Słucak district

Słucak

Слуцак – места на рацэ Случы, адміністрацыйны цэнтар Слуцкага раёну Менскай вобласьці. Знаходзіцца за 105 кiлямэтраў на поўдзень ад Менску. Вузел чыгунак на Асіпавічы, Баранавічы, Салігорск. Праз места праходзяць аўтамабільныя дарогі на Менск, Бабруйск, Івацэвічы, Салігорск. Насельніцтва на 2018 год скадала 61.818 чалавек.

Слуцак – магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Наваградчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Колішняя рэзыдэнцыя князёў Алелькавічаў, якая за Радзівіламі стала цэнтрам вытворчасьці шаўковых паясоў, аднаго з сымбаляў беларусаў.

Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мескія ўмацаваньні з трыма мураванымі брамамі, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама царква Сьвятой Тройцы, касьцёл Сьвятога Антонія, кальвінскі збор і сынагога, помнікі архітэктуры XVII–XIX стагодзьдзяў, зьнішчаныя савецкімі ўладамі. Апроч таго, у месьце знаходзілася вялікая колькасьць помнікаў традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры.

Тапонім Слуцак утварыўся ад назвы ракі Случы. У сваю чаргу, гідронім утварыўся ад слова лука – ‘выгін ракі, лукавіна’ (злуч, злучына). Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Случеск, Слуцек.

У сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) старажытны тапонім аформіўся з устаўным «а» ў канцавым спалучэньні -цк – Слуцак, што адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў. Пісьмовае выкарыстаньне гэтай формы пачалося ў канцы XIX стагодьдзi у новым беларускім правапісе, які грунтаваўся на фанэтычным прынцыпе. Пазьней у 1920-я гады форма Слуцак як нарматыўная пачала шырока ўжывацца ў БССР да палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году, а таксама ў Заходняй Беларусі да падзеяў 1939 году. Складальніца афіцыйнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» мовазнаўца Валянціна Лемцюгова прызнае, што форма Слуцак ужываецца ў вуснай мове беларусаў на працягу многіх стагодзьдзяў. Разам з тым яна сьцьвярджае, што гэтая форма не вытлумачваецца фанэтычнымі законамі беларускай мовы. Тым часам мовазнаўца Юрась Бушлякоў паказваў на тое, што ўстаўны гук [а] у назвах местаў адпавядае ўстаўным гукам [э] і [о] у шэрагу беларускіх словаў: Зьміцер, вецер, вузел, журавель, карабель, бабёр, віхор і іншых. Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назвы места – Слуцк.

Першым пісьмовым упамінам пра Слуцак традыцыйна лічыцца запіс у «Аповесьці мінулых гадоў»: «В лѣто 6624. Приходи Володимеръ на Глѣба; Глѣбъ бо бѧше воевалъ Дрѣговичи и Случескъ пожегъ…». Між тым, у некаторых гістарычных крыніцах існуюць ўпаміны Слуцку, ранейшыя за 1116 год, якія ня маюць спасылак на дакумэнты: паводле зьвестак кіеўска-пячэрскага архімандрыта Ёсіфа Трызны (XVII стагодьдзе), Уладзімер Сьвятаславіч надаў Тураўскай япархіі ў 1005 годзе разам зь іншымі гарадамі і Слуцак.

У 1160 годзе Слуцак стаў сталіцай удзельнага Слуцкага княства, першым князем якога быў Уладзімер Мсьціславіч, унук Уладзімера Манамаха. Княжаньне яго доўжылася два гады, па чым яго зрынула група князёў, ачоленых Расьціславам Мсьціславічам, ягоным братам і кіеўскім князем. На кароткі час Слуцкае княства ўвайшло ў склад Тураўскага, але ў 1190-я гады канчаткова адасобілася ад іншых.

У першай палове XIV стагодьдзя Слуцкае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Уладзімер Альгердавіч, брат Ягайлы, замест Кіеўскага княства атрымаў меней магутнае Слуцкае. Алелькавічы, нашчадкі Ўладзімера Альгердавіча, валодалі княствам у 1395–1612 гадох. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV стагодьдзя) Слуцак значыцца сярод «літоўскіх» замкаў.

