Uzda district

Uzda

Узда – места на рацэ Ўзьдзянцы, адміністрацыйны цэнтар Узьдзенскага раёну Менскай вобласьці. Знаходзіцца за 74 кiлямэтры на паўднёвы захад ад Менску, за 22 кiлямэтры ад чыгуначнай станцыі Негарэлае (лінія Менск – Баранавічы). Праз Узду праходзяць аўтамабільныя дарогі на Менск, Негарэлае, Капыль, Слуцак і Нясьвіж. Насельніцтва на 2019 год складала 10 179 чалавек.

Узда – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Узьвiжаньня Сьвятога Крыжа ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя, і пірамідальная капліца-пахавальня колішніх уладальнікаў паселішча паноў Завішаў.

Тапонім Узда́ ўтварыўся ад назвы ракі Ўзьдзянка (у мінулым Усда). У сваю чаргу гідронім Узда мае тую ж аснову, што і Уса (прытокам якой з’яўляецца) у спалучэньні з фармантам «-да».

Першы пісьмовы ўпамін пра Ўзду як двор Корсакаў у Менскім павеце датуецца 1450 годам. У 2-й палове XV стагодзьдзя паселішча атрымала статус мястэчка. У розны час Узда знаходзілася ў валоданьні Кавячынскіх, Завішаў, Красінскіх. У канцы ХV стагодзьдзя Кавячынскія збудавалі тут кальвінскі эбор.

У 1572 годзе ўва Ўзьдзе знаходзіўся Сымон Будны ў зьвязку з выданьнем Бібліі. У 1684 годзе па вяртаньні ў каталіцтва Кавячынскія заснавалі ў мястэчку парафію, набажэнствы праходзілі ў капліцы.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Узда апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Ігуменскага павету Менскай губэрні. У канцы ХVІІІ стагодзьдзя мясьціна перайшла да роду Завішаў. У 1798 годзе Казімер Завіша збудаваў касьцёл, таксама дзейнічала царква.

У 1829–1830 гадох ува Ўзьдзе працавалі друкарня Э. Прэса, школа, 4 пачатковыя навучальныя ўстановы, бровар, млын, аптэка, пошта, 30 крамаў, нядзельны кірмаш. На 1886 год – народная вучэльня, валасная ўправа, школа, бровары, суконная фабрыка, 2 млыны, 24 крамы; дзейнічалі царква, касьцёл, сынагога, мячэт, 3 малітоўныя дамы. У 1906–1909 гадох у мястэчку дзейнічала правінцыйнае кола польскага таварыства «Асьвета», якое займалася падтрымкай адукацыі на польскай мове[

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Ўзду занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Узда абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Ўзьдзенскай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Ўзда ўвайшла ў склад Беларускай ССР, у Ігуменскі павет («падраён») Менскага раёну. 17 ліпеня 1924 году мястэчка стала цэнтрам раёну (з 25 сьнежня 1962 да 30 ліпеня 1966 году ў Койданаўскім раёне). 27 верасьня 1938 году Ўзда атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

10 сакавіка 1999 году Ўзда атрымала статус места.

Касьцёл Узьвiжаньня Сьвятога Крыжа

Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа – помнік архітэктуры канца XVIII стагодьдзя. Знаходзіцца ў цэнтры места, на гістарычным Рынку. Твор архітэктуры клясыцызму з прыбудаванай 3-граннай апсыдай у стылі нэаготыкі.

Новы драўляны касьцёл ва Ўзьдзе збудаваў у 1798 годзе ўладальнік мястэчка Казімер Завіша. У школе пры касьцёле навучаўся паэт Тамаш Зан. У касьцёле хрысьцілі Ануфрыя Луцэвіча, дзеда Янкі Купалы, а потым, у 1843 годзе, яго бацьку Дамініка Луцэвіча. У пачатку XX стагодьдзя да касьцёла прыбудавалі мураваную апсыду.

У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі касьцёл, будынак якога перарабілі пад клюб. Пазьней яго выкарыстоўвалі як раённы цэнтар культуры. У 2000 годзе за старым касьцёлам збудавалі новы касьцёл.

Каардынаты: 53.457424, 27.216953.

Пляц Свабоды

Пляц Свабоды, 3.

Пляц Свабоды, 11.

Пляц Свабоды. Помнiк Ленiну.

Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) ва Ўзьдзе збудавалі ў 1905 годзе на месцы старой царквы XIX стагодьдзя, фундаванай Завішамі. Узьдзенская царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла – прыклад эклектычнай царкоўнай архітэктуры Расейскай імпэрыі.

Каардынаты: 53.457463, 27.220387.