Vialejka district

Iža

І́жа – вёска на правым беразе ракі Нарач, насупраць упадзеньня ў яе Узьлянкі, цэнтар Іскага сельсавету. Разьмешчаная за 24 кілямэтры на паўночны захад ад гораду і чыгуначнай станцыі Вялейка, за 127 кілямэтраў ад Менску. Праз Іжу праходзіць аўтадарога Любань – Лыцэвічы, бліжэйшая да Iжы чыгуначная станцыя ўзнаходзiцца ў Вялейцы.

Вёска вядомая як Іжа Кішчанская або Кішчанцы з XVII стагодьдзя. Іжай называлася суседняя вёска, цяпер Каралеўцы (або Іжа Каралеўская).

Царква сьвятога Язэпа

Праваслаўная царква ў Іжы існавала ўжо ў XVI стагодьдзi, з XVIІ стагодьдзя апынулася ва ўладанні Віленскай капітулы і стала ўніяцкай. Паступова ў ХІХ стагодьдзi Кішчанская царква, як і адпаведная вёска (Іжа-Кішчанская) па найменаваньні войтаўства стала звацца Іжскай. Пасля 1839 года, у сувязiз разгромам унiяцтва i далучэньнем Уніяцкай Царквы да Рускай праваслаўнай, храм у Іжы (1774 года пабудовы) пераабсталявалі і асьвяцілі пад тытулам сьвятога Язэпа Абручніка.

На пачатку ХХ стагодьдзя будынак царквы значна нахіліўся на паўночны бок. Епархіяльныя архітэктары ў 1903 і 1908 гадох палічылі яе зусім непрыгоднай для богаслужэньня, але храм яшчэ дзейнічаў ня меньш за дзесяць гадоў. Пасьля Першае сусьветнае вайны, у складзе Польскай рэспублікі, з 1922 года на месцы старога храма распачалося будаўніцтва новай драўлянай царквы.

Новая царква пабудаваная ў 1922 – 1929 гадох пасьля Другое сусьветнае вайны, пры савецкай уладзе, у 1963 годзе царква была зачыненая. Пэўны час памяшканьне храма пуставала, пасьля выкарыстоўвалася пад збожжасховішча калгаса «Рассвет», пазьней – як калгасны музэй. З 1989 года пачалося адраджэньне храма і ўжо ў лютым 1990 года царква была асьвечаная нанова. З 2002 па 2004 гады па блаславеньні Патрыяршага Экзарха Філарэта праводзілася рэканструкцыя купалоў, храм набыў новы від.

Каардынаты: 54.661222, 26.762073.