У XV стагодьдзi Слуцак стаў адным з буйных фэадальных гарадоў. Тут існавалі Верхні, Ніжні і Новы замкі. Узрасла роля Слуцку ў палітычным жыцьці Вялікага Княства Літоўскага. У 1433 годзе места было цэнтрам выступленьня незадаволеных фэадалаў супраць вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча. У 1481 годзе тут сплянавалі і распачалі выступленьне ўжо супраць Казімера Ягайлавіча.

Комплекс Верхняга і Ніжняга замкаў

Слуцкая фартэцыя. 1711-1736

У грамаце 1441 году кароль і вялікі князь Казімер пералічыў 15 найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага, сярод якіх значыўся Слуцак. 21 красавіка 1441 году трэцім зь местаў сучаснай Беларусі яму надалі Магдэбурскае права паводле граматы. Слуцак таксама стаў першым прыватнаўласьніцкім местам, які атрымаў права на самакіраваньне, бо ўсе папярэднія належалі да дзяржаўнага скарбу. Органам самакіраваньня зьяўляўся магістрат, ачолены войтам і бурмістрамі.

Улетку 1502 году адбыўся першы набег татараў на Слуцак. Князь Сямён Алелькавіч з ваяводам падольскім Янам Бучацкім разьбілі загон татараў колькасьцю 150 чалавек (паводле зьвестак Хронікі Літоўскай і Жамойцкай – 1500) на рацэ Вушы пад Бабруйскам. У Хроніцы Быхаўца, частцы трэцяй, ёсьць зьвесткі на гэты конт: «Тою ж восеньню прыйшла вестка каралю Аляксандру, што татары, перайшоўшы раку Прыпяць, ваююць па воласьцях. І кароль напісаў да князя Сямёна Міхайлавіча Слуцкага і паслаў яму на дапамогу ваяводзіча падольскага Яна Бучацкага, а зь ім дваран сваіх літоўскіх ды рускіх і радцаў нямала. Князь жа Сямён Слуцкі з панам ваяводзічам і з усімі вышэйназванымі дваранамі гналіся за татарамі і дагналі некаторых за Бабруйскам, за шэсьць міляў ад гораду, на рацэ Вушы. Было іх усяго паўтары сотні. І, дагнаўшы, пабілі іх і назад вярнуліся.»

5 жніўня 1506 году, у час аднаго з наступных набегаў, войска Вялікага Княства Літоўскага на чале зь Міхалам Глінскім ўшчэнт разьбіла крымскіх татараў пад Клецкам.

З 1507 году Слуцак увайшоў у склад Наваградзкага ваяводзтва, у гэты час тут існавалі замкавы суд і паспалітае рушаньне. У 1508 годзе князь Міхал Львовіч Глінскі ўчыніў фэадальны мяцеж, у час якога Слуцак быў спалены, акрамя замка. З прычыны разбурэньня места і зьнішчэньня большай часткі ягонага насельніцтва татарамі, а таксама паўстаньня князь слуцкі Сямён Алелькавіч адклікаў права на самакіраваньне.

Па сьмерці Юрыя Алелькавіча (1578 год) у 1582 годзе Слуцак падзялілі паміж сабой тры ягоныя сыны на тры часткі: Старое Места, Новае Места і Востраў (прадмесьце па-за мескімі ўмацаваньнямі) – у кожнай зь якіх быў свой князь і войт. Такім чынам, места кіравалася трыма князямі і трыма войтамі. Слуцак быў зноў аб’яднаны ў 1592 годзе: па сьмерці Юрыя ў траўні 1586 году, Аляксандра – у чэрвені 1591 году і Яна Сямёна – у сакавіку 1592 году ўся спадчына дасталася малалетняй дачцы Ю. Алелькавіча Соф’і, якую апякаў спачатку Юры, а потым яго брат Геранім Хадкевіч. Соф’я Алелькавіч, апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў, памерла 19 сакавіка 1612 году ў час родаў, нарадзіўшы нежывое дзіця, па чым ўся маёмасьць перайшла да яе мужа Януша VI Радзівіла.

