Vałožyn district

Zabreźzie

Забрэзьзе – вёска на рацэ Бандароўцы, насельніцтва на 2010 год – 258 чалавек. Вёска знаходзіцца за 12 кiлямэтраў на паўночны захад ад Валожына, за 4 кiлямэтры ад чыгуначнай станцыі Валожын.

Забрэзьзе – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся гаспадарчы двор былой сядзібы Некрашэвічаў, помнік архітэктуры XIX стагодьдзя.

Упершыню паселішча ўпамінаецца ў XV стагодьдзя пад назвай Забераж як радавое ўладаньне Забярэзінскіх і Дарагастайскіх. У 1456 годзе Забярэзінскія збудавалі тут касьцёл. У другой палове XVI–XVII стагодзьдзях маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Збараскіх, Слушкаў, Коцелаў, Кішкаў.

У канцы XVI стагодьдзя паселішча значыцца як Забярэзьзе. На 1626 год тут было 70 двароў, касьцёл, царква Сьвятога Спаса, карчма. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) маскоўскія захопнікі зьнішчылі тутэйшы касьцёл, адноўлены ў 1695 годзе. 3 2-й паловы XVIII стагодьдзя мястэчкам валодалі Комары.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Забрэзьзе апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ашмянскім павеце. У канцы XIX стагодьдзя у мястэчку было 8 двароў, царква, касьцёл, капліца, багадзельня, школа. У пачатку XX стагодьдзя ў Забрэзьзі дзейнічалі царква і касьцёл, правацавала народная вучэльня.

Вiдарыс Забрэзьзя па стану на 1897 год. Малюнак Баляслава Тамашэвіча

У Першую сусьветную вайну (1915–1918) праз Забрэзьзе праходзіла лінія фронту, у лютым 1918 году мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Забрэзьзе абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Забрэзьзе апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Валожынскім павеце Віленскага ваяводзтва.

У 1939 годзе Забрэзьзе ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі.

У час Другое сусьветнае вайны тут было створана адно з пяці гета ў Валожынскім раёне. Амаль усё габрэйскае насельніцтва вёскі было знішчана, усяго ў Забрэззе загінулі 136 габрэяў. Гістарычны касьцёл быў знішчаны.

Царква Дабравешчаньня Багародзіцы

Мураваную царкву-мураўёўку Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Забрэзьзі збудавалі ў 1867 годзе.

За савецкім часам царква не зачынялася.

Каардынаты: 54.187775, 26.449517.