Vialejka district

Vialejskaje vodaschovišča

Вялейскае вадасховішча (Вялейскае мора) – найбуйнейшае вадасховішча Беларусі, на сутоках Вяльлі з Сэрваччу, Ільліяй, Касуткай. Знаходзіцца ў Вялейскім раёне Менскай вобласьці, за 5 кiлямэтраў на ўсход ад места Вялейкі. Галаўное гідразбудаваньне Вялейска-Менскай воднай сыстэмы. Плошча паверхні 64,6 км². Даўжыня 27 кiлямэтры, найбольшая шырыня 3 кiлямэтры. Найбольшая глыбіня дасягае 13 мэтры, сярэдняя складае 3,7 мэтры. Аб’ём запаўненьня 238 млн. м³.

Уздоўж берагоў вадасховішча стаяць места Вялейка, гістарычнае мястэчка Вязынь, вёскі Рабунь, Сосенка, Чыжэвічы. На плаціне вадасховішча разьмяшчаецца Вялейская ГЭС.

Будаваньне вадасховішча пачалі ў 1968 годзе, пры тым затапілі 9 вёсак. Дзеля павелічэньня водазабесьпячэньня Менску частку сьцёку больш паўнаводных рэк Беларусі перакінулі ў раку Сьвіслач. Адначасна з будаваньнем вадасховішча зрабілі водны канал, якім воды Вяльлі пачалі перакідваць у Сьвіслач з уздымам на ўзровень больш за 70 мэтраў. У 1973 годзе перакрылі раку Вяльлю. У пачатку 1975 году воды вадасховішча накіравалі каналам да Менску.

У кастрычніку 1995 году пачалося будаваньне Вялейскай ГЭС, а ў красавіку 1998 году першую чаргу ГЭС увялі ў эксплюатацыю з падлучэньнем у энэргасыстэму «Менскэнэрга». У красавіку 2002 году пачала працаваць другая чарга. Агульная ўсталяваная магутнасьць ГЭС склала 1000 кВт (за год 7,5 млн кВт электраэнэргіі).

Каардынаты: 54.485073, 27.087817.