У траўні 1617 году ў Слуцку заклалі кальвінскую гімназію, якую адкрылі ў 1624 годзе. Таго ж году таксама адкрылася школа для месьцічаў. У 1630–1640 гады Багуслаў Радзівіл ператварыў Слуцак у места-фартэцыю; пры княскім двары вёўся Слуцкі летапіс, існавала бібліятэка, на падставе кніг і летапісу якой напісаў сваю «Хроніку» Мацей Стрыйкоўскі.

На просьбу жыхароў Слуцку, перададзеную Багуславам Радзівілам каралю 27 жніўня 1652 году, места паўторна атрымала Магдэбурскае права, пацьверджанае 24 сакавіка 1653 году соймам Рэчы Паспалітай. Згодна з прывілеем, Слуцку таксама надалі герб. Паводле адных зьвестак, гэта была «Пагоня» («у чырвоным полі на белым кані збройны рыцар імчыцца ўлева»). Згодна зь іншымі крыніцамі, места атрымала герб «Пагоньчык» («у блакітным полі срэбны конь з крыламі; на чырвонай гуньцы пад княскай каронай манаграма Radzivil Dux»; таксама разглядаецца вэрсія, што манаграма расшыфроўваецца як Boguslaus Radzivil Dux), што таксама пацьвярджаецца знаходжаньнем гэтага гербу на мескай пячатцы ў XVII–XVIII стагодзьдзях.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) маскоўскія войскі некалькі разоў спрабавалі захапіць места, але здабыць яго так і ня здолелі. Хоць сам Слуцак ня быў разбураны, аднак захопнікі спалілі і зруйнавалі ягоныя прадмесьці. У той час грамадзка-палітычная сытуацыя ў Слуцку была нестабільнай, што прыводзіла да выступленьняў супраць уладаў места. Гэтак, у 1661 годзе мяшчанаў незадаволіла ўвядзеньне новага гандлёвага падатку. У 1684, 1685, 1695 і 1699 гадох адбыліся выступленьні жыхароў.

З 1672 годзе ў Слуцку працавала друкарня, перавезеная сюды зь Мітавы. На ёй друкаваліся як кнігі рэлігійнага зьместу, гэтак і сьвецкая літаратура, календары, геаграфічныя даведнікі. У 1673–1687 гадох з друкарні выйшла 23 кнігі агульным накладам 24 200 асобнікаў. Аднак у 1705 годзе яе перавезьлі ў Каралявец.

У Вялікую Паўночную вайну Слуцак тройчы наведваў маскоўскі гаспадар Пётар I, а 12 траўня 1706 году ў месьце спыняўся швэдзкі кароль Карл XII. У гэты час тут праходзіў Генэральный сынод пратэстантаў Вялікага Княства Літоўскага.

На 1683 год у Слуцку працавала 16 рамесных цэхаў (у 1777 годзе – 18). У 1730–1740-я гады ў месьце ўзьніклі суконная, палатняная мануфактуры, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў. У XVII стагодьдзi у Слуцку зьявілася першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі аптэка.

20 сакавіка 1767 году ўтварылася Слуцкая канфэдэрацыя, мэтай якой было прымусіць Станіслава Аўгуста Панятоўскага ўраўнаць у правах канфэдэратаў і каталіцкую шляхту. Фактычна мэтай гэтай канфэдэрацыі, як і Торунскай пратэстанцкай і Радамскай каталіцкай канфэдэрацыяў, была дэстабілізацыя ўнутранага становішча Рэчы Паспалітай. Канфэдэрацыю прыняла пад «найвышэйшую пратэкцыю» Кацярына II, расейская імпэратрыца.

