Vałožyn district

Łosk

Лоск – вёска каля ракі Заходняй Бярэзіны, за 25 кiлямэтраў на поўнач ад Валожына, за 8 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Валожын. Уваходзіць у склад Гародзькаўскага сельсавету Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва па стану на 2010 год складала 192 чалавекі.

Лоск – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.

Паводле археалягічных дасьледаваньняў, паселішча існавала ўжо ў XI–XIII стагодзьдзях. Аднак упершыню Лоск (пад назвай Лошаск) упамінаецца ў «Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у канцы XIV стагодьдзя. У XIV—XVIII стагодзьдзях тут існаваў драўляны замак. У 1-й палове XV стагодьдзя паселішчам валодалі Карыбутавічы. У 1480 годзе ў Лоску заснавалі касьцёл. З канца XV стагодьдзя маёнтак знаходзіўся ў валоданьні П. Мантыгердавіча, з пачатку XVI – Кішкаў, за якімі тут дзейнічаў кальвінскі збор. У 1574 годзе Ян Кішка заснаваў Лоскую друкарню. У канцы XVI стагодьдзя паселішча атрымала статус мястэчка. У 1630-я гады Станiслаў Кішка перадаў мястэчка Віленскай капітуле (валодала ім да XIX стагодьдзя).

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Лоск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Забрэскай воласьці Ашмянскага павету Віленскай губэрні. У 1880-я гады ў Лоску было 65 будынкаў, 2 царквы, касьцёл. У пачатку XX стагодьдьзя дзейнічала школа.

За часамі Першай сусьветнай вайны Лоск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лоск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай у 1921 годзе Лоск апынуўся ў складзе міжваенннай Польскай Рэспублікі, у Забрэскай гміне Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Лоск увайшоў у Беларускай ССР, у Валожынскі раён Баранавіцкай, з 1944 году – Маладэчанскай, з 1960 году – Менскай вобласьці. Статус паселішча панізілі да вёскі.

Царква сьвятога Георгія Пераможцы

Царква Сьвятога Георгія – помнік гісторыі другой паловы XIX стагодьдзя (мураўёўка). Знаходзіцца ў паўночнай частцы колішняга мястэчка, дзейнічае. Твор архітэктуры расейскай эклектыкі.

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Лоску збудавалі ў 1856 годзе.

Каардынаты: 54.269899, 26.437574.