Полацак – найстарэйшы горад крывічоў і сталіца першай дзяржавы на беларускай этнічнай тэрыторыі.

Тапонім Полацак утварыўся ад назвы ракі Палаты. Тым часам гідронім, відаць, мае балцкае паходжаньне ад асноваў «pal» або «palte» – балота, лужына, з далейшай славянскай асыміляцыяй. Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Полоцк, Полоцъкъ, Полотскъ, Полотескъ, Полтескъ, Плтескъ, Полческъ. У нямецкіх хроніках паселішча ўпамінаецца як Плоцэке, у скандынаўскіх сагах – Pallteskiuborg, Palteskia.

Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назвы места – Полацк. У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» форма Полацак фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай.

Асноўныя факты з гісторыі горада

• 862. Першы ўпамiн места ў «Аповесьці мінулых часоў» адзначана у зьвязку зь дзяльбою гарадоў наўгародзкім князем Рурыкам і зьяўляецца, такім чынам, найстарэшым горадам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Гэта быў буйны палітычны цэнтар племені крывічоў, сталіца княства.
• 980. Полацкае княства бесьперапынна ўдзельнічала ў міжусобнай барацьбе паміж рускімі князямі, ад якой вельмі цярпелі горад і яго жыхары. Так, у часе чарговай міжусобнай вайны,  Полацак захапіла і спаліла войска князя Ўладзімера. Гэта пацьвярджаецца зьвесткамі археалягічных дасьледаваньняў, якія зафіксавалі сьляды пажару, датаванага канцом X стагодзьдзя.
• 1044–1101. Найвышэйшага ўздыму старажытны Полацак дасягнуў за часамі Ўсяслава Брачыславіча, вядомага як «Чарадзей». У гэты пэрыяд у горадзе збудавалі Сафійскі сабор. Па сьмерці Ўсяслава Полацкае княства ўвайшло ў пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці.
• 1250-я гады. Станаўленьне ў Полацкім княстве першага прадстаўніка літоўскай дынастыі Таўцівіла адбылося, імаверна, у выніку пагадненьня паміж палачанамі і князем. Трапіўшы ў сфэру ўплыву Вялікага Княства Літоўскага, Полацак актыўна ўдзельнічаў у рэалізацыі ягонай замежнай палітыкі ў дачыненьні да суседніх зямель: Інфлянтаў, Ноўгарада, Пскова, Смаленску. Пры гэтым Полацак ня страціў свайго значэньня: ён стаў адным з найбольшых мескіх цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага і нават канкураваў з сталіцай – Вільняй. Асноўныя правы і прывілеі жыхароў места замацаваў абласны прывілей, выдадзены вялікім князем Вітаўтам.
• 4 кастрычніка 1498 году. Вялікі князь Аляксандар надаў Полацку Магдэбурскае права. У 1504 годзе ўтварылася Полацкае ваяводзтва. З XVI стагодьдзя пачаў ужывацца мескі герб: «у блакітным полі на срэбнай вадзе трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі».
• Першая палова XVI стагодьдзя. Полацак стаў арэнай баявых дзеяньняў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. Практычна ў кожную такую вайну маскоўскія захопнікі праводзілі аблогу места, 3 або 4 разы яны палілі ягоныя гандлёва-рамесныя пасады.
• 1563. Полацак значна пацярпеў у Інфлянцкую вайну, асноўныя баявыя дзеяньні якой прыйшліся на тэрыторыю ваяводзтва. Па аблозе, якая працягвалася некалькі тыдняў, Полацак захапіла маскоўскае войска на чале з Іванам IV Тыранам. Толькі праз 15 гадоў кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вызваліў места.

