Smalavičy district

Małyje Lady

Малыя Ляды – вёска на рацэ Волме, уваходзяць у склад Драчкаўскага сельсавету Смалявіцкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год складала 47 чалавек. Вёска знаходзяцца за 34 кiлямэтры ад Смалявічы (лінія Менск – Ворша), на аўтамабільнай дарозе Сьмілавічы – Грабёнка.

Ляды – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барока комплекс базылянскага манастыра з царквой Зьвеставаньня Багародзіцы, помнік архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў.

Упершыню Ляды ўпамінаюцца ў XVIII стагодьдзя як мястэчка Менскага павету Менскага ваяводзтва. Яны знаходзілася ў валоданьні Сангушкаў, з 1791 году – Манюшкаў. У 1731 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў мястэчку прывілей на 2 кірмашы штогод.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Ляды апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ігуменскім павеце Менскай губэрні. У пачатку XIX стагодьдзя пры манастыры зьвілася багадзельня, а ў 1809 годзе з ініцыятывы настаяцеля, гераманаха Мялеція Сержбутоўскага адкрылася 4-клясная духоўна-сьвецкая школа, у якой выхоўваліся і навучаліся дзеці розных станаў. Яе куратарам быў доктар права Казімер Манюшка. У 1834 годзе на базе школы ўтварылася духоўная сэмінарыя (дзейнічала да 1848 году). Па гвалтоўнай ліквідацыі расейскімі ўладамі Грэцка-каталіцкай царквы ў 1839 годзе манастыр перайшоў да Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Лядах было 12 двароў. У 1914 годзе адкрылася народная вучэльня.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Ляды занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ляды абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР.

Царква Дабравешчаньня Багародзіцы (Зьвеставаньня)  і манастыр базылянаў

Царква Дабравешчаньня Багародзіцы (Зьвеставаньня) і манастыр базылянаў – помнік архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў. Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне гістарычнага мястэчка. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду, цяпер – у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры барока. Комплекс Лядаўскага базылянскага манастыра складаецца з царквы і жылога корпуса.

Паводле паданьня, у XVII стагодьдзя аднаму зь жыхароў Малых Лядаў у сьне зьявілася Маці Божая, якая загадала яму збудаваць царкву ў гонар Багародзіцы на месцы зьяўленьня яе абраза. Першую драўляную царкву пры базылянскім манастыры збудавалі ў 1732 годзе з фундацыі ваяводы менскага Крыштапа Станіслава Завішы і яго жонкі Тэрэзы з Тышкевічаў. На ўтрыманьне манастыра Завішы ахвяравалі вёскі Грыву і Слабодку, асобны фальварак і 4 тыс злотых. Пазьней ахвяраваньні на манастыр рабілі ўдава Ігнація Завішы Марцыбэла з Агінскіх (10.00 злотых), Юры Ільлініч і А. Беніцкі.

У 1792 годзе пачалося будаваньне мураванай царквы, якое было скончанае ў 1794 годзе.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), каля Малыя Ляды апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, манастыр працягваў дзеяць як уніяцкі. У 1811–1850 гадох вялося будаваньне мураванага жылога корпуса. Пры манастыры існавалі курсы маральнай тэалёгіі для манахаў, школа для сьвецкіх асобаў (у 1809 годзе – 38 вучняў, у 1819 годзе – 143), шпіталь.

Па гвалтоўнай ліквідацыі Ўніяцкай царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынкі манастыра ў Сьвятога Пасаду і перадалі іх у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Новы манастыр узьвялі ў 3-ю клясу, а школу ператварылі ў павятовую духоўную вучэльню, выпускнікам якога давалася права паступаць ува ўнівэрсытэт. На месцы зьяўленьня цудоўнага абраза паставілі капліцу, да якой штогод учыняліся хрэсныя хады. Манастыр капітальна адрамантавалі ў 1878 і 1898–1899 гадох (пашырылі іканастас, зрабілі новы дах, надбудавалі купал-цыбуліну). У 1900 годзе галоўную царкву манастыра зноў рэканструявалі і асьвяцілі.

У 1918 годзе бальшавікі зачынілі манастыр. У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву. У Другую сусьветную вайну царква зноў пачала дзеяць, але па вайне ў 1950-я гады яе зноў зачынілі.

У 1994 годзе комлекс перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату. У 2000-я гады над дахам царквы надбудавалі вялікі пазалочаны купал-цыбуліну, у вынiку чаго мастацкае аблічча царквы значна пацярпела.

Каардынаты: 53.791241, 28.087814.