Па падпісаньні канвэнцыі аб другім падзеле Рэчы Паспалітай 23 студзеня 1793 году Слуцак разам зь іншымі местамі Вялікага Княства Літоўскага апынуўся пад уладай Расейскай імпэрыі, дзе ў якасьці павятовага цэнтру ўвайшоў у склад Менскай губэрні. Новыя ўлады пайшлі на паступовае выкараньне практыкі прыватнаўласьніцкіх местаў і мястэчак, што было неўласьціва самой Расеі. Працэс набыцьця дзяржавай Слуцку цягнуўся амаль паўстагодзьдзя. Дамінік Радзівіл, уласьнік Слуцку ў пачатку XIX стагодьдзя, прапанаваў міністру ўнутраных справаў Аляксею Куракіну адкласьці выплату доўгу на 15 гадоў з дазволам набыць Слуцак. Але ў вайну 1812 году Д. Радзівіл перайшоў на бок Напалеона і браў удзел у кампаніі супраць Расейскай імпэрыі. Улетку 1813 году расейскія ўлады сэквэстравалі ўсю ягоную ўласнасьць, а 11 лістапада на бітве пад Ханаў у Францыi Д. Радзівіл загінуў. У 1814 годзе ўсю маёмасьць вярнулі ягоным сваякам – дачка Стэфанія атрымала Слуцак і Капыль. Па сьмерці Стэфаніі Радзівіл у 1832 годзе ўся маёмасьць, у тым ліку і Слуцак, перайшла да яе мужа – Людвіга Вітгенштэйна. Па некалькіх гадох ліставаньня 10 сьнежня 1846 году места набылі ў дзяржаўны скарб за 342.821 рубель срэбрам.

У 1823 годзе быў складзены плян забудовы Слуцку, які прадугледжваў упарадкаваньне вулічнай сеткі, будаваньне новых будынкаў, зьліцьцё цэнтру з ускраінамі. У 1831 годзе завяршылася будаваньне дзялянкі Маскоўска-Варшаўскай шашы, што праходзіла праз Слуцак і павет (работы на самой шашы скончыліся ў 1846 годзе).

У 1896 годзе распачалося будаваньне чыгуначнай лініі Асіпавічы – Слуцак, але на 1904 год лінію давялі толькі ад Асіпавічаў да Ўрэчча. Работы на чыгунцы скончыліся толькі ў 1915 годзе. Таксама існавала вузкакалейная чыгунка да Ляхавічаў. Да гэтага пасажыры перавозіліся ў адных зь першых на тэрыторыі сучаснай Беларусі аўтобусах. У часе выбараў у 1909 годзе ў мескую раду абралі 10 праваслаўных, 4 каталікоў і 1 юдэя.

Этнограф і фальклярыст Аляксандар Сержпутоўскі засьведчыў бытаваньне на Случчыне ў канцы XIX – пачатку XX стагодзьдзяў саманазвы «ліцьвіны». Бытаваньне ў гэты час саманазвы «ліцьвіны» таксама засьведчыў беларускі паэт і эміграцыйны дзяяч Аляксандар Яцэвіч (Алесь Змагар). Яшчэ ў 1808 годзе ў матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэтуту адзначыўся Cichanski Alexander aus Sluczk in Russia Lithuan.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Слуцак занялі войскі Нямецкай імпэрыі. Таго ж году ў месьце дзеяў Беларускі нацыянальны камітэт, адкрылася беларуская гімназія.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Слуцак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце ўтварылася Беларуская рада, а жыхары Слуцку і Вязьненскай, Грэскай, Кіявіцкай, Круговіцкай, Ляхавіцкай, Пагосцкай, Пацейкаўскай, Раманаўскай, Слуцкай, Царэвіцкай і Цялядавіцкай воласьцяў Слуцкага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Слуцак увайшоў у склад Беларускай ССР. Таго ж году пачала дзеяць культурна-асьветніцкая арганізацыя «Папараць-кветка». 10 жніўня 1919 году Слуцак занялі польскія войскі, а 15 верасьня яго ўлучылі ў склад Грамадзкай управы Ўсходніх земляў (ГУУЗ), часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі; цэнтар павету Менскай акругі ГУУЗ. 15 ліпеня 1920 году Слуцак занялі бальшавікі.

