Staryja Darohi district

Staryja Darohi

Старыя Дарогі – места на рацэ Салянцы, адміністрацыйны цэнтар Старадароскага раёну Менскай вобласьці. Колькасьць насельніцтва на 2018 год складала 10.406 чалавек. Места знаходзiцца за 148 кiлямэтраў на паўднёвы ўсход ад Менску; на аўтамабільнай дарозе Бабруйск – Слуцак. Чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы – Асіпавічы.

Старыя Дарогі – даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны. Першы пісьмовы ўпамін пра сяло Дарогі ў складзе Глускай воласьці Слуцкага княства датуецца 1524 годам.

Пад 1582 годам Дарогі ўпамінаюцца як мястэчка на Слуцка-Бабруйскім гасьцінцы. У сярэдзіне XVII стагодьдзя Дарогі сталі цэнтрам воласьці. На 1647 год у мястэчку было 95 дамоў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654 – 1667) Дарогі значна пацярпелі ад маскоўскіх захопнікаў. На 1668 год тут засталося 34 двары, 3 вуліцы, сядзібы з жылымі і гаспадарчымі пабудовамі.

У канцы XVII стагодьдзя за 6 кiлямэтраў на ўсход зьявілася яшчэ адно паселішча Дарогі і мястэчка пачалі зваць Старымі Дарогамі. У 1695–1744 гадох Старыя Дарогі знаходзілася ў ліку Нойбурскіх маёнткаў. У 1791 годзе мястэчка ўвайшло ў склад Случарэцкага павету.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Старыя Дарогі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Бабруйскім павеце. Статус паселішча панізілі да вёскі, якая з 1828 году знаходзілася ў валоданьні Вітгенштэйнаў. У 1846 годзе Старыя Дарогі перайшлі ў дзяржаўны скарб. На 1886 год тут было 40 двароў, паштовая станцыя. У 1896 годзе за 2 кiлямэтраў на захад ад вёскі збудавалі станцыю на вузкакалейнай чыгунцы мясцовага значэньня Асіпавічы – Старыя Дарогі, якую ў 1915 годзе падоўжылі да Слуцку. Чыгункай на Асіпавічы вывозілі лесаматэрыялы. Вакол новай станцыі паступова сфармавалася новае паселішча, якое дала пачатак сучаснаму месту. У 1897 годзе ў Старых Дарогах працавалі лесапільны і фанэрны заводы. У 1914 годзе тут адкрылася народная вучэльня.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Старыя Дарогі занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Старыя Дарогі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. З 20 жніўня 1919 да ліпеня 1920 году Старыя Дарогі кантралявалі польскія войскі.

3 ліпеня 1925 году Старыя Дарогі зноў атрымалі статус мястэчка. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

28 красавіка 1996 году Старыя Дарогі атрымалі мескі герб.

24 лістапада 2007 году на тэрыторыі прыватнага музэю адбылося ўрачыстае адкрыцьцё першага ў Беларусі помніка ўдзельнікам Слуцкага збройнага чыну.

Новая царква й вадацяжная вежа

Вадацяжная вежа ў Старых Дарогах была пабудаваная ў пачатку XX стагодьдзя.

Каардынаты: 53.040374, 28.270117.

Новая i старая царквы сьвятога Мiкалая

6 красавіка 1954 года па багаславеньні арцыбіскупа Піцірыма быў заснаваны прыход. Настаяцелем быў прызначаны протаерэй Цярэньцій Савіч Локацкі. Дагэтуль будынка царквы ў Старых Дарагах не было і набажэнствы праводзіліся ў хаце пробашча.

У канцы 1991 года мітрапаліт Філарэт багаславіў стварэньне прыходу. Прыходу быў перададзены будынак колiшняй базы Гарпапа (паліўнага аддзела гарвыканкама) і 14 сакавіка 1993 года адбылося яго асвячэньне. Пры прыходзе з 1997 года існуе нядзельная школа.

У 2006 годзе побач з будынкам драўлянага храма было распачата будаўніцтва новай цаглянай царквы. 15 сьнежня 2019 года епіскап Антоній правёў асвечаньне новазбудаванага храма.