Аблога Полацку, 1579 год

• 16 чэрвеня 1633 году. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1632–1634) маскоўскія войскі захапілі і спалілі Полацак. У 1654 годзе, з разьвязваньнем чарговай вайны супраць Рэчы Паспалітай, Полацак зноў апынуўся пад маскоўскай акупацыяй. На гэты раз, у выніку шматтыднёвай аблогі, 16 чэрвеня 1654 году места мусіла здацца ўсходнім захопнікам. У 1667 годзе, згодна з Андрусаўскім пагадненьнем, Полацак вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага. Праз вайну ён апынуўся ў ліку найбольш пацярпелых літоўскіх местаў: колькасьць насельніцтва скарацілася на 93%.
• 1700–1721. За часамі Вялікай Паўночнай вайны у Полацку знаходзілася расейскае войска на чале зь Пятром I, які ўчыніў разьню уніяцкіх сьвятароў у мурах саборнай царквы Сьвятой Соф’і і ператварыў яе ў парахавы склад. Неўзабаве выбух зьнішчыў найбольш старажытную хрысьціянскую царкву Беларусі. У 1706 годзе ўжо швэдзкае войска заняло места, спаліла і разрабавала яго. Усе гэтыя войны і разбурэньні прывялі да паступовага заняпаду Полацку і страты ім ранейшага значэньня.
• 6 верасьня 1776 году. Утварылася Полацкае намесьніцтва, таго ж году расейскія ўлады пазбавілі места Магдэбурскага права. 23 сьнежня 1796 году ўтварылася Беларуская губэрня, у складзе якой апынуўся і Полацак. 13 сакавіка 1802 году места як цэнтар павету ўвайшло ў Віцебскую губэрню.
• 1812. Полацак стаў арэнаю жорсткіх баёў. Тэрыторыя колішняга ваяводзтва апынулася на шляху адступленьня расейскай арміі на чале з Барклаем дэ Толі. У памяць пра тыя падзеі адзін з мастоў праз Палату мае назву Чырвоны.

Касьцёл сьвятога Антонія Падуанскага і кляштар францішканаў. 1812 год

• 10 чэрвеня 1812 году. Адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Полацкай акадэміі, якая ўтварылася на базе езуіцкага калегіюму. Аднак у зьвязку з паходам Напалеона заняткі ў ёй пачаліся толькі 8 студзеня 1813 году. Гэта была першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі з усімі правамі ўнівэрсытэту. Акадэмія мела тры факультэты: тэалягічны, моваў і літаратураў, філязофіі і вольных навук. Тут пад кіраўніцтвам сарака прафэсараў займалася каля шасьцісот студэнтаў. З аўдыторыяў акадэміі пачалі свой шлях гісторык, археоляг і этнограф Канстантын Тышкевіч, астраном і філёзаф Якуб Накцыяновіч, пісьменьнік Юзэф Масальскі. У полацкай альма-матэр навучаўся мастак Валенці Ваньковіч. Яе дыплём атрымаў аўтар славутага «Шляхціча Завальні», адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі.
Дэмакратычныя навучальныя ўстановы сталі на захопленых Расеяй землях магутнай духоўнай апазыцыяй калянізатарам. Полацкую прафэсуру зьвінавацілі ў выхоўваньні антыўрадавых настрояў, і ў 1820 годзе з царскай канцылярыі выйшаў указ: «Полоцкую академию и подведомственные ей училища упразднить».

Полацак. Рынак. Езуiцкi калегiюм. Напалеон Орда. 1875-1876


• 20 верасьня 1944 году. Па аднаўленьні савецкай улады  пасьля Другое сусьветнае вайны ўтварылася Полацкая вобласьць, але ўжо праз 10 гадоў 8 студзеня 1954 году, яе ліквідавалі.
• 14 студзеня 2013 году. Полацак пазбавілі афіцыйнага статусу гораду абласнога падпарадкаваньня.

Частка 1. Сафійскі сабор

Сафiйскi сабор Будаваньне саборнай царквы Сьвятой Соф’і ў Полацку традыцыйна датуецца шырока, у межах пачатковага пэрыяду княжаньня Ўсяслава Брачыславіча — 1044—1066 гадамі. Яе ўзводзілі з арыентацыяй...

Частка 2. Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр

Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр Манастыр быў заснаваны святой князёўнай Эўфрасіньняй Полацкай у 1125 гозе, калі яна пасялілася каля Праабражэнскай бажніцы ў Сяльцы. У 1161 годзе намаганьнямі Сьвятой Эўфрасіньні...

Частка 3. Iншыя сакральныя будынкi

Лютэранская кiрха У 1775 годзе ў Полацку і Магілёве ўзьніклі лютэранскія абшчыны немцаў, у тым жа годзе была заснавана драўляная лютэранская кірха. Дакладна вядома, што ў 1848...

Частка 4. Грамадзянская забудова

Калегіюм езуітаў Калегіюм ў Полацку быў заснаваны ў 1580 годзе як сярэдняя навучальная ўстанова езуітаў. У гэтым жа годзе на высьпе Дзьвіны быў пабудаваны будынак калегіюму....

Частка 1