Валожынскі раён

Валожын

Валожын – места на рацэ Валожынцы, даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), сёньня гэта адміністрацыйны цэнтар Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год – 10 308 чалавек. Знаходзіцца за 75 кiлямэтраў на паўночны захад ад Менску, за 17 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Валожын (лінія Маладэчна – Ліда), каля аўтамабільнай дарогі Менск – Горадня.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Валожын утварыўся ад прозьвішча Валога. Такое прозьвішча мог атрымаць чалавек, што наважыўся пасяліцца ў балоцістай мясцовасьці. Тым часам ад тапоніму паходзіць назва ракі Валожынкі.

Існуе таксама народнае паданьне, паводле якога назва Валожына мае зьвязак зь перагонам валоў і ўтварылася ад выразу «Валы жэнь!» («жэнь» – значыць «ганi!»). Магчыма, паселішча спачатку мела назву Валыжэнь.

Паводле Хронікі Быхаўца, у 1440-я гады тут гаспадарылі легендарныя князі Валожынскія, у якіх нібыта за ўдзел у змове супраць вялікага князя канфіскавалі Валожын. Каля 1450 году вялікі князь Казімер падараваў Валожын ваяводу віленскаму Я. Манівідавічу, а ў 1484 годзе – князю В. Вярэйскаму. Пад 1492 годам упершыню ўпамінаецца тутэйшы касьцёл.

З 1507 году Валожын знаходзіўся ў складзе Наваградзкага ваяводзтва. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў ён увайшоў у Ашмянскі павет Віленскага ваяводзтва. У 1582 годзе мястэчка перайшло ў валоданьне Радзівілаў, а ў 1614 годзе – да Слушкаў.

У 1681 годзе маршалак надворны Ю.Б. Слушка заснаваў у Валожыне касьцёл і кляштар бэрнардынаў, пры якім дзейнічала школа. Неўзабаве ў 1683 годзе тут зьявілася праваслаўнае брацтва. З канца XVII стагодьдзя мястэчка стала цэнтрам староства.

У 1710 годзе Слушкі збудавалі ў Валожыне царкву. У пачатку XVIII стагодьдзя у мястэчку было 107 двароў, 5 вуліцаў (Віленская, Смаргонская, Менская, Крывая, Тыльная); дзейнічалі 2 касьцёлы і 2 царквы. У 1738 годзе Валожын перайшоў да князёў Чартарыйскіх. На 1790 год тут было 186 двароў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Валожын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ашмянскім павеце Віленскай губэрні. З 1803 году мястэчка знаходзілася ў валоданьні Тышкевічаў. У 1806 годзе Ю. Тышкевіч заснаваў тут касьцёл Сьвятога Язэпа. У 1806–1892 гадох у Валожыне дзейнічала юдэйская духоўная акадэмія (Валожынскі ешыбот), якая стала прататыпам большасьці літвакоўскіх ешыботаў сьвету. Апроч таго, у мястэчку было 2 школы, 3 хрысьціянскія сьвятыні, сынагога, 3 малітоўныя дамы, аптэка, шпіталь, суконная фабрыка.

Палацава-паркавы ансамбаль Тышкевічаў. Малюнак 1887 году

У Першую сусьветную вайну (1915–1918) Валожын значна пацярпеў, бо празь мястэчка праходзіла лінія фронту. У лютым 1918 году Валожын занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Валожын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР.

Згодна з Рыскай дамовай 1921 году Валожын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету. У 1929 годе Рада міністраў Польскай Рэспублікі надала паселішчу статус места, адначасна да яго далучылі населеныя пункты з аднайменнай гміны – фальварак Бондары і вёскі Кялевічы, Еўлашы, Панізьзе.

У 1939 годзе Валожын увайшоў ў склад БССР, дзе 15 студзеня 1940 году стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 20 верасьня 1944 у Маладэчанскай, з 20 студзеня 1960 году ў Менскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 5 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Касьцёл Сьвятога Язэпа

Касьцёл сьвятога Язэпа – помнік архітэктуры пачатку XIX стагодзьдзя. Касьцёл знаходзіцца ў цэнтры места, на гістарычным Рынку. Твор архітэктуры клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Першы драўляны касьцёл у Валожыне збудавалі ў 1500 годзе. У 1681 годзе з фундацыі Слушак пры касьцёле заснавалі кляштар бэрнардынаў. У 1690 годзе на месцы старога касьцёла збудавалі новы драўляны.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Валожын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У пажары 1815 году будынкі згарэлі. У 1816 годзе на іх месцы збудавалі мураваны парафіяльны касьцёл.