У лістападзе – сьнежні 1920 году на Случчыне адбылося ўзброенае антыбальшавіцкае паўстаньне, мэтай якога была абарона незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі; Слуцкі збройны чын жорстка здушыла Чырвоная Армія. У 1924 годзе Слуцак стаў цэнтрам акругі і раёну. 27 верасьня 1938 году ён атрымаў статус места абласнога падпарадкаваньня. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 30 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху, у час якой дзеялі 3 лягеры сьмерці. Агулам нацысты зьнішчылі больш за 25 тысячаў чалавек, а жыдоўскае насельніцтва Слуцка было амаль цалкам зьнішчанае.

12 кастрычніка 1967 году ў Слуцку прайшлі масавыя хваляваньні, у час якіх жыхары места спалілі будынак савецкага суду. У 2003 годзе знайшлося страчанае ў апошнюю вайну Слуцкае Эвангельле, якое ўпершыню трапіла ў Слуцак 22–24 траўня 2009 году.

* * *

Страчаная спадчына Слуцка

Фарны касьцёл

Літаратурныя крыніцы XIX стагодьдзя (са спасылкай на народнае паданьне) адносілі будаўніцтва Фарнага касьцёлу ў Слуцку да 1419 году. Асьвечаны храм быў у 1439 годзе віленскім біскупам Мацьвеем. Да гэтага ж года адносіцца і прывілей на ўтрыманьне першага пробашча, якім стаў той жа канонік Мацьвей. Пабудавалі храм на сродкі вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча. Асьвячэньне адбылося ў часы, калі князь слуцкі Аляксандар Алелька за ўдзел у магнацкіх усобіцах быў пазбаўлены волі і знаходзіўся ў вязніцы ў горадзе Кернаве, а край быў аддадзены ў часовае кіраваньне князю Міхаілу, сыну Жыгімонта Кейстутавіча.

Размяшчаўся касьцёл у Старым горадзе на гандлёвым пляцы насупраць замка, у пачатку Востраўскай вуліцы. Пазьней, калі плошчу перанеслі ў іншае месца і тут з’явіўся Ніжні замак, гэту частку горада сталі называць «Падзамчышча». У дакумэнтах XV стагодьдзя касьцёл згадваецца пад імем сьвятога Міхала Арханёла.

Падчас татарскіх нападаў, што адбыліся на пачатку XVI стагодьдзя, храм мог быць пашкоджаны, а потым, хутчэй за ўсё да 1538 году, адрамантаваны. Гэтым можна тлумачыць словы даследчыка Андрэя Сьніткі, які на пачатку ХХ стагодьдзя пісаў, што слуцкія каталікі мелі храм, заснаваны ў першай палове XVI стагодьдзя пры князі Юрыі Сямёнавічы Алелькавічы. Хаця іншы аўтар ХІХ стагодьдзя адзначаў, што ад заснаваньня да 1840-х гадоў касьцёл уцалеў ад вогнiшчаў.

Фарны касьцёл, Вуліца Фарская. 1879 г.

У разгар рэфармацыйнага руху, калі Слуцак ператварыўся ў сапраўдную сталіцу літоўскіх пратэстантаў і ў горадзе значна ўзрасла колькасьць прыхільнікаў рэфармацыйных накірункаў, а католікаў засталося мала, касьцёл на нейкі час быў ператвораны ў кальвінскі збор. Відавочна, што адбылося гэта ў 1650-я гады, у часы кіраваньня князя Багуслава Радзівіла, калі пад кіраўніцтвам яго стрыечнага брата вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла ішла праца па стварэньні Кейданскай уніі ВКЛ са Швэцыяй.

