Smalavičy district

Kurhan Słavy (memaryjał)

Mound of Glory memorial complex

Мэмарыяльны комплекс «Курган Славы» – помнік у гонар подзьвігу воінаў 1, 2, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў у Беларускай апэрацыі 1944 году, разьмешчаны ў Смалявіцкім раёне Менскай вобласьці, на 21-м кiлямэтры магістралі М2 Менск – Нацыянальны аэрапорт «Мінск».

Беларуская наступальная апэрацыя «Багратыён» праводзілася сіламі франтавых злучэньняў пры ўдзеле партызан. Пачалася 23 чэрвеня 1944 году і завяршылася 29 жніўня вызваленьнем Беларусі, часткі Летувы і Польшчы. Менавіта на Смалявіччыне ў ліпені 1944 году ў акружэньне трапіла 105-тысячная групоўка гітлераўцаў. Дадзеная падзея атрымала назву «Менскі кацёл». Разгром гэтай групіроўкі завяршыўся 11 ліпеня і стаў яшчэ адным вырашальным крокам на шляху да вызваленьня Беларусі.

У памяць аб гераізьме савецкіх салдат і афіцэраў, а таксама ў гонар перамогі ў нямецка-савецкай вайне кіраўніцтва БССР 18 жніўня 1966 году прыняло пастанову аб збудаваньні манумэнтальна-скульптурнай кампазыцыі «Курган Славы». 30 верасьня таго ж году на месцы, дзе цяпер узвышаецца мэмарыял, была закладзена памятная пліта і праведзены мітынг, у якім прынялі ўдзел ня толькі мінчане, але і прадстаўнікі гарадоў-герояў. Удзельнікі мітынгу прынялі наказ наступным пакаленьням шанаваць памяць мінулай вайны і быць патрыётамі сваёй Айчыны. Тэкст наказу быў замураваны ў спэцыяльнай капсуле ў падмурку кургана. Збудаваньне Кургана Славы пачалося ў лістападзе 1967 году. Тысячы людзей зрабілі ў яго свой уклад і прынесьлі сюды купкі зямлі. Адкрыцьцё Кургана Славы адбылося 5 ліпеня 1969 году.

Мэмарыял ствараўся аўтарскім калектывам у складзе народнага мастака, скульптара Андрэя Бембеля, скульптара А. Артымовіча, архітэктараў А. Стаховіча і Л. Міцкевіча, а таксама інжынэра Б. Лапцэвіча.

Агульная вышыня мэмарыяла складае 70,6 мэтра. Земляны ўзгорак вышынёй 35 мэтраў завяршае скульптурная кампазыцыя з чатырох штыкоў, аздобленых тытанам, вышынёй 35,6 мэтра кожны. Штыкі сымбалізуюць 1-ы, 2-і, 3-і Беларускія і 1-ы Прыбалтыйскі франты, што вызвалялі Беларусь. Іх аснаваньні злучае кольца з барэльефнымі выявамі савецкіх воінаў і партызан. На ўнутраным баку кальца, якое выканана ў тэхніцы мазаікі, адбіты тэкст: «Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы – слава!» Акрамя таго, аснаваньне абэліска ўпрыгожваюць выявы ордэнаў Айчыннай вайны і Славы. Ад падножжа кургана да манумэнта вядуць дзьве бэтонныя лесьвіцы, кожная зь якіх мае 241 прыступку.

Каардынаты: 54.019103, 27.898149.

Ваенная тэхніка побач з Курганам Славы