Vałožyn district

Ivianiec

Івяне́ц – мястэчка на рацэ Волме, цэнтар сельсавету Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год – 4214 чалавек. Івянец знаходзіцца за 31 кiлямэтар ад Валожына, за 40 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Койданава (лінія Менск – Баранавічы). Праз Івянец праходзяць ўтамабільныя дарогі на Менск, Койданаў, Стоўпцы, Наваградак. Мясцовыя жыхары часта ўжываюць форму Іве́нец з націскам на першы склад.

Івянец – даўняе мястэчка, колішняя сталіца графства на гістарычнай Меншчыне, якому ўпершыню ў краіне распрацавалі зямельную сымболіку.

Упершыню Івянец упамінаецца ў другой палове XIV стагодьдзя, калі ён знаходзіўся ў валоданьні вялікага князя Вітаўта. Пад 1522 годам Івянец значыцца як мястэчка Менскага павету, уладаньне Салагубаў. У сярэдзіне XVI стагодьдзя тут зьявілася пратэстанцкая супольнасьць, дзейнічалі кальвінскі збор, школа і шпіталь. У 1606 годзе ў мястэчку збудавалі драўляны касьцёл. На 1640 год у Івянцы было 27 двароў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) маскоўскія захопнікі ўчынілі тут значныя разбурэньнi.

У пачатку XVIII стагодьдзя утварылася Івянецкае графства. У 1702 годзе стольнік менскі Тэадор Ваньковіч заснаваў у мястэчку касьцёл і кляштар францішканаў, у 1745 годзе падскарбі Ян Міхал Салагуб збудаваў мураваны касьцёл. На 1780 год у Івянцы было 174 двары, існавалі Рынак і 7 вуліцаў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Івянец апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету. Царскія ўлады перавялі асабіста вольных местачкоўцаў у стан прыгонных сялянаў (толькі ў 1860 годзе яны дамагліся свабоды і вяртаньня мяшчанскага званьня). З 1810 году мястэчка знаходзілася ў валоданьні Плевакаў. На 1859 год у Івянцы было 189 двароў, на 1861 год – 189. Местачкоўцы актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863–1864).

Па здушэньні паўстаньня ў 1864 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Івянцы народную вучэльню, а 28 лістапада 1869 году гвалтоўна перарабілі касьцёлы Сьвятога Міхала і Найсьвяцейшай Тройцы пад цэрквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскага патрыярхату). У 1880-я гады ў мястэчку было 288 дамоў, дзейнічалі 2 царквы і 2 сынагогі, працавалі 2 школы, 35 крамаў, 17 ганчарных майстэрняў і 2 заезныя двары, праводзіліся штотыднёвыя таргі і 2 кірмашы ў год. У Івянцы неаднаразова спыняліся беларускі паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і пісьменьнік Ядвігін Ш.

За часамі Першае сусьветнае вайны ў лютым 1918 году Івянец занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Івянец абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі Івянец увайшоў у склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 году яго занялі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе ў 1923 годзе стала цэнтрам гміны Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва.

У 1934 годзе распачалася электрыфікацыя мястэчка. Прыватныя асобы заснавалі электрычную станцыю. Яна месьцілася над рэчкай, у будынках даўняга двару Салагубаў. Праца машыны электрычнай станцыі выкарыстоўвалася на мясцовай лесапільні. У 1936 годзе ў Івянцы збудавалі новую школу на вуліцы Закляштарнай, большасьць вуліцаў забрукавалі, а некаторыя асьвятлілі. На 1938 год у мястэчку было 574 будынкі (зь іх 10 мураваных), працавалі шматлікія цагельні, кінатэтар «Jutrzenka» (бел. Зорка) у Доме жаўнера, вайсковы аэрапорт пры кашарах.

У 1939 годзе Івянец увайшоў у БССР, дзе стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1962 году ў Валожынскім раёне).

У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 6 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1998 годзе афіцыйна зацьвердзілі герб Івянца, створаны на аснове гербу Праўдзіч роду Салагубаў.

