Ліда – места на рацэ Лідзеі, адміністрацыйны цэнтар Лідзкага раёну Гарадзенскай вобласьці, вузел чыгунак і аўтамабільных дарог на Вільню, Баранавічы, Горадню, Маладэчна.

Ліда – даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся замак вялікага князя Гедзіміна, выдатны помнік гісторыі і абарончай архітэктуры. Апроч таго, у месьце знаходзяцца Фарны касьцёл у стылі віленскага барока і комплекс былога кляштару піяраў з касьцёлам Сьвятога Язэпа ў стылі клясыцызму, помнікі архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша і касьцёл пры кляштары кармэлітаў, помнікі архітэктуры XVIII стагодзьдзя, зруйнаваныя расейскімі ўладамі.

Тапонім «Ліда», відаць, утварылася ад балцкага lydimas – высечка, блізкага да тэрміну «ляда». Менш імаверным зьяўляецца зьвязак назвы места зь летувіскім lydis – ход, плынь. Часам тапонім памылкова прымяркоўваюць да імя Ліда, якое зьявілася ў гэтых мясьцінах значна пазьней.

Найбольш раньнія археалягічныя матэрыялы, выяўленыя на тэрыторыі Ліды, датуюцца пачаткам XIV стагодьдзя. Афіцыйна адлік гісторыі места вядзецца ад 14 верасьня 1323 году – пачатку будаваньня вялікім князем Гедзімінам Лідзкага замка, вакол якога паступова вырасла паселішча.

У XIV стагодьдзi Ліда беспасярэдне належала вялікім князям Гедзіміну, Кейстуту, Альгерду, Ягайле, Вітаўту. У гэты час места ўваходзіла ў склад Троцкага ваяводзтва і неаднаразова цярпела ад нападаў крыжакоў. У 1360-я гады ў Лідзе існавала францішканская місія, а ў 1387 годзе Ягайла заснаваў тут адзін зь першых касьцёлаў у Вялікім Княстве Літоўскім. У 1396–1398 гадох у Лідзе жыў з сваім дваром выгнаны Тымурам хан Залатой Арды Тахтамыш, а ў 1411–1412 гадох – ягоны сын Джэлал ад-Дзін, які камандаваў татарскімі аддзеламі войска Вялікага Княства Літоўскага ў Грунвальдзкай бітве. З 1413 году места знаходзілася ў складзе Віленскага ваяводзтва.

У XV–XVI стагодзьдзях Ліда была значным цэнтрам рамяства і гандлю, зьвязаным зь Вільняй, Наваградкам, Менскам, Полацкам. У гэты час места складалася з Рынка і 4 вуліцаў, таксама існавала прадмесьце Зарэчча. У сярэдзіне XVI ст. у Лідзе зьявіліся кальвіністы, прычым іхная колькасьць неўзабаве так павялічылася, што мескі касьцёл некаторы час ня дзейнічаў празь недахоп вернікаў.

Места і замак. Юзэф Пешка, каля 1800 года

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Ліда стала цэнтрам павету. 17 верасьня 1590 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб: «поле шчыта расьсечанае на дзьве часткі: правая – чырвоная з залатым ільвом, левая – блакітная з двума залатымі скрыжаванымі ключамі».

За часамі Крывавага патопу (1654–1661) у 1659 годзе маскоўскае войска І. Хаванскага штурмам узяла замак і спаліла яго. У 2-й палове XVII стагодьдзя ў выніку войнаў з Маскоўскай дзяржавай і Швэцыяй Ліда прыйшла ў заняпад, толькі зь сярэдзіне XVIII ст. пачалося гаспадарчае ажыўленьне. У 1672 годзе тут заснавалі кляштар кармэлітаў.

У 1756–1834 гадох у Лідзе існавала сярэдняя навучальная ўстанова — піярскі калегіюм, выпускнікі якога пакінулі прыкметны сьлед у навуцы і літаратуры. У калегіюме навучаўся будучы прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Станіслаў Юндзіл. На 1792 год у месьце было 242 будынкі.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ліда апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам павету Слонімскай губэрні (з 1797 году ў складзе Літоўскай, з 1801 году – Гарадзенскай, з 1842 году – Віленскай губэрні). На 1837 год у месьце было 324 будынкі.