Пры здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1864 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

У 1920-я гады ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі касьцёл рыма-каталікам. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зачынілі касьцёл. З 1960-га года ў будынку месьціліся вытворчыя памяшканьні iсклады фабрыкi «Тэрмапласт».

У 1990-я гады касьцёл вярнулі рыма-каталікам. Тады ж пачалася рэстаўрацыя.

Каардынаты: 54.089597, 26.528178.

Побач з касьцёлам у 2007 годзе паставілі помнік Яну Паўлу ІІ, на той момант гэта быў другі такі ў Беларусі пасля мосарскага.

Апсыда касьцёла

Пляц Свабоды

У цяперашні час ад гістарычнай забудовы горада ХІХ – 1-й паловы захаваўся поўны фрагмент паўднёвага боку плошчы Свабоды, які ўключае палацавыя пабудовы Тышкевіча, касьцёл, браму-званіцу, асобныя жылыя дамы (№ 13), рэшткі парку.

Плошча здаўна была цэнтральным ядром Валожына. Яе размяшчэньне ў галаўной частцы селішча на высокіх адзнаках, у перападу рэльефу, спрыяла гэтаму.

Каардынаты: 54.089712, 26.526902.

Паўночна-ўсходні бок плошчы

Выгляд на плошчу да абласных Дажынак 2024 году. У той час на ўсёй плошчы разьмяшчалася паркоўка. Цяпер паркоўка ліквідаваная.

Вiдарыс Савецкай вуліцы з поўначы

Сучасныя здымкi плошчы пасьля Дажынак 2024

Палацава-паркавы ансамбаль Тышкевічаў

Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў – помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва пачатку XIX стагодьдзя. Знаходзіцца ў цэнтры города, на ўзвышаным беразе ракі Валожынкі, каля гістарычнага Рынку. Твор архітэктуры клясыцызму, аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс складаецца з мураваных палаца, бакавых флігеляў (афіцыны і аранжарэі), якія утвараюць прастакутны парадны двор, і парку.

Мураваны палац у Валожыне збудавалі ў 1806 годзе на сродкі ўладальніка маёнтку графа Юзэфа Тышкевіча (1724–1815) паводле праекту архітэктара Аўгуста Касакоўскага.

Перад палацам быў рэгулярны парк, які спускаўся да ракі.

У міжваенны час палац быў месцам разьмяшчэньня штаба палка Корпусу аховы памежжа «Валожын». За савецкім часам у будынках разьмясьцілася адміністрацыйная ўстанова.

Каардынаты: 54.087911, 26.527163.

Палац

У сёньняшнi час у палацы размяшчаецца вайсковая частка.

Флiгель (афiцына)

Сёньня ў колiшнiм флігелі знаходзіцца раённае аддзяленьне міліцыі і ДАІ.

Аранжарэя

Самай прыгожай была цэнтральная частка рэзідэнцыі, яна была ўпрыгожаная элегантнымі калёнамі і ляпнінай. Цэнтральную частку рэзідэнцыі займала двухпавярховая аранжарэя з купалам у форме сфэры. Тут расьлі цеплалюбівыя пальмы, апельсінавыя дрэвы і іншыя экзатычныя дрэвы, кветкі і хмызнякі. Даглядалі расьліны лепшыя садоўнікі Валожына. За палацам уздоўж ракі распаўсюджваўся шыкоўны пэйзажны парк, закладзены яшчэ ў XII стагодьдзі.

Дата будаўніцтва аранжарэі: 1803–1806 гады. Ёсьць таксама зьвесткі, што гэты будынак быў узьведзены ў 1926 годзе польскімі ўладамі як адміністрацыйны, а аранжарэя Тышкевічаў не захавалася. У наш час будынак выкарыстоўваецца ваенкаматам, натарыяльнай канторай і рэдакцыяй мясцовай газэты.

Погляд на палац Тышкевічаў з боку плошчы Свабоды

Валожынскi Ешыбот (Ешыва «Эц Хаім»)

Валожынскі ешыбот – помнік архітэктуры пачатку XIX стагодзьдзя, твор архітэктуры клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Гэтую сусьветна вядомую вышэйшую юдэйскую духоўную акадэмію часта называюць «маці ўсіх літоўскіх ешываў», бо менавіта яна стала мадэльлю для стварэньня большасьці пазьнейшых праваслаўных ешываў Эўропы і ЗША.

