Vałožyn district

Rakaŭ

Ракаў – вёска на рацэ Іслачы, цэнтар сельсавету Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год – 2626 чалавек. Знаходзіцца за 40 кiлямэтраў на паўднёвы ўсход ад Валожына, за 39 кiлямэтраў ад Менску; за 16 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Беларусь, каля аўтамабільнай дарогі Менск – Горадня.

Ракаў – даўняе магдэбурскае места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся былы дамініканскі касьцёл Сьвятога Духа ў стылі барока і капліца Сьвятой Ганны ў стылі клясыцызму, помнікі архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся збудаваныя ў XVIII стагодьдзi жылы корпус кляштару дамініканаў, зруйнаваны расейскімі ўладамі, і комплекс манастыра базылянаў з царквой Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа, зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Упершыню Ракаў ўпамінаецца ў XIV стагодзьдзі як вялікакняскае ўладаньне. У 1465 годзе вялікі князь Казімер перадаў паселішча Кезгайлам, з 1550 году – у валоданьні Завішаў. У 2-й палове ХVІ стагодзьдзя тут заснавалі кальвінскі збор (дзейнічаў да пачатку XVIII стагодзьдзя). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.

У 1568 годзе Ракаў атрымаў статус мястэчка. У 1-й палове ХVІІ стагодзьдзя паселішча перайшло да Сангушкаў, за якімі яно стала значным гадлёвым местам, цэнтрам графства. У гэты час тут працавала вядомая друкарня. У 1686 годзе Канстанцыя Сангушка з Сапегаў заснавала ў мястэчку дамініканскі кляштар Сьвятога Духа.

У 1701 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Ракаву прывілей на 2 кірмашы ў год. Пачаўся хуткі эканамічны ўздым. Празь места праходзілі 2 гасьцінцы: Менск – Пяршаі – Валожын – Ашмяны і Ракаў – Вялейка. У 1702 годзе Казімер Сангушка заснаваў тут базылянскі манастыр. У 1742 годзе адбыўся пажар, які зьнішчыў кляштар Сьвятога Духа (неўзабаве адбудаваны). На 1779 год у месьце было 297 двароў, 24 крамы, 91 рамесьнік.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Ракаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1794 годзе за ўдзел у паўстаньні расейскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў Сангушкаў і перадалі царскаму фэльдмаршалу Салтыкову. На 1800 год у Ракаве ўжо 276 двароў, дзейнічалі касьцёл і царква, працавалі школа, 20 мураваных крамаў, 2 вадзяныя плыны. На Рынку стаяла ратуша. У 1804 годзе Салтыкоў прадаў Ракаў Зьдзяхоўскім. У 1824 годзе мясцовыя вернікі збудавалі драўляны касьцёл і капліцу, у 1830 годзе – змуравалі прымогілкавую капліцу Сьвятой Ганны.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831 гады) у 1835 годзе расейскія ўлады ліквідавалі дамініканскі кляштар, а касьцёл гвалтоўна перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1839 годзе расейскія ўлады ліквідавалі базылянскі манастыр, а царкву таксама перадалі Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі, багатую бібліятэку і архіў, што знаходзіліся пры манастыры – разрабавалі, манастырскі шпіталь – зачынілі.

У 1843 годзе ў Ракаве збудавалі майстэрні сельскагаспадарчых машынаў (веялкі, малатарні, сячкарні), якія добра разыходзіліся ў Менскім, а таксама ў Пскоўскім, Пецярбурскім паветах; апроч таго, у мястэчку працавалі 2 млыны, цагельня, піваварня. Мясцовыя майстры выраблялі драўляныя малатарні, арфы й сячкарні для навакольных сельскіх гаспадарак. На 1886 год дзейнічалі 2 царквы, касьцёл і сынагога, працавалі народная вучэльня, бровар, майстэрня па рамонту землеапрацоўчых прыладаў, ганчарны і цагельны заводы, 2 вадзяны млыны, 29 крамаў. Паводле М. Улашчыка, у 1901 годзе тут вырабілі 80 малатарняў. На 1859 год у мястэчку было 140 двароў.

Ракаў. Рынак і новы касьцёл, 1914 год

У канцы XIX – пачатку ХХ стагодзьдзяў Ракаў знаходзіўся ў валоданьні Мар’яна Зьдзяхоўскага, прафэсара Кракаўскага і Віленскага ўнівэрсітэтаў. У гэты час у сядзібе Зьдзяхоўскага зьбіраліся вядомыя літаратары й музыканты. Эліза Ажэшка называла Ракаў «Паўночнымі Атэнамі». На 1905 год у мястэчку было 740 будынкаў, у 1906 годзе тут збудавалі нэагатычны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі. У пачатку XX стагодзьдзя існавалі некалькі млыноў, касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, капліца Сьвятой Ганны, царква, праваслаўная прымогілкавая капліца, каталіцкая і праваслаўная пачатковыя школы, паштовая станцыя і тэлеграф, аптэка; найбліжэйшы доктар – у Заслаўі.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Ракаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ракаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Ракаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Віленскага ваяводзтва. У гэты час тут было 552 двары. Непадалёк ад мястэчка праходзіла граніца з БССР, што спрыяла вялікаму эканамічнаму ўздыму. У гэты час Ракаў быў улюблёным месцам кантрабандыстаў, шпіёнаў з абодвух бакоў, тут адкрываліся рэстарацыі, публічныя дамы.

У 1939 годзе Ракаў увайшоў у БССР. 15 студзеня 1940 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 16 ліпеня 1954 году статус паселішча панізілі да вёскі.

Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі

Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі – помнік архітэктуры нэаготыкi пачатку XX стагодзьдзя. Знаходзіцца ў цэнтры гістарычнага мястэчка, пад адрасам вуліца Паштовая, 11. Дзейнічае.

У даведкавай літаратуры часам блытаюць гісторыю парафіяльнага і даміміканскага касьцёлаў.

Будаваньне мураванага парафіяльнага касьцёла вялося ў 1904–1906 гадох намаганьнямі ксяндза Яўстахія Карповіча замест драўлянага папярэдніка. Фундатарамі сьвятыні былі князь Друцкі-Любецкі, зямяне Булгакі, Зьдзяхоўскія, Хелхоўскія. У 1911 годзе пажар зьнішчыў драўляную плябанію, але не крануў касьцёла. У гэты час вікарыем служыў паэт А. Астрамовіч (Андрэй Зязюля). На 1912 год парафія налічвала 8 тыс. чалавек.

Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зачынілі касьцёл. Будынак выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах. Набажэнствы аднавіліся толькі ў пачатку 1990-х гадоў.

Каардынаты: 53.965694, 27.055897.

Вiдарыс апсыды й заходняго фасаду

Крыж перад увходам у касьцёл

Скульптура Яна Паўла II перад уваходам

Iнтэр’еры касьцёла

Спаса-Праабражэнская царква
(колішні касьцёл Сьвятога Духа i кляштар дамініканаў)

Касьцёл Сьвятога Духа і кляштар дамініканаў – помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя. Твор архітэктуры барока і клясыцызму, знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, каля гістарычнага Рынку. У другой палове XIX стагодьдзя улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату і зруйнавалі кляштарны корпус.

Комплекс Ракаўскага дамініканскага кляштару складаўся з касьцёла, кляштарнага корпуса і мура з брамай. У наш час у будынку касьцёла дзейнічае царква Праабражэньня Гасподняага Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.

У 1686 годзе Канстанцыя Сангушка з Сапегаў заснавала ў Ракаве кляштар дамініканаў. Неўзабаве ў мястэчку збудавалі драўляныя касьцёл Сьвятога Духа і кляштарны корпус.

У 1730–1793 гадох на сродкі парафіянаў і ахвяраваньні князёў Сангушкаў і сяброў братэрства Сьвятой Ганны вялося будаваньне мураванага касьцёла.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Ракаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) расейскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканаў, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) у 1866 годзе – гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

У другой палове XIX стагодьдзя расейскія ўлады зруйнавалі кляштарны корпус.

За польскім часам і саветамі царква працягвала дзейнічаць.

Каардынаты: 53.967078, 27.058587.

Касьцёл сьвятой Ганны

Касьцёл Сьвятой Ганны – помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя ў стылi эклектыкi з элемэнтамі нэаготыкі і клясыцызму. Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне гістарычнага мястэчка, на каталіцкіх могілках, на Менскай вуліцы. Дзейнічае. Касьцёл утварае адзіны ансамбль з брамай-званіцай.

Касьцёл Сьвятой Ганны збудавалі ў 1830 годзе як могілкавую капліцу. Прыкладна ў гэты ж час пры ўваходзе на могілкі паставілі мураваную браму.

Каардынаты: 53.966254, 27.069128.

Царква Ракаўскай іконы Прасвятой Мацi Божай i сьвятая крынiца

Ракаўская крыніца вядомая з XV стагодьдзя. Паводле легенды, у тыя часы ў Ракаве жыў адзін хворы і сляпы чалавек, імя якога, нажаль, гісторыя не захавала. У начным бачаньні з’явілася яму Найсьвяцейшая Дзева і загадала выйсьці на ўскраіну горада. Аднак, будучы нямоглы і сляпы, чалавек заблытаіўся ў лесе і выпадкова натрапіў на крыніцу. Спатоліўшы смагу і памыўшыся, ён цудоўным чынам празерыў і вылечыўся ад сваіх хваробаў. Там жа, ля крыніцы, на дрэве ён убачыў ў промнях сьвятла абраз, які пазьней атрымае назву Ракаўскі абраз Прасьвятой Багародзіцы.

Неўзабаве была ўзведзеная невялікая царква каля месца з’яўленьня абраза Божай маці побач з крыніцай. Па паданьні, царква два разы згарала, але абраз заўсёды ратавалі. У час Першай сусьветнай вайны па распараджэньні імпэратара Мікалая II, усе прыфрантавыя храмы павінны былі эвакуяваць царкоўныя каштоўнасьці. На жаль, пасьля эвакуацыі ікона не вярнулася, зараз у царкве знаходзіцца яе копія.

Але крыніца засталася, і, па сведчанні паломнікаў, дзякуючы дапамозе Божай, якая падаецца праз ваду, яны атрымліваюць вылячэньне ад сваіх хваробаў. Ракаўская крыніца славіцца тым, што дапамагае пры хваробах вачэй.

У савецкі час крынiцу хацелі асушыць, праводзілі меліярацыйныя працы, падкопвалі, але так нічога і не змаглі зрабіць. Больш за тое, яна нікуды не ўпадае: выходзіць зь зямлі і праз 150 мэтраў зноў сыходзіць у зямлю.

Каардынаты: 53.968306, 27.079567.

Iслач-парк

У пары кіламетраў на захад ад Ракава знаходзіцца аздараўленчы парк. Цікавы ён акрамя сваіх асноўных функцый, яшчэ і найпрыгожымі відамі на звілістыя раку Іслач. Уезд на тэрыторыю і прагулкі па парку, а таксама ўздоўж ракі вольны.

Каардынаты паркоўкi: 53.978610, 27.016673.