Salihorsk district

Starobin

Старобін – мястэчка гістарычнай Случчыны на рацэ Случы, цэнтар сельсавету Салігорскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год складала 6.287 чалавек. Знаходзіцца за 12 кiлямэтраў на поўдзень ад чыгуначнай станцыі Салігорск, за 145 кiлямэтраў ад Менску. Праз Старобiн праходзяць аўтамабільныя дарогі на Салігорск, Любань, Мікашэвічы.

Паводле адной з вэрсія айконім Старобін утвораны ад славянскага стар- і кабардынскага бін (бын) «сям’я».

Упершыню Старобін упамінаецца ў ХVІ стагодзьдзі як слабада Слуцкага княства. У розныя часы мясьціна знаходзілася ў валоданьні князёў Алелькавічаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў, Гагенлёэ.

Падчас маскоўска-літоўскай вайны 1654–1656 гадоў Старобін быў дазорным пунктам слуцкага гарнізона князя Багуслава Радзівіла.

У 1654 годзе Старобін атрымаў права на штотыднёвы торг і 4 штогадовыя кірмашы, пад 1680 годам ён ўпамінаецца як мястэчка Наваградзкага ваяводзтва. У 1791 годзе мястэчка стала цэнтрам воласьці Случарэцкага павету.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Старобін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слуцкім павеце Менскай губэрні. З 1863 году тут працавала народная вучэльня і паштовая станцыя. На 1886 год у мястэчку было 62 двары, валасная ўправа, 2 царквы, школа, 3 юдэйскія школы, піваварня, 2 крамы. У канцы ХІХ стагодзьдзя ў Старобіне было 108 дамоў, 724 жыхары.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Старобін занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Старобін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. З 17 ліпеня 1924 да 25 сьнежня 1962 году мястэчка было цэнтрам аднайменнага раёну. 27 верасьня 1938 году Старобін атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

25 сьнежня 1962 году Старобін увайшоў у склад Любанскага раёну, 7 сакавіка 1965 году – Салігорскага раёну.

Царква сьвятога Мiкалая

У 1879 годзе на сродкі князя Вітгенштэйна была пабудаваная царква. У савецкі час яе перарабілі ў клуб, які 1982 годзе згарэў.

4 красавіка 1990 года была зарэгістраваная рэлігійная грамада. Пад царкву мясцовымі ўладамі быў перададзены будынак старога жытловага дому. 25 лістапада 1990 года храм быў асьвечаны. У 1994 годзе ў царкве быў зроблены рамонт.

Каардынаты: 52.731737, 27.461827.

Царква Сьвятога Яна Прадцечы

У XVII стагоддзі ў Старобіне было дзве царквы, адна зь іх – у гонар апостала Яна Прадцечы. У 1876 годзе царкву разабралі і перанеьслі з царкоўнага пагоста ва ўрочышча Падброды. У савецкі час царкву разабралі і павезлі ў вёску Кулакі, дзе зь яе зрабілi клюб.

У 2006 годзе было пачата новае будаўніцтва. 1 сакавіка 2014 года мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел асьвяціў новы храм.

Каардынаты: 52.724455, 27.463208.