Ешыва была заснаваная ў 1806 годзе (паводле іншых зьвестак – у 1803-м) рабінам Хаімам Валожынскім, які быў найбольш выбітным вучнем знакамітага Віленскага Гаона (Эліягу бэн Саламона Залмана). Да стварэньня гэтай установы юдэйская адукацыя мела выключна лякальны характар: вучні зьбіраліся пры мясцовых сынагогах, а іхнае ўтрыманьне цалкам клалася на плячы тутэйшых суполак. Рабі Хаім рэвалюцыянізаваў сыстэму, стварыўшы цэнтралізаваную навучальную ўстанову. Яна прымала таленавітых маладзёнаў з розных гарадоў і краінаў, забясьпечвала іх жыльлём і стыпэндыямі за кошт агульнага збору сродкаў і ахвяраваньняў па ўсім сьвеце.

Галоўнай задачай акадэміі было глыбокае і сыстэматычнае вывучэньне Вавілонскага Талмуду. Навучаньне было скіраванае на інтэлектуальны аналіз тэксту, а не на сьляпую веру.
Вучоба ў Валожыне не спынялася літаральна ні на хвіліну. Студэнты (бахуры) былі падзеленыя на зьмены, і сьвятло ў вокнах ешывы гарэла 24 гадзіны на содні – навучальны працэс трываў кругласутачна. На піку свайго разьвіцьця ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя тут адначасова навучаліся ад 300 да 400 студэнтаў з Расейскай імпэрыі, Нямеччыны, Аўстрыі, Ангельшчыны і нават ЗША.

Другая палова XIX стагодзьдзя прайшла пад знакам пастаяннага ціску з боку ўладаў Расейскай імпэрыі. Міністэрства асьветы патрабавала ад кіраўніцтва ўвесьці ў праграму абавязковае вывучэньне расейскай мовы і сьвецкіх дысцыплінаў, а таксама абмежаваць час на вывучэньне рэлігійных тэкстаў. Кіраўнікі ешывы, сярод якіх быў знакаміты рабі Нафталі Цьві Юда Бэрлін (вядомы як Нацыў), катэгарычна адмаўляліся ад рэформаў, лічачы, што сьвецкія навукі разбураць духоўную сьвятыню. У выніку гэтай нязгоды ў 1892 годзе расейскія ўлады афіцыйна закрылі ешыбот, а яе кіраўнікі і студэнты былі высланыя з Валожына.

На пачатку XX стагодзьдзя дзейнасьць установы была часткова адноўленая і працягвалася да 1939 году, калі Заходняя Беларусь была далучаная да СССР, а савецкія ўлады канчаткова ліквідавалі рэлігійную школу.

Зь сьценаў Валожынскага ешыботу выйшла цэлая плеяда выбітных рэлігійных, грамадзкіх і культурных дзеячоў, сярод якіх: Хаім Нахман Бялік – выбітны паэт, які пазьней стаў клясыкам сучаснай літаратуры на іўрыце (ён апісаў свой досьвед навучаньня ў Валожыне ў знакамітай паэме «Га-Матмід» / «Вольнаслухач»), Міха Ёсэф Бэрдычэўскі – вядомы габрэйскі пісьменьнік і мысьляр, Абрагам Іцхак Кук – першы галоўны ашкенаскі рабін Палестыны.

Каменны будынак ешывы, які захаваўся да нашых дзён, быў узьведзены ў 1806 годзе (пасьля пажару быў перабудаваны ў 1830-х гадох). Гэта строгі і манумэнтальны будынак у стылі клясыцызму. У савецкі час тут разьмяшчаліся розныя адміністрацыйныя і гандлёвыя ўстановы. Дзякуючы падрыхтоўцы да абласных Дажынак 2024 году, будынак ешывы быў маштабна адрэстаўраваны. Сёньня ён зьяўляецца каштоўным аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны і прыцягвае тысячы турыстаў і паломнікаў з усяго сьвету.

Адрас: вулiца Кiрава, 2Б. Каардынаты: 54.091037, 26.528162.

Царква сьвятых Канстанціна й Алены

Драўляную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Валожыне збудавалі ў 1886 годзе.

За савецкім часам царква працягвала дзейнічаць. У 1990-я гады каля царквы паставілі драўляную капліцу.

Каардынаты: 54.092846, 26.519752.

Капліца праваслаўная Спаса-Праабражэнская

Часовня строилась графом Тышкевичем как кладбищенская католическая каплица для костёла бернардинцев. Строительство закончилось в 1850 году. В 1885 году передана православным, в 1886 году освящена в честь Преображения Господня. В 2010-х годах была полностью перестроена, потеряв свой первоначальный вид.

Находится часовня в километре к юго-востоку от города, на кладбище, недалеко от деревни Капустино.

Каардынаты: 54.074326, 26.549451.