Сярод мясцовых славутасьцяў Івянца вылучаўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, разбудаваны з гатычнага збора ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVI–XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваны расейскімі ўладамі.

Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар францішканаў

Касьцёл сьвятога Міхала Арханёла і кляштар францішканаў – помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя. Знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на рагу гістарычных Віленскай і Закляштарнай вуліцаў, на правым беразе ракі Волмы. Твор архітэктуры віленскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

27 студзеня 1702 году стольнік менскі Тэадор Антоні Ваньковіч запрасіў у Івянец манахаў-францішканаў (фундуш пацьвярджаўся Галоўным Літоўскім Трыбуналам 19 лістапада 1704 году). Неўзабаве на ахвяраваныя сродкі ў мястэчку збудавалі драўляныя касьцёл і кляштар.

У 1740 годзе побач з драўляным пачалося будаваньне мураванага касьцёла. Будоўля фінансавалася пляменьнікам фундатара Ўладзіславам Тадэвушам Ваньковічам і мясцовымі мяшчанамі-дабрачынцамі. Бакавы алтар у гонар Маці Божай Чанстахоўскай асьвяцілі ў 1757 годзе, яшчэ тры (зь пяці) алтары – у 1769 годзе.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Івянец апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар. У 1856–1860 гадох праводзіліся рэстаўрацыйныя працы пад кіраўніцтвам архітэктара В. Бяляўскага і мастака Я. Кураткевіча.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) у 1868 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1880–1885 гадох над вежамі касьцёла паставілі купалы-цыбуліны. У 1915 годзе ў кляштарным корпусе разьмясьціўся манастыр Урадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

У 1920 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі касьцёл рыма-каталікам. 3 траўня 1939 годзе зноў пачаў дзейнічаць францішканскі кляштар. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зачынілі касьцёл і разьмясьцілі ў ім вытворчыя памяшканьні.

У канцы 1980-х гадоў у будынках праводзіліся рэстаўрацыйныя працы. У 1992 годзе касьцёл перадалі рыма-каталікам, у 1994 годзе – кляштарны корпус. У 2003 годзе пачалася комплексная рэстаўрацыя помніка.

Каардынаты: 53.891107, 26.737443.

Касьцёльная сьцяна па стане на 2006 год

Звон ва ўнутраным двары касцёла

Iнтэр’ер касьцёла

Выгляд з хораў

Касьцёл Сьвятога Аляксея

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў улады Расейскай імпэрыі канфіскавалі ў Івянцы абодва касьцёлы: Фарны Траецкі касьцёл і касьцёл Сьвятога Міхаіла пры францішканскім кляштары. Абодва іх перарабілі пад цэрквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Нягледзячы на тое, што ў мястэчку не засталося каталіцкіх сьвятыняў, атрымаць дазвол на будаваньне новага касьцёла было немагчыма, таму вернікам даводзілася зьбірацца ў невялікай драўлянай капліцы, збудаванай у 1820 годзе на мясцовых могілках.

Па выданьні «маніфэсту аб верацярпімасьці» 1905 году стала магчымым пачаць будаваньне новага касьцёла. Фундатарамі сталі генэрал Эдвард Каверскі й ягоная жонка Альжбета. 23 траўня магілёўскі арцыбіскуп Ежы Юзэф Шэмбек асьвяціў нарожны камень новага касьцёла. Архітэктарам сьвятыні стаў Міхаіл Хатоўскі, які арыентаваўся ў сваім праекце на Касьцёл Сьвятой Ганны ў Вільні. Будаваньне завяршылася ў 1907 годзе й 3 сьнежня таго ж году ксёндз Ян Казялевіч асьвяціў новы касьцёл у гонар Сьвятога Аляксея.

У час Другое сусьветнае вайны касьцёл застаўся пад апекай вернікаў і амаль не пацярпеў. У 1947 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл. У 1962 годзе будынак перадалі Дзяржаўнай бібліятэцы імя Леніна ў Менску й пераабсталявалі пад архіў.