Пасля паразы прыхільнікаў уніі і перамогі контррэфармацыі пачалася барацьба слуцкіх каталікаў за вяртаньне касьцёла, якая завяршылася паспяхова. З тых часоў у іх з’явілася і доўгі час заставалася папулярнай прымаўка: «Слуцкая фара старэйшая за кальвінскую веру» (польск.: Starsza słucka fara, niż kalwińska wiara). Падчас згаданых пераходаў храма з адных рук у другія маглі адбывацца змяненьні яго выгляду і інтэр’ера, верагодна, вяліся і будаўнічыя работы. Нездарма ў некаторых дакументах, што адносяцца да 1660 году, калі ў храме зноў распачаліся каталіцкія набажэнствы, слуцкі касьцёл нават згадваецца як новапабудаваны.

У 1666 годзе Казімір Клакоцкі пры касьцёле заклаў шпіталь, які знаходзіўся пад апекай брацтва святой Ганны. Гэта быў невялікі дом з каплічкай паблізу Бычка, дзе даглядаліся хворыя і састарэлыя парафіяне. У ХVІІ–ХVІІІ стагодьдзях пры касьцёле дзейнічала школа.

У 1819 годзе мясцовыя каталікі шырока адзначылі 400-гадовы юбілей храма. Апошні касьцёльны рамонт адбыўся ў 1838 годзе, а ў 1843 годзе сюды паставілі новы арган і размясьцілі новыя абразы. Дзейнічаў фарны касцёл да 1852 году. Пасьля гэтага ўлады касьцёл закрылі, а пазней разабралі.

Фарны касьцёл. Вуліца Фарская. 1909

Касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага і кляштар бэрнардынаў

Касьцёл сьвятога Антонія Падуанскага і кляштар бэрнардынаў – помнік архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў. Знаходзіцца ў цэнтры места на гістарычнай Усьцінаўскай вуліцы, на беразе ракі Случы. Твор архітэктуры барока. Комплекс Слуцкага бэрнардынскага кляштару складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зруйнавалі будынак касьцёла (захаваліся падмуркі). У наш час кляштарны корпус знаходзіцца ў занядбаным стане.

У 1661 годзе старостам мазырскі Самуэль Аскерка запрасіў у Слуцак манахаў-бэрнардынаў і перадаў ім пляц, разьмешчаны насупраць старога замка. Тут збудавалі драўляны касьцёл, капліцу і кляштарны корпус. У 1734 годзе ў будынках праводзілася рэканструкцыя.

У 1770 годзе (паводле іншых зьвестак, у 1793 годзе) на месцы драўлянага пачалося будаваньне мураванага кляштарнага корпуса.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Слуцак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У 1812 годзе згарэў драўляны касьцёл, па чым пачалося будаваньне мураванай сьвятыні. Была  пабудаваная 1-нэфавая базыліка пад 2-схільным дахам.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) расейскія ўлады гвалтоўна ліквідавалі кляштар, касьцёл перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), кляштарны корпус прыстасавалі пад вайсковыя кашары. У 1852 годзе будынак касьцёла вярнулі каталікам.

У 1933 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл. У былым кляштарным корпусе разьмясьціўся вайсковы камісарыят, пазьней – шпіталь. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зруйнавалі касьцёл.

Каардынаты: 53.028276, 27.558853.

Касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага і кляштар бэрнардынаў. Вуліца Усьцінаўская. Я. Кругер. 1921

Трайчанскі манастыр

Манастыр Сьвятой Тройцы або Трайчанскі манастыр – помнік архітэктуры XVII–XIX стагодзьдзяў. Знаходзіцца на левым беразе ракі Случы, у прадмесьці Трайчанах, на Віленскай вуліцы. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, пазьней – у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Крыжова-купальная ў пляне базыліка – твор архітэктуры барока і клясыцызму. Комплекс складаўся з саборнай царквы Сьвятой Тройцы, цёплай царквы Зьвеставаньня Багародзіцы, манастырскага корпуса зь цёплай царквой Яна Багаслова, будынка духоўнай сэмінарыі, гаспадарчых пабудоваў і мура з брамай. У сярэдзіне XX стагодьдзя савецкія ўлады зруйнавалі большую частку комплексу, да нашага часу захаваўся толькі будынак духоўнай сэмінарыі.

