Dokšycy district

Dokšycy

Докшыцы – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Першае пісьмовае згадваньне аб Докшыцах зьмяшчаецца ў грамаце Вялікага Князя Вітаўта, выдадзенай 13 студзеня 1407 года ў Вільні. У ёй віленскі ваявода Войцех Манiвiда атрымаў пацьвержаньне права на сёлы і сялян-даннікаў у «Харэцкай воласьці».

На мяжы XVI–XVII стагодьдзяў Докшыцы атрымалі статус мястэчка. У розныя часы аднайменны маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Манiвiдаў, Радзівілаў, Сапегаў, Кішак, Пацаў, Осьцікаў, Сангушкаў, капітулы Жамойцкага біскупства, Юдзіцкiх, Гутаровічаў.

У Вялікую Паўночную вайну (1700–1721) ў 1708 годзе мястэчка спалілі шведы.

Падчас вайны 1812 года праз Докшыцы ў ліпені прайшлі войскі віцэ-караля Італіі Е. Багарнэ, а ў кастрычніку – часткі корпуса генерала К. Ф. Врэдэ, якія разрабавалі і зноў спалілі мястэчка. Усё гэта прывяло да таго, што на сёньняшні дзень акрамя жытловай забудовы ў горадзе засталося ня так шмат цікавых архітэктурных аб’ектаў, як тое магло б быць.

Цэнтрам новаўтворанага раёна Докшыцы сталі ў 1940 годзе.

Касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы

У 1608 годзе Станіслаў Кішка заснаваў у Докшыцах касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы, пры якім з 1781 года пачаў дзейнічаць невялікі кляштар.

На месцы знішчанага падчас неаднаразовых войнаў і пажараў старога Траецкага касьцёла ў 1991–1994 годзе пабудавалі новы, асьвячоны пад тым жа імем.

Каардынаты: 54.889544, 27.756374

Царква Покрыва Прасьвятой Багародзіцы

Ёьць у горадзе i праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, якую пабудавалі ў 1900–1903 гадах на месцы царквы Сьвятога Пасаду. Гэта прыклад эклектычнай царкоўнай архітэктуры Расейскай імпэрыі.

У 1990-я гады будынак адрамантавалі, мясцовы мастак В. Маркавец аднавіў фрэскавую размалёўку.

Каардынаты: 54.891725, 27.766999