Vialejka district

Viazyń

Вязынь – вёска на рацэ Іліі, цэнтар сельсавету Вялейскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год – 557 чалавек. Знаходзіцца за 22 кiлямэтра на паўднёвы ўсход ад Вялейкі. Вязынь – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны.

Вязынь вядомая з XV стагодьдзя. У 1478 годзе Вялікі князь літоўскі Казімір IV падараваў Вязынь дворнаму маршалку Яну Кучуку. У 1495 годзе праз Вязынь у Вільню праязджала Алена Іванаўна, нявеста вялікага князя Аляксандра Ягелончыка.

У канцы XV стагоддзя Вязынь уваходзiла ў Менскі павет, належала роду Саковічаў. Ад Ю. Саковіча маёнтак перайшоў да ягонага сына Войцеха, які паводле маёнтку Насілаў пісаўся панам Насілоўскім, потым Вязыеь адышла да сына апошняга, ваяводзе віцебскаму Юрыю Насілоўскаму. За ім у Вязыні ў 1543 годзе заснавалі касьцёл, у гэты ж час паселішча, імаверна, атрымала статус мястэчка. Тым часам першы ўпамін пра Вязынь як мястэчка датуецца 1552 годам.

У 2-й палове XVI стагодьдзя Вязынь перайшла да Вітунскіх: Я. Вітунскі значыцца як уладальнік паселішча ў 1616 годзе пры разьмежаваньні з суседнім маёнткам Куранцом. Пазьней паселішча перайшло ў валоданьне Віленскага жаночага кляштару бэнэдыктынак пры касьцёле Сьвятой Кацярыны. Як уласнасьць бэнэдыктынак мястэчка ўпамінаецца ў 1627 і 1638 гадох пры разьмежаваньнях іхных зямель і пры парушэньні межаў Вязынскай пушчы з боку ваяводы смаленскага А. Гасеўскага, у 1674 годзе пры разьмежаваньні з маёнткам віленскіх бэрнардынак Рабунем.

У 1721 годзе кляштарныя маёнтак Вязынь і фальварак Седзіца мелі спрэчныя землі з Маладэчнам і Селішчам пана Міхала Казімера Коцела. У 1736 годзе ўпамінаецца царква ў Вязыні, на якую кляштар бэнэдыктынак выдзеліў паўвалокі зямлі. У 1770 годзе адбылося яшчэ адно разьмежаваньне з суседнімі маёнткамі Селішчам і Ляўковам. У 1791 годзе ў мястэчку збудавалі царкву Прачыстай Божай Мацi.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Вязынь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Менскай, з 1843 году – Віленскай губэрні. У 1808 годзе мястэчка перайшло да Гяцэвічаў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Вязыні дзейнічалі царква, каталіцкая капліца і сынагога. У пачатку XX стагодьдзя – валасная ўправа, народная вучэльня (91 вучань і 2 настаўнікі), аднаклясная царкоўнапрыходзкая школа, 359 дзесяцінаў зямлі. У 1810–1913 гадох тут, у маёнтку Гяцэвічаў, працавалі бровар (10 работнікаў), у 1810–1913 гадох – млын (18 работнікаў).

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Вязынь занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вязынь абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Вязынь ўвайшла ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году яна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва.

У 1939 годзе Вязынь увайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі.

Касьцёл Раства Найсьвяцейшай Панны Марыi

Касьцёл (капліца) Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Вязыні – помнік архітэктуры пачатку XX стагодьдзя. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка. Дзейнічае. Твор архітэктуры нэагатычнага стылю з элемэнтамі мадэрну.

Парафія Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Вязыні ўпершыню ўпамінаецца ў 1543 годзе.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Вязынь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у мястэчку працягвала дзейнічаць капліца.

У 1908–1909 гадох у Вязыні з цэглы і вапняку пасярод сядзібна-паркавага комплексу Гяцэвічаў збудавалі новую капліцу.

У міжваенны час капліца пачала дзейнічаць як касьцёл. Па Другое сусьветнае вайне савецкія ўлады касьцёл зачынілі, а будынак перарабілі пад вясковы клюб.

У 1993 годзе будынак касьцёла вярнулі каталікам, аднавілася парафія. У 2005 годзе праводзілася рэстаўрацыя і рэнавацыя касьцёла.

Каардынаты: 54.421161, 27.161994.

Выгляд касьцёлу па стане на 2005 год

Царква Покрыва Прасьвятой Божай Мацi

Драўляная царква Ўсьпеньня Багародзіцы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) знаходзіцца на ўсходняй ускраіне гістарычнага мястэчка. Дзейнічае. Твор архітэктуры расейскай эклектыкі. Збудавалi царкву ў 2-й палове XIX стагодьдзя.

Каардынаты: 54.420703, 27.172352.