Vialejka district

Kuraniec

Куранец – вёска на рацэ Пеле, цэнтар сельсавету Вялейскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год складала 962 чалавекі. Знаходзіцца вёска за 7 кiлямэтраў на паўночны ўсход ад Вялейкі, за 200 мэтраў ад чыгуначнай станцыі Куранец; на шашы Вялейка – Докшыцы.

Куранец – даўняе места гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся драўляны касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVII стагодьдзя.

Упершыню Куранец разам з возерам Нарач і ракой Нарач упамінаецца ў лацінскамоўнай грамаце вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча віленскаму катэдральнаму касьцёлу Сьвятога Станіслава ад 2 лютага 1436 году («districtum Kureniecz», «lacu Norocz», «flavium Norocz»).

У 1539 году ў Куранцы збудавалі царкву, у 1665 годзе – касьцёл. У гэты ж час паселішча атрымала статус места.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Куранец апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Вялейскага павету Віленскай губэрні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У XIX стагодзьдзі тут праводзіліся вялікія кірмашы. На 1866 год у Куранцы было 208 дамоў. У пачатку XX стагодьдзя існавалі валасная ўправа, 2 царквы, царкоўнапрыходзкая школа.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Куранец занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Куранец абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Куранец апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва.

У 1939 годзе Куранец увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 году стаў цэнтрам Куранецкага раёну (з 1946 году ў Вялейскім раёне). 12 кастрычніка 1940 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году Куранец знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. 16 ліпеня 1954 году статус паселішча панізілі да вёскі.

Царква Раства Багародзіцы

Першы пісьмовы ўпамiн аб храме ў Куранцы адносіцца да 1355 года. Аж да пачатку XIX стагодьдзя захавалася вельмі мала зьвестак па гісторыі праваслаўнай парафіі ў Куранцы.

Па задушэньнi вызвольнага паўстаньня 1863 года драўляны каталіцкі храм XVII стагодьдзя ў Куранцы быў зачынены. У 1866 годзе трухлявы будынак Куранецкага касьцёла быў прымусова перададзены праваслаўнай царкве.

14 кастрычніка 1866 года адбылася закладка новай мураванай царквы. Урад выдзеліў на яе будаўніцтва суму ў памеры 17.030 рублёў. 16 кастрычніка 1870 года новая царква была асьвечаная ў гонар Нараджэньня Прасвятой Багародзіцы.

У верасьні 1915 года падчас Сьвянцянскага прарыву нямецкай кавалерыі у Куранецкай царкве было наладжана стойла для коней. У 1925 годзе зноў здарыўся пажар, падчас якога трэснуў царкоўны звон.

У 1960-я гады храм быў зачынены савецкімі ўладамі. Царкоўнае начыньне і іконы былі вывезеныя ў вёску Касута. Сам храм быў аддадзены пад сховішча збожжа, мукі і ўгнаеньняў.

У канцы 1970-х здарыўся новы пажар, які значна пашкодзіў сцены храма і рэшткi даха. У сакавіку 1990 гады пачаліся аднаўленчыя працы.

Каардынаты: 54.556437, 26.968117.