Першы пісьмовы ўпамін пра манастыр датуецца 1455 годам. Лічыцца, што ў 1505 годзе пры манастыры збудавалі Траецкую царкву, што аднак не пацьвярджаецца дакумэнтальна. У 1654 годзе царква была ўжо мураванай, астатнія пабудовы – драўлянымі. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспаліта (1654–1667) маскоўскія захопнікі і казакі спустошылі і зруйнавалі манастыр, Траецкую царкву практычна цалкам зьнішчылі. Тагачасны ўладальнік Слуцку князь Багуслаў Радзівіл у 1667 годзе фундаваў адбудову манастыра і царквы, а жыхары места (пераважна купцы і шляхта) у 1668–1669 гадох рабілі ўнёскі на мураваньне царквы.

У Вялікую Паўночную вайну (1700–1721) Траецкую царкву зноў зруйнавалі. У 1785–1788 гадох яе адбудавалі на заказ слуцкага архімандрыта Віктара Садкоўскага паводле праекту і пад кіраўніцтвам Шаі Турава, слуцкага мяшчаніна, у стылі барока. Пры манастыры дзейнічала школа граматы і рамёстваў. З 1785 году на тэрыторыі комплексу разьмяшчалася духоўная сэмінарыя.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год) калі Слуцак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, манастыр канчаткова перайшоў у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Тады ж тут разьмясьцілася Менская духоўная сэмінарыя.

У 1867 годзе ў манастыры збудавалі новы корпус зь цёплай царквой Сьвятога Яна Багаслова, у 1868 годзе над мураванай уваходнай брамай надбудавалі цёплую царкву Зьвеставаньня Багародзіцы.

У рэвалюцыю 1917 году бальшавікі абрабавалі манастыр, а архімандрыта Апанаса (Вячорку) выслалі. У траўні 1926 году манахі падтрымалі архіяпіскапа-абнаўленца Данііла Грамавенку, які 5 верасьня прыбыў у Слуцак. 21 лютага 1930 году савецкія ўлады зачынілі манастыр. Найбольш каштоўныя рэчы з манастыра забралі ў музэй, астатняе разрабавалі. Канчатковае зьнішчаэньне манастырскага комплексу завяршылася ў 1950-я гады.

У наш час на тэрыторыі манастыра разьмяшчаецца вайсковае мястэчка. У 1994 годзе тут паставілі памятны крыж.

Каардынаты колiшняга манастыра: 53.016095, 27.544669.

Трайчанскі манастыр. Напалеон Орда, 1864–1876

Халодная сынагога

Юдэйская грамада ў Слуцку існавала з пачатку XVIII стагодьдзя. Мураваную Халодную сынагогу ў стылi архітэктуры барока збудавалі цэнтры места, на Школішчы, ў канцы XVIII стагодзьдзя коштам купецкага роду Ізерлісаў: Абрама і яго сына Еўны. У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі сынагогу і перарабілі яе будынак пад хлебапякарню. За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1943 годзе будынак зруйнавалі.

Школiшча. Халодная сынагога. Я. Кругер. 1921

Школiшча. Халодная сынагога. 1901–1917

Харальная сынагога

Харальная сынагога – помнік архітэктуры другой паловы XIX стагодзьдзя. Знаходзілася ў цэнтры места, на рагу вуліцаў Віленскай і Садовай. Твор архітэктуры эклектыкі.

У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі сынагогу і перарабілі яе будынак пад кінатэатар «Радзіма». За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1944 годзе будынак зруйнавалі.

Каардынаты колiшняй сынагогi: 53.029968, 27.546180.

Кальвінскі збор з будынкам гімназіі

Слуцкі кальвінскі збор – помнік архітэктуры XIX стагодьдзя. Знаходзіўся ў Новым Месьце, на гістарычнай Сэнатарскай вуліцы. Твор архітэктуры рэтраспэктыўна-гатычнага стылю. Слуцкі кальвінскі збор – катэдра Літоўскай правінцыі. Утвараў адзіны ансамбль з будынкам гімназіі. Наяўнасьць элемэнтаў раманскага, гатычнага і клясыцыстычнага стыляў, сьведчыць пра эклектычны характар помніка.

