Smalavičy district

Minsk National Airport

Стары аэрапорт «Менск-1», які знаходзіўся ў межах места, паступова забудоўваўся з усіх бакоў і меў узьлётна-пасадачную паласу даўжынёй усяго 2.000 мэтраў, што дазваляла прымаць тут самалёты не буйней за Ту-134 і Як-42. Да сярэдзіны 1970-х гадоў, нават з улікам уводу ў эксплуатацыю новага тэрміналу, аэрапорт апынуўся не ў стане абслужыць усе жадаючых. Адзіным магчымым варыянтам вырашэньня праблемы было будаўніцтва новага аэрапорта за межамі Менску.

У 1976 годзе Міністэрства грамадзянскай авіяцыі СССР і Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР прынялі сумесную пастанову аб будаўніцтве ў ваколіцах беларускай сталіцы новага аэрапорту, які атрымаў назву «Менск-2». Дзяржбуд СССР узгадніў тры варыянты размяшчэньня. Аэрапорт «Менск-2» мог месьцiцца трохі ўбаку ад магілёўскай трасы, паміж вёскамі Апчак і Волма. Яшчэ адна патэнцыйная пляцоўка знаходзілася паміж Курганам Славы і Астрашыцкім Гарадком. Абмяркоўвалася і магчымасьць рэканструкцыі ў аэрапорт сумеснага базаваньня і ваеннага аэрадрома ў Мачулішчах, але Міністэрства абароны СССР гэтую прапанову не ўхваліла. Быў выбраны ўчастак плошчай 740 гэктараў каля вёскі Шэметава Смалявіцкага раёну, за больш як 40 кіламетраў ад горада. Дзеля будаўніцтва аэрапорта была зьнесеная вёска Вялікі Лес.

У 1977 годзе аэрапорт «Менск-2» пачалі будаваць. У 1979 годзе адчынілі ўзьлётна-пасадачную паласу даўжынёй 3.640 мэтраў і шырынёй 60 мэтраў. У 1982 годзе выканалі 1-ы пасажырскі рэйс на самалёце «Ту-134» пад кіраваньнем Васіля Тоўсьціка. У ліпені 1983 году пачаліся рэгулярныя рэйсы. 27 сакавіка 1989 году выканалі 1-ы міжнародны рэйс у Бэрлін (Нямеччына). У 1990 годзе, калі дабудавалі аэрапорт, пасажырапаток дасягнуў 2,2 млн чалавек. У 1997-м аэрапорт атрымаў статус нацыянальнага. У 2000-м яго перайменавалі ў Нацыянальны аэрапорт «Менск».

У 2014-м Нацыянальны аэрапорт «Менск» прыняў звыш 2 млн пасажыраў. 10 ліпеня 2016 году аэрапорт «Менск» упершыню прыняў 3-мільённага ад пачатку году пасажыра. У 2016 годзе пачалі будаваць 2-ю ўзьлётна-пасадачную паласу з абсталяваньнем дакладнага заходу 3-й катэгорыі пад францускі самалёт «А-380». 19 сьнежня 2017 году абслужылі 4-мільённага ад пачатку году пасажыра. За 2018 год абслужылі 4,5 млн пасажыраў.

З нагоды сьвяткаваньня 500-годзьдзя беларускага і ўсходнеэўрапейскага кнігадрукарства ў 2017 годзе, беларускаю інтэліґенцыяй была зроблена прапанова надаць Нацыянальнаму аэрапорту імя Францыска Скарыны, але гэтая iнiцыяьыва не мела падтрымкi ў дзяржавы.

Каардынаты: 53.889722, 28.033822.

Нацыянальны аэрапорт Менск

Выгляд тэрмiналу аэрапорту з боку УПП

Музэй пад адкрытам небам