Smalavičy district

Smalavičy

Смалявічы – места на рацэ Плісе, адміністрацыйны цэнтар Смалявіцкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год складала 16.784 чалавекі. Знаходзяцца за 35 кiлямэтраў на ўсход ад Менску; чыгуначная станцыя на лініі Менск – Ворша. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Ігуменам, Лагойскам, Сьмілавічамі.

Смалявічы – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася збудаваная ў стылі барока драўляная царква Сьвятога Мікалая, помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, зруйнаваны расейскімі ўладамі.

Тапонім Смалявічы ўтварыўся ад слова смала, бо галоўным промыслам жыхароў на працягу многіх стагодзьдзяў была яе здабыча з драўніны.

Першы пісьмовы ўпамін пра Смалявічы (Смальнявічы) як уладаньне крэўскага намесьніка Алехны Даргіевіча датуецца 1448 годам. Існуюць зьвесткі, што ў 1508 годзе вялікі князь падараваў паселішча гетману Канстантыну Астроскаму. Аднак гісторык Вячаслаў Насевіч прыйшоў да высновы, што пэргамін з гэтай згадкай трэба вызнаць фальсыфікацыяй, зробленай недзе ў XVII або нават XVIII стагодзьдзі.

У 2-й палове XVI стагодзьдзя Смалявічы перайшлі ў валоданьне роду Радзівілаў, у чыіх руках заставаліся потым на працягу амаль трох стагодзьдзяў. У 1586 годзе староста барысаўскі і гетман вялікі Крыштап Радзівіл заснаваў тут мястэчка. Паводле інвэнтару на 1588 год, мястэчка Смалявічы было цэнтрам маёнтку, ў склад якога ўваходзіла сяло Смалявічы.

У пачатку XVII стагодзьдзя, як сьведчаць інвэнтары, у мястэчку Смалявічах было 4 вуліцы – Менская, Барысаўская, Царкоўная і Дворная; колькасьць двароў дасягнула 138. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) Смалявічы трапілі пад маскоўскую акупацыю, у выніку якой у тут засталося толькі 77 двароў (на 1669 год).

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Смалявічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе з 1795 году сталі цэнтрам воласьці Барысаўскага павету. Сьпярша мясьціна знаходзілася ў валоданьні Вітгенштэйнам, потым Гагенлёэ. У пачатку ХІХ стагодзьдзя тут існаваў палац, які згарэў у 1819 годзе. У 1871 годзе каля Смалявічаў збудавалі чыгуначную станцыю Вітгенштэйнаўская. На 1863 год у мястэчку існавалі земская народная вучэльня, паштова-тэлеграфны аддзел, бровар, рамесныя майстэрні вытворчасьці вопраткі і абутку, кузьні.

Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Смалявічах было 299 двароў, дзейнічалі 2 царквы, капліца, працавалі валасная ўправа, земская народная вучэльня, паштова-тэлеграфная кантора, бровар, рамесныя майстэрні вырабу абутку і адзеньня, 8 кузьняў. У пачатку XX стагодзьдзя працавалі наступныя прамысловыя прадпрыемствы: фабрыкі лесапільная і дрэваапрацоўчая (з 1894 году), лесапільная і мукамольная (з 1890 году), лесапільная мануфактура (з 1895 году), гута «Вікторыя» (з 1909 году). У 1908 годзе местачкоўцы зьвярнуліся да расейскіх уладаў з просьбай не руйнаваць старую царкву па сканчэньні будаваньня мураўёўкі. Адмыслова скліканая камісія пастанавіла, што царква 1759 году пабудовы ня мае каштоўнасьці і таму яе можна зьнішчыць.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Смалявічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Смалявічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці накіроўвалі ў Народны Сакратарыят БНР скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Смалявічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну. У 1919–1920 гадох мястэчка займалі польскія войскі.

У 1924 годзе Смалявічы сталі цэнтрам раёну. У 1938 годзе яны атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 7 сакавіка 1968 году Смалявічы атрымалі статус места. 5 верасьня 2000 году афіцыйна зацьвердзілі мескі герб.

Касьцёл сьвятога Валянцiна

Першы касьцёл у Смалявiчах існаваў у 1917 годзе і быў зачынены ў 1935 годзе.

Па аднаўленьнiнезалежнаськi Беларусi парафія iзноў існуе з 1996 года. З 2000 года будуецца новы касьцёльны комплекс. Пабудаваны касьцёл у 2008 годзе, будынак з’яўляецца узорам сучаснай архітэктуры з элементамі неаготыкі. Касьцёл Сьвятога Валенцiна – адзiны ў Беларусi, асьвечаны ў гонар гэтага сьвятога, які лічыцца апекуном усіх закаханых. Касьцёлаў у гонар сьвятога Валянціна ў свеце няшмат: храмы з такой назвай ёсьць у амерыканскім Блумфільдзе, у ірландскім Дубліне, італьянскай вёсцы Міусі і ў беларускіх Смалявічах. Для каталікоў святы Валянцін – гэта перш за ўсё заступнік мужа і жонкі, памочнік у сямейным жыцьці. У 90-я, калі ў краіне рэзка стала расці колькасьць разводаў, гэтая тэма стала вельмі актуальная. Таму невыпадкова патронам абшчыны абралі сьвятога Валянціна.

Зараз у касьцёле нясуць служэньне Браты капуцыны.

Каардынаты: 54.034259, 28.088771.

Помнiк сьвятому Валянцiну

Райвыканкам

Каардынаты: 54.030436, 28.089761. Адрас: вулiца Савецкая, 125.

Дзiчая школа мастацтваў

Каардынаты: 54.029661, 28.089677. Адрас: вулiца Савецкая, 25.

Дом культуры

Каардынаты: 54.029717, 28.090925. Адрас: вулiца Савецкая, 132.

Царква сьвятога Мікалая

Дата будаўніцтва царквы – паміж 1994 і 2014 гадамі.

Паводле апошніх зьвестак, царква ў Смалявічах пераасьвечана ў гонар Менскай іконы Божай Маці.

Каардынаты: 54.0295309, 28.094123.