Vialejka district

Daŭhinaŭ

Даўгі́наў – вёска на рацэ Сярчыстай. Насельніцтва на 2010 год – 1110 чалавек. Знаходзіцца за 47 кiлямэтраў на паўночны ўсход ад Вялейкі, за 18 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Крывічы. Вузел аўтамабільных шляхоў на Менск, Вялейку, Будслаў, Крывічы, Докшыцы, Плешчаніцы, Краснае. Даўгінаў – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Даўгінаў утварыўся ад прыметніка «доўгі» або ад прозьвішчаў Доўгі, Даўгінаў.

Традыцыйная гістарычная назва паселішча – Даўгінаў (упамінаецца як Долгиновъ ужо ў 1635 годзе), афіцыйная – Даўгі́нава (рас. Долгиново).

Упершыню Даўгінаў (пад назвай Даўгінавічы) упамінаецца ў 1440–1443 гадох як уладаньне Яна Доўгірда, ваяводы віленскага. Пазьней маёнтак перайшоў да Івашкі Манівідавіча, а ў 1485 годзе – да Багдана Саковіча, ваяводы троцкага. У 1525 годзе Даўгінаў знаходзіўся ў валоданьні Альжбеты Саковіч. У пачатку XVI стагодьдзя тут збудавалі царкву Сьвятой Тройцы, у 1553 годзе – касьцёл.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Даўгінаў увайшоў у склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. З 1567 году маёнткам валодаў Юры Хадкевіч, з 1622 году – Януш Кішка, ваявода полацкі. У 1634 годзе апошні прадаў Даўгінаў Язэпу Руцкаму, грэцка-каталіцкаму мітрапаліту кіеўскаму, галіцкаму і ўсяе Русі.

Пад 1643 годам Даўгінаў упамінаецца як мястэчка. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) у ваколіцах Даўгінава адбыліся жорсткія баі, само паселішча спалілі маскоўскія захопнікі. З 1690 году Даўгінаў знаходзіўся ў валоданьні Караля Міхала Друцкага-Сакалінскага. У 1704 годзе Караль і Эва Друцкія-Сакалінскія фундавалі тут новы касьцёл. У 1746 годзе ў мястэчку разьмяшчаўся грэцка-каталіцкі дэканат, які ахопліваў 26 парафіяў. У 1793 годзе сьвятар Дамінік Марціноўскі збудаваў новую царкву.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Даўгінаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Вялейскага павету Віленскай губэрні. На 1800 год у мястэчку было 88 двароў, на 1866 год – 362 двары. У XIX стагодьдзi тут штогод праводзіліся славутыя кірмашы, да 1866 году працавала суконная фабрыка з больш як 300 работнікамі (на 1850 год). Мануфактуру збудаваў уладальнік мястэчка граф С. Л. Каменскі. На 1824 год прадпрыемства мела 2, на 1840 год – 28 ткацкіх станкоў, вадзяны і паравы рухавікі. Ткаліся тонкія сукны ўсіх колераў. Вырабы збываліся ў Рыгу, Вільню, Мітаву, Ромны. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Даўгінаве існавала школа, 60 крамаў, паштовая станцыя. У пачатку XX стагодьдзi –царкоўнапрыходзкая школа, 2-клясная народная вучэльня (2 настаўнікі, 124 навучэнцы).

За часамі Першае сусьветнае вайны ў лютым 1918 году Даўгінаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Даўгінаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, а жыхары Даўгінаўскай воласьці накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў. 1 студзеня 1919 годзе ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Даўгінаў увайшоў у склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году ён апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва.

У 1939 годзе Даўгінаў увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету Крывіцкага раёну (з 25 сьнежня 1962 году ў Вялейскім раёне). 1 траўня 1940 году мястэчка атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 3 ліпеня 1944 году Даўгінаў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. 16 ліпеня 1954 году статус паселішча панізілі да вёскі. На 1971 год тут было 596 двароў.

Даўгінаў даў назву тракту, які ідзе ад Менска ў паўночным напрамку. Сёньня дарога паміж Менскам і Даўгінавым значна мадэрнізаваная і пашыраная, 50 кілямэтраў новай праходзяць уздоўж старога тракта.

Касьцёл сьвятога Станiслава

Першы драўляны касьцёл у Даўгінаве збудавалі ў 1553 годзе. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў будынак касьцёла зьнішчылі. У 1660-я гады на сродкі князёў Друцкіх-Сакалінскіх збудавалі новы драўляны касьцёл. Апошні драўляны касьцёл збудавалі ў 1704 годзе з фундацыі Караля і Эвы Друцкіх-Сакалінскіх.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Даўгінаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. У пачатку XIX стагодьдзя драўляны касьцёл згарэў у час пажару. У 1853 годзе на сродкі парафіянаў і стараньнем ксёндза Юзэфа Львовіча на гістарычным Рынку збудавалі новы мураваны касьцёл у стылi архітэктуры клясыцызму.

За савецкім часам касьцёл не зачыняўся.

Каардынаты: 54.646521, 27.480667.

У невялікім сквэры перад касьцёлам усталяваны камень з мемарыяльнай таблічкай у гонар беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі, які ў канцы ХІХ стагодьдзя жыў і вучыўся ў Даўгінаве.

Сапраўднае імя – Плаўнік Самуіл Яфімавіч, нарадзіўся ў 1886 годзе у вёсцы Пасадзец Вялейскага павета (зараз Лагойскі раён). Пасля сканчэньня мясцовай пачатковай габрэйскай школы (хедар) Самуiл прадоўжыў адукацыю ў пачатковай школе равінаў – даўгінаўскім ешыбоце. Жыў у сваёй цёткі па лініі мацеры ў Даўгінаве. Частка будынка гэтай школы з чырвонай цэглы ў цэнтры Даўгінава захавалася да нашых часоў. Юнаком Самуiл рэгулярна наведваў Даўгінаўскую бібліятэку, праходзячы пехам па 25 кiлямэтраў у адзін бок. У адзін з такіх прыходаў пазнаёміўся з мясцовым жыхаром Вульфам Сосенскім, які супрацоўнічаў з беларускай газэтай «Наша Ніва». Па яго рэкамендацыі ў газэце з’явіліся першыя карэспандэнцьіі, а затым і мастацкія творы, падпісаныя спачатку Саша Плаўнік, а затым – псэўданімам Змітрок Бядуля. Пiсьменнiк быў знаёмы з Максімам Багдановічам, Кандратам Крапівой, Пятром Глебкам, Пятрусём Броўкам, Янкам Купалам і Якубам Коласам. Памёр у 1941 годзе пад час эвакуацыі на Урал. Пахаваны ў горадзе Уральск ў Казахстане.

Каардынаты: 54.646638, 27.479788.

Царква Сьвятой Тройцы

Царква Сьвятой Тройцы – помнік гісторыі другой паловы XIX стагодьдзя (мураўёўка), знаходзіцца ў паўднёвай частцы колішняга мястэчка пад адрасам вуліца Менская, 27. Дзейнічае. Твор архітэктуры расейскай эклектыкі.

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) збудавалі ў 1870 годзе.

За савецкім часам царква не зачынялася.

Каардынаты: 54.641541, 27.475162.