Šarkoŭščyna district

Šarkoŭščyna

Шаркоўшчына – даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны на рацэ Дзісна.

Існуе некалькі меркаваньняў датычна паходжаньня тапоніму Шаркоўшчына: адны географы зьязваюць яго з назвамі Шаркі, Шаркоўка, Шаркішкі і мяркуюць, што ўсе яны маюць паходжаньне ад беларускага слова «шэры». На думку iншых, назва Шаркоўшчына мае балцкі корань «шарк». Апроч таго, існуе меркаваньне, якое зьвязвае тапонім зь летувіскім словам šarka – сарока, пры гэтым зазначаюцца наяўнасьць вёсак з назвай тыпу Сарочына ў ваколіцах Шаркоўшчыны.

Першы пісьмовы ўпамін пра Шаркоўшчыну датуецца 1503 годам, калі вялікі князь Аляксандар перадаў яе старосьце дзісенскаму і кашталяну смаленскаму Юрыю Дэспат-Зяновічу. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва.

У 1604 годзе Зяновічы прадалі Шаркоўшчыну канцлеру вялікаму Льву Сапегу, пазьней яна знаходзілася ў валоданьні Дамброўскіх. У 1743 годзе маёнтак набыў ваявода берасьцейскі Мікалай Тадэвуш Лапацінскі. Лапацінскія нямала зрабілі дзеля разьвіцьця Шаркоўшчыны: яны збудавалі тут мураваны палац, капліцу, аранжарэю, цяпліцу. Побач з маёнткам існавалі мястэчкі Новая Шаркоўшчына і Старая Шаркоўшчына.

У 1767 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў мястэчку Новай Шаркоўшчыне Магдэбурскае права.

Царква ў гонар абраза «Ўсіх Смуткуючых Радасьць»

Царква ў гонар Абраза «Ўсіх Смуткуючых Радасьць» была пабудаваная ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў 1897 годзе з цэглы на месцы драўлянага храма 1841 года. У Другую Сусьветную вайну была паўзруйнавана. У 1970-я гады ў ёй быў размешчаны Дом культуры.

У 1990 годзе будынак ў вернуты вернікам і адноўлены.

Каардынаты: 55.360775, 27.457619

Царква Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы

Усьпенская царква пабудавана ў Шаркоўшчыне ў 1912 годзе з дрэва па праекце губернскага епархіяльнага архітэктара А. Шпакоўскага 1907 года. Паводле загаду імпэратарскай археалагічнай камicii папярэдні драўляны храм 1639 года быў захаваны i перанесены на новае месца.

Каардынаты: 55.360791, 27.465512

Касьцёл Узьвiжаньня Сьвятога Крыжа

Касьцёл для мясцовай парафii будаваўся ў 1992–1995 гадох.

Каардынаты: 55.364908, 27.4638113