У 1863 і 1873 гадох у Лідзе збудавалі 2 бровары, у 1870–1880-я гады – гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвую фабрыку, крухмальны завод. У 1884 годзе празь места праклалі чыгуначную лінію Вільня – Лунінец, у 1907 годзе – Маладэчна – Масты. У 1899 годзе ў Лідзе адкрылася лякарня на 25 ложкаў. У 1901 годзе адбыўся запуск чыгуналіцейнага, у 1903 годзе – лесапільнага, у канцы XIX – пачатку XX стагодзьдзяў – 2 цагельных заводаў.

Лідзкі замак. Васіль Гразноў. 1874 год

На 1904 год у Лідзе было 1000 жылых дамоў (зь іх 275 мураваных), 14 дробных прадпрыемстваў (400 работнікаў), 170 рамесных майстэрань, 4 лякарні на 115 ложкаў, 6 пачатковых навучальных установаў (700 вучняў). На 1914 год у месьце працавала каля 40 прадпрыемстваў. У Першую сусьветную вайну ў верасьні 1915 году Ліду занялі нямецкія войскі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ліда абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары Лідзкай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР.

Улетку 1920 году Ліду зноў занялі бальшавікі, 30 верасьня 1920 году – часткі польскага войска. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Ліда апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам павету ў Наваградзкім ваяводзтве. За польскім часам найбольшым прамысловым прадпрыемствам у Лідзе, вядомым вытворцай гумовага абутку, была фабрыка «Ардаль», заснаваная ў 1929 годзе. У месьце таксама працавалі прадпрыемствы па вытворчасьці сельскагаспадарчых прыладаў, вырабаў з дроту, гумы, піва і алею, а таксама кафлярні, тартакі і пякарні.

У 1939 годзе Ліда ўвайшла ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году стала цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 20 верасьня 1944 году ў складзе Гарадзенскай вобласьці). З 27 чэрвеня 1941 да 9 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1989 годзе ў Лідзе адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка Адаму Міцкевічу, у 1993 годзе – помніка Францішку Скарыну. У 2010 годозе ўпершыню з часоў падзеяў 1939 году ў цэнтральную частку Ліды вярнуліся назвы, беспасярэдне зьвязаныя з дасавецкай гісторыяй места: Грунвальдзкая і Замкавая вуліцы, а таксама бульвар імя вялікага князя Гедзіміна.

Частка 1. Замак Гедымiна. Архiтэктура

Вежа Гедыміна з боку Замкавай вуліцыЛідзкі замак — абарончае збудаваньне, узьведзенае ў 1330-я гады з каменю і цэглы на загад вялікага князя Гедыміна. Знаходзіўся ў...

Частка 2. Замак Гедымiна. Iнтэр’еры

Адразу паьсля ўваходу ва ўнутраны дворык замка і яго агляду ўзьнікае жаданьне ўзьняцца на вежы і паглядзець, што цікавага з інтэр'ераў можна знайсці ўнутры замка....

Частка 3. Вулiцы Замкавая i Савецкая

Дом-музэй Валянцiна Таўлая Паміж замкам і возерам ёсьць параўнальна вялікая ядальна-канцэртная пляцоўка для масавых мерапрыемстваў. З боку замка гэта дома №5 і №7 па Замкавай вуліцы....

Частка 4. Ускраiны

У Лідзе ёсьць некалькі цікавых аб'ектаў і за межамі цэнтра горада. Вялікай неабходнасьці ехаць да іх адмыслова, магчыма, і няма, але калі ёсьць цікавасьць або...

Частка 4. Ускраiны

У Лідзе ёсьць некалькі цікавых аб'ектаў і за межамі цэнтра горада. Вялікай неабходнасьці ехаць да іх адмыслова, магчыма, і няма, але калі ёсьць цікавасьць або...

Падрабязьней