Brasłaŭ district

Druja

Друя – вёска на рацэ Дзьвіна ў месцы яе зьліцьця з ракой Друйкай. Першапачаткова гэта мястэчка на мяжы Браслаўшчыны і Полаччыны.

8 жніўня 1618 года Ян Станіслаў Сапега падпісаў хартыю аб заснаваньні новага селішча недалёка ад Друі, назваўшы яго Сапежын, з намерам ператварыць яго ў важны цэнтр рамёстваў, гандлю і абароны. 3 сакавіка 1620 кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Сапежыну Магдэбурскае права. Прывілей Сапегі неаднаразова пацьвярджаўся каралямі і вялікімі князямі ў XVII і XVIII стагодьдзях. З пераходам пад юрысдыкцыю Сапегаў усёй Друі магдэбурскае права распаўсюдзілася і на іншыя часткі места.

Падчас вайны паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай ў 1632 годзе Друя была разбурана войскамі маскоўскага гаспадара Міхаіла Фёдаравіча.

У XVII і XVIII стагодьдзях Друя была важным цэнтрам рамёстваў і гандлю, тут існавала цэхавая арганізацыя рамесьнікаў.

Падчас новай вайны паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў Друя некалькі разоў цалкам руйнавалася маскоўскімі захопнікамі.

У 1700 годзе Аляксандар Сапега перадаў Друю барону Мантэўфелю, а з 1705 года маёнтак на кароткі час перайшоў ва ўласнасьць сям’і Агінскіх. У XVIII стагодьдзі праз горад праходзіць сухапутны гандлёвы шлях з Тарапца ў Кёнігсберг.

Сёньня Друя, мабыць, усё ж не горад, а гарадскі пасёлак, але які мае слаўнае мінулае. Калі б не злачынствы савецкіх уладаў, то ў Друі засталіся б і Вялікая сінагога, i кляштар дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Антонія.

Але давайце паглядзім, што добрага ёсьць у Друі цяперашняй.

Барысаў камень

Барысавы камяні – манументальныя помнікі эпіграфікі XII стагодьдзя на тэрыторыі Беларусі. Камяні ўяўляюць сабой вялізныя (да некалькіх мэтраў) валуны з выбітымі на іх крыжамі і рознымі надпісамі. Сваю назву гэтыя камяні атрымалі ад полацкага князя Барыса, які кіраваў у XII стагодьдзі, імя якога было выбіта на большасьці зь іх. Праўда, існаваў адзін Рагвалодаў камень і яшчэ захаваўся безназоўны валун, вядомы як Варацішын крыж, але ўсе яны ставяцца да таго ж часу. Дакладная прычына з’яўленьня на нашых землях гэтак незвычайных помнікаў дагэтуль невядомая.

Першапачаткова Барысавы камяні былі язычніцкімі фетышамі, але ў першай трэці XII стагодьдзя на іх высеклі крыжы на загад полацкага князя Рагвалода Усяславіча. У народзе камяні захаваліся пад назвамі Барыс, Барыс-Хлебнік, Барыс-Глеб, Барысаглебскі, Пісар, Пісанік і іншыя.

Большасьць з Барысавых камянёў было знішчана ў перыяд барацьбы з рэлігіяй. Тая ж доля спасьцігла і Рагвалодаў камень з надпісам «Въ 6679 (1171) месяца мая въ 7 день доспенъ крест сей. Господи помози рабу своему Василію въ крещеніи именемъ Рогволоду сыну Борисову», які стаяў ля вёскі Дзятлава Аршанскага раёна. Ён быў па-варварску падарваны ў 1930-х гадах, а ягоныя абломкі былі выкарыстаныя для будаўніцтва старой шашы Менск – Масква.

Захавалася ўсяго чатыры «беларускіх» Барысавых каменя, адзін з якіх ў 1888 годзе быў вывезены ў Расію і цяпер знаходзіцца ў музеі-запаведніку Каломенскае. У Беларусі засталося тры: каля Сафійскага сабора ў Полацку, Варацішын крыж у вёсцы Камена Вялейскага раёна і ў Друі.

Друйскі камень доўгі час быў скрыты пад вадой на глыбіні, куды яго сцягнуў вясновы крыгаход яшчэ ў першай палове XX стагодьдзя, пасля чаго параўнальна нядаўна ён быў «вылаўлены» з вусьця ракі Друйкі і ўсталяваны побач у выглядзе трох вялікіх каменных абломкаў на высокім беразе ракі 22 кастрычніка 2002 года. У 2011 годзе камень перанеслі на галоўны пляцу пасёлка.

Каардынаты: 55.791486, 27.448868

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы й кляштар бэрнардынаў

Манументальны комплекс кляштара бернардынаў і Траецкага касьцёла пры ім, мабыць, самая ўражлівая славутасьць Друi. Касьцёл будаваўся ў 1643–1646 гадах, а ў другой палове XVIII стагодьдзя яго часткова перабудавалі ў стылі барока.

У 1852 годзе расейскія ўлады гвалтоўна ліквідавалі кляштар. У 1923–1928 гадах у памяшканьнях кляштара размяшчаліся манахі-беларусы ордэна марыянаў. Пры кляштары пачала працаваць школа. Адразу ж пасьля вайны савецкія ўлады касьцёл зачынiлi, а ягоныя будынкі выкарыстоўвалi для патрэбаў Друйскага СПТВ меліярацыі, пасьля чаго яно шматкроць пераходзіла з рук у рукі да таго часу, пакуль ў 1998 годзе будынак не вярнулі каталікам.

Каардынаты: 55.788164, 27.462972

Iнтэр’еры храма

Рэстаўрацыя храма.

Царква Дабравешчаньня Прасьвятой Багародзіцы (рэшткi)

На ўскраіне Друі можна падыйсьці да руін Дабравешчанскай царквы.

Каардынаты: 55.791752, 27.454077

У Друі ёсьць некалькі памежных слупоў, да якіх можна легальна падысьці і сфатаграфаваць сябе, любімых. Поруч гэтых слупоў часта любяць фатаграфавацца тыя, хто панаехаў на экскурсiю. Усяго ў Друі, калі я не памыляюся, такіх слупоў цi то два, ці то тры. Адзін зь iх знаходзіцца прама поруч набярэжнай, а другі – у двары Добровещенской царквы, дакладней, яе руінаў.

Памежны слуп

Piedrujas Jaunavas Marijas debesīs uzņemšanas Romas katoļu baznīca (Пиедруя, Латвия)

Калі кінуць погляд на процілеглы бераг Дзьвіны, то там бачная Латвія. І вельмі нядрэнны каталіцкі касьцёл у суседняй вёсачцы Піедруя.

Координаты: 55.795887, 27.445097

Царква сьвятога Георгiя

На ўскрайку вёскі знаходзяцца могілкі, дзе можна падысьці да Сьвята-Георгіеўскай царквы.

Каардынаты: 55.785218, 27.434163