Smalavičy district

Damašany

Дамашаны – вёска на рацэ Плісе, уваходзяць у склад Азярыцкаслабадзкога сельсавету Смалявіцкага раёну Менскай вобласьці.

Вёска вядомая з XVI стагодьдзя, у інвентары 1588 года згадваецца як сяло ў складзе Смалявіцкай воласьці.

У 1737 годзе сяло перайшло ў валоданьне да Радзівілаў у складзе маёнтка Волма. У 1748 годзе ў Дамашанах адбыліся сялянскія хваляваньні супраць шляхцічаў і мясцовага эканома. Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. Падчас вайны 1812 года жыхары вёскі аказалі супраціў французскім акупантам. У 1816 годзе вёска была аддадзеная ў заклад да Ваньковічаў.

З лютага па сьнежань 1918 года вёска была акупаваная войскамі кайзераўскай Германіі, са жніўня 1919 да ліпеня 1920 года – польскімі войскамі. З 1919 году вёска знаходзіцца ў складзе БССР. У гады Другой сусьветнай вайны з канца чэрвеня 1941 году да пачатку ліпеня 1944 году вёска была акупаваная нямецка-фашысцкімі войскамі.

Праваслаўны жаночы манастыр сьвятога Яна Багаслова

Сьвята-Яна-Багаслоўскі жаночы манастыр знаходзіцца побач з могілкамі. Заснаваны пастановай Сінода Беларускай праваслаўнай царквы ад 14 сьнежня 1997 года і па багаслаўленьні мітрапаліта Філярэта. У 1997 годзе каля могілкавай царквы пачалося будаўніцтва манастыра.

Каардынаты: 54.019204, 27.945085.

Манастыр. Царква ў гонар Ціхвінскага абраза Божай Маці

У 2000 годзе была пабудаваная і асьвечаная драўляная царква ў гонар Ціхвінскага абраза Божай Маці. З’яўляецца помнікам архітэктуры беларускага народнага дойлідзтва.