ў часы праўленьня Аляксандра II, у час паўсюднай адмены прыгоннага права, была ўзведзеная званіца з 12 званамі. Вышыня званіцы – 27 мэтраў. З прыростам колькасьці вернікаў у 1885 годзе храм зведаў яшчэ адну перабудову. Аднак праз некаторы час паўстала пытаньне новага будаўніцтва і ў 1911 годзе быў праведзены чарговы рамонт.

У 1913 настаяцелем Сьвята-Пакроўскай царквы стаў Іаан Панкратовіч, ён быў апошнім настаяцелем перад закрыццём храма ў 1934 годзе савецкімі ўладамі. Іканастас XIX стагоддзя быў спалены на цэнтральнай плошчы перад храмам. Таемна ад уладаў, протаіерэй Іаан працягваў несьці сваю службу, а таксама заклікаў сваіх вернікаў выказваць цьвёрдую нязгоду з дзеяньнямі ўладаў і падпісацца за аднаўленьне набажэнстваў, за што быў арыштаваны. У кастрычніку 1934 года протаіерэй Ян быў расстраляны ў горадзе Слуцку.

Да 1942 года будынак царквы выкарыстоўваўся савецкімі ўладамі ў якасці збожжасховішча, а ў гады Другой сусьветнай вайны, па просьбе прыхаджан, камендант Слуцка дазволіў зноў адкрыць храм, і ў ім пачалі праводзіцца ранейшыя набажэнствы. Пасля заканчэньня вайны, у 1945 годзе, у Свята-Пакроўскі храм былі дастаўлены званы і астатняе начынне са Старобінскай Свята-Мікольскай царквы. У 1986 намаганьнямі прыхаджанаў і протаіерэя Мікалая храм быў значна рэстаўраваны.

З 1992 па 1995 год на тэрыторыі двара храма вялося будаўніцтва хрысьцільнага храма ў гонар Яна Прадцечы, таксама быў пабудаваны адміністрацыйны будынак, які выкарыстоўваецца ў якасьці бібліятэкі і для заняткаў нядзельнай школы.

Каардынаты: 52.8023664, 27.540482.

Пакроўская царква

Адміністрацыйны будынак