У 1617 годзе князь Януш Радзівіл збудаваў на беразе ракі Случы драўляны збор. Будынак неаднойчы аднаўляўся па пажарах. Відаць, некалькі разоў стары будынак замяняўся новым. Як паведамляюць крыніцы, кальвіністы часам мелі два зборы: «…ідучы ад замку, праз мост малы да Новага Места… на левым баку… над ставамі ракі Случы стаяць два зборы, вялікі і малы».

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Слуцак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, збор працягваў дзейнічаць. У 1851 годзе паводле праекту архітэктара К. Хршчановіча замест драўлянага збудавалі мураваны збор.

За савецкім часам збор зачынілі. Помнік пацярпеў у Другую сусьветную вайну, па якой яго дашчэнту зьнішчылі савецкія ўлады.

Кальвiнскi збор i гiмназiя. Вулiца Сэнатарская. Напалеон Орда. 1864–1876

* * *

Сучасная архiтэктура Слуцка

Сабор сьвятога Мiхала Арханёла

Царква сьвятога Міхала Арханёла – помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя, знаходзіцца ў прадмесьці Востраве, на гістарычнай Гасьціннай вуліцы. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер – у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стыляў барока і клясыцызму, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купалоў-цыбулінаў.

Сьпярша царква існавала ў Старым Месьце пад тытулам Сьвятога Канстантына. У канцы XVIII стагодьдзя будынак перанесьлі ў прадмесьце Востраў і паставілі на месцы разабранай у 1795 годзе Міхайлаўскай царквы. Пра выгляд царквы ў XVIII стагодьдзi можна меркаваць з вопісу яе іканастаса. Ён быў 6-ярусным, з 14 абразамі. Відаць, будынак меў невялікую плошчу, а галоўны аб’ём разьвіваўся ў вышыню і складаўся зь некалькіх ярусаў.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Слуцак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква канчаткова перайшла ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У канцы XIX ст. з усходу да яе прыбудавалі вежу-званіцу.

У 2010-я гады, як і іншыя старадаўнія помнікі архітэктуры Беларусі, пацярпела ад рэканструкцыі, у выніку якой аўтэнтычныя купалы-бані над царквой замянілі на маскоўскія цыбуліны.

Каардынаты: 53.030728, 27.578427.

Iнтэр’еры царквы

Сабор сьвятога Мiхала Арханёла. Духоўна-адміністрацыйны цэнтар Слуцкага благачыньня

Вулiца Сафii Слуцкай

Капліца cьвятой пакутнiцы Барбары

Драўляная капліца знаходзіцца ў цэнтры горада каля рэчкі па вуліцы Максіма Багдановіча. Пабудавана ў 1995 годзе. Узведзена як частка заплянаванага ў цэнтры горада саборнага комплекса.

Каардынаты: 53.026074, 27.554411.

Палац шлюбаў

Новы палац шлюбаў адкрыўся ў Слуцку 29 красавіка 2017 года на месцы старога замкавага комплексу і яго валоў. Да гэтага адміністрацыя ЗАГСа знаходзілася ў райвыканкаме, а ўрачыстыя рэгістрацыі шлюбу праводзілі ў Гарадскім доме культуры.

Каардынаты: 53.027623, 27.555373. Адрас: вулiца Сафii Слуцкай, 1

Помнiк Настасьсi Слуцкай каля палацу шлюбаў

Помнiк Сафii Слуцкай

Пляц Ленiна

Вулiца Ленiна, 191…193

Кiнатэатар «Беларусь»

Першы стацыянарны сінематограф з назвай «Эдысан» з’явіўся ў Слуцку ў 1904 годзе. Размяшчаўся ён у будынку гатэля «Брыстоль». Яго зьнесьлі ў сярэдзіне 1980-х гадоў падчас будаўніцтва прыбудовы да «Дома гандлю».

Кінатэатар «Беларусь» па вулiцы Леніна пабудаваны ў 1959 годзе.

Каардынаты: 53.025377, 27.549043.