Vialejka district

Illa

І́льля – вёска на правым беразе ракі Іліі, цэнтар сельсавету Вялейскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год – 1458 чалавек. Знаходзіцца за 37 кiлямэтраў на паўднёвы ўсход ад Вялейкі, за 29 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Вуша; на аўтамабільнай дарозе Р58 (Сосенка – Краснае).

І́льля – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваліся рэшткі гуты Салагубаў, помнік археалёгіі XVIII–XIX стагодзьдзяў.

Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму Ільля. Паводле аднаго зь іх, ён утварыўся ад назвы ракі І́лія і сьпярша выглядаў як І́ля. Пазьней назва мястэчка зьмянілася на Ільлю, нібы ў гонар хрысьціянскага прарока. Згодна зь іншай вэрсіяй, паселішча атрымала сваю назву ад Ільлінскай царквы.

Першы пісьмовы ўпамін пра І́льлю як двор маршалка дворнага Багдана Саковіча датуецца 1475 годам. Пазьней паселішчам валодалі Забярэзінскія, Збараскія.

У 1564 годзе І́льля ўпершыню ўпамінаецца як мястэчка («место»), таксама існавалі аднайменныя двор і воласьць. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў І́льля ўвайшла ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. 3 1582 году да канца XVII стагодьдзя мястэчка знаходзілася ў валоданьні Глябовічаў.

Паводле інвэнтару 1650 году, Ільля складалася з Рынку і 3 вуліцаў, тут было 93 двары, 10 корчмаў, новазбудаваны касьцёл (царква згарэла незадоўга да складаньня інвэнтару). У 1692 годзе Крыстына Глябовіч разам з мужам, гетманам вялікім Казімерам Янам Сапегам зьмянялі маёнтак велятыцкаму старосту князю К. Друцкаму-Сакалінскаму.

У XVIII стагодьдзi уладальнікамі Ільлі былі: дачка Друцкага-Сакалінскага Барбара і яе муж ковенскі харунжы А. Скарульскі, Савіцкія (графы на Ільлі), каралеўскі ад’ютант, потым Я. М. Салагуб, за якім у маёнтку існавала вялікая гута. У 1772 годзе з фундацыі Брыгіты з Радзівілаў Салагуб тут збудавалі касьцёл Маці Божай Ружанцовай (зьнішчаны ў Другую сусьветную вайну). У 1792 годзе Я. М. Салагуб прадаў Ільлю падскарбію вялікаму, кампазытару Міхалу Клеафасу Агінскаму.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Ільля апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Віленскай губэрні. За ўдзел у паўстаньні Т. Касьцюшкі ў 1794 годзе расейскія ўлады канфіскавалі мястэчка. У 1795–1804 гадох уладальнікам Ільлі быў фэльдмаршал М. Салтыкоў, у 1804–1806 гадох – генэрал-маёр Л. Зьдзяхоўскі, потым – менскі губэрнскі маршалак Ю. Валадковіч і С. Радзішэўскі, які за часамі вызвольнага паўстаньня (1830–1831) быў вайсковым начальнікам Вялейскага павету і камандзірам палку. Расейскія карныя войскі разрабавалі Ільлінскую сядзібу, а маёнтак канфіскавалі. На 1886 год у Ільлі было 40 двароў, 2 царквы, школа, таргі ў нядзелі, штогадовыя кірмашы 6 студзеня і 20 чэрвеня.

За часамі Першае сусьветнае вайны у лютым 1918 году Ільлю занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ільля абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Ільля ўвайшла ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва.

У 1939 годзе Ільля ўвайшла ў БССР, дзе стала цэнтрам раёну і сельсавету. З 1957 годзе Ільля ў Вялейскім раёне, статус паселішча пры гэтым панізілі да вёскі.

Касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Пана Езуса

Касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Пана Езуса – помнік архітэктуры пачатку XX стагодьдзя. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на Вялейскай вуліцы. Дзейнічае. Твор архітэктуры нэараманскага стылю.

Будаваньне мураванага касьцёла ў Ільлі скончылі ў 1909 годзе. Архітэктарам будынка стаў Аўгуст Клейн. Часткова пабудову касьцёла фундавалі парафіяне, а часткова пан Тукала ўклаў значныя асабістыя сродкі. Сяляне пана Тукалы звозілі з прылеглых тэрыторыяў каменьне на будоўлю, за што атрымлівалі грошы. Датычна гэтага факту ёсьць згадкі ў летапісе Ільлінскай царквы: «1908 год. У гэтам годзе ў Ільлі пачалі будаваць касьцёл. На жаль, мясцовыя каталікі, зьбіраючы самавольна камяні з чужога поля, узарвалі сем вялікіх камянёў на царкоўным полі. Сьвятар 3 чэрвеня заявіў аб гэтым мясцоваму ўрадніку, прытым сьвятар прасіў скласьці адпаведны пратакол і накласьці арышт на камяні. Ураднік, нягледзячы на другую паперу ад 9 ліпеня з напамінам пра тое ж, ня склаў пратаколу да таго часу, пакуль пра гэта не было заяўлена вялейскаму ўрадніку. Але, пакуль на даручэньне ўрадніка было зроблена дазнаньне, каталікі зьвезлі ўсе камяні з поля, а ўраднік за бязьдзейнасьць і абразу сьвятара словамі «што гэты поп да мяне прывязаўся?» атрымаў толькі вымову».

Па Другое сусьветнае вайне савецкія ўлады касьцёл зачынілі, а яго будынак перарабілі пад малаказавод.

У 1990-я гады пры аднаўленьні касьцёла над ім паставілі драўляную вежу. У 1993 годзе ксёндз Аляіз Кулік асьвяціў адноўлены касьцёл.

Каардынаты: 54.412114, 27.289731.

Iнтэр’ер касьцёла