У пачатку 1980-х гадоў мясцовыя жыхары сталі дамагацца вяртаньня сьвятыні, але вярнуць будынак атрымаўся толькі ў 1989 годзе. У 1990 годзе зноў пачалі служыць францішкане.

Каардынаты: 53.895519, 26.743259.

Справа перад уваходам у касьцёл знаходзіцца магіла, дзе пахаваны ўладальнік маёнтка Пётр Плявака і яго жонка Мэланія зь Немаршанскіх.

Апсыда касьцёла

Iнтэр’еры касьцёла

Выгляд з хораў

Колiшнi касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы (Фарны)

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Фарны) – колiшнi помнік архітэктуры XVII–XVIII стагодзьдзяў. Знаходзіўся ў цэнтры у Івянца, на Рынку. Твор архітэктуры готыкі і віленскага барока.

Мураваны Фарны касьцёл у Івянцы збудавалі з фундацыi Яна Давойны ў 1606 годзе. Існуюць зьвесткі, што касьцёл збудавалі яшчэ ў XV стагольдзі i ў ім ахрысьцілі Міколу Гусоўскага.

З 1662 годзе пры касьцёле існавала Ружанцовае брацтва з сваім брацкім алтаром. Праз некаторы час касьцёл пацярпеў ад пажару. Яго рэстаўрацыю фундавалі сын ваяводы берасьцейскага (генэрал артылерыі Вялікага Княства Літоўскага) Антоні Салагуб з жонкай Барбарай (з Радзівілаў).

Паводле інвэнтару за 1767 год, на хорах касьцёла, дэкараваных ляпнінай з гербамі фундатараў, стаяў вялікі арган, які абыйшоўся жонцы генэрала Барбары Салагуб у 350 талераў. На хорах таксама знаходзіліся два катлы-барабаны і трубы, якімі карысталіся пры розных урачыстасьцях (пра іх патурбаваўся Канстанцін Рдултоўскі). У закрысьціі захоўваўся архіў Салагубаў, які праз вільгаць давялося перанесьці ў кляштар францішканаў. Вялікі касьцельны цьвінтар атачаўся мурам з брамай з боку мястэчка.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Івянец апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. Аднак па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі касьцёл, які ў 1880 годзе перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1888 годзе будынак пацярпеў ад пажару.

У пачатку XX стагодьдзя расейскія ўлады зьнішчылі муры касьцёла, каб збудаваць на гэтым месцы драўляную царкву-мураўёўку.

Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зачынілі царкву, якую неўзабаве зруйнавалі. У 1998 годзе на гэтым месцы збудавалі новую мураваную царкву Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.

Трансфармацыя колiшняга Фарнага касьцёла за 400 гадоў у адным малюнку

Царква Сьвятой Прападобнай Эўфрасіньні Полацкай

Царкву-мураўёўку, пабудаваную замест Фарнага касьцёла, зачынілі ў 1919 годзе і разабралі на будматэрыялы ў сярэдзіне 1958 года. Ад царквы ацалеў толькі абраз Маці Божай Вострабрамскай. У 1997 годзе пачалося будаўніцтва новай царквы на гэтым жа месцы. У 2007 годзе царква была пабудаваная і асьвечаная ў гонар сьвятой Эўфрасіньні Полацкай.

Каардынаты: 53.890143, 26.741527. Адрас: пляц Свабоды, 3.

Сядзіба Плявакаў

З пачатку XIX стагодьдзя і да 1884 года Івянец належаў роду Плявакаў, якія заснавалі невялікі радавы маёнтак на беразе ракі Волмы. Акрамя сядзібнага дома комплекс уключаў капліцу, пэйзажны парк, гаспадарчыя пабудовы і пілараму. У сярэдзіне XX стагодьдзя сядзіба была разбураная. Захаваліся толькі фрагмэнты падмуркаў і сьценаў першага паверха.

Каардынаты: 53.884851, 26.734868.