Salihorsk district

Vyzna (Čyrvonaja Słabada)

Вызна (з 1923 году – Чырвоная Слабада) – мястэчка на рацэ Вызенцы, цэнтар сельсавету Салігорскага раёну. Насельніцтва на 2018 год складала 3.879 чалавек. Знаходзіцца за 30 кiлямэтраў ад Салігорску. Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка з Лунінцом, Слуцкам, Салігорскам.

Вызна – даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны (частка Наваградчыны). Упершыню Вызна ўпамінаецца ў XVI стагодзьдзі як вёска Слуцкага княства, што знаходзілася ў валоданьні Алелькавічаў. У 1612 годзе мястэчка перайшло да Радзівілаў. З 1793 году Вызна належала Вітгенштэйнам, пазней Гогенлоэ.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Вызна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Слуцкага павету. Мясьціна сьпярша знаходзілася ў валоданьні Вітгештэйнаў, пазьней Гогенлёэ. У 1877 годзе згарэла царква Сьвятога Мікалая. У 2-й палове XIX стагодзьдзя ў мястэчку было каля 120 двароў.

Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Вызьне дзейнічалі царква, капліца і 2 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі пачатковая школа, народная вучэльня і лякарня. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзяў у мястэчку дзейнічалі 2 сынагогі, працавала лякарня і 5 крамаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Вызну занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вызна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Вызьненскай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР. За часамі Слуцкага збройнага чыну (1920 год) праз Вызну праходзіла лінія абароны Грозаўскага палку Беларускай Народнай Рэспублікі. Да здушэньня паўстаньня мясцовую ўладу ажыцьцяўлялі сілы БНР. У 1923 годзе бальшавікі пераназвалі мястэчка ў Чырвоную Слабаду. У 1924 годзе Вызна стала цэнтрам Чырвонаслабодзкага раёну. У 1938 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 30 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

З 1959 году Вызна знаходзілася ў складзе Старобінскага, з 1962 году – Любанскага, з 1965 году – Салігорскага раёну.

Царква сьвятога Георгiя Канiскага (Георгiя Магiлёўскага)

Царква пабудаваная ў перыяд з 1990 па 1997 годы на месцы разбуранага бальшавікамі ў 1936 годзе храма сьвяціцеля Мікалая Цудатворцы.

Каардынаты: 52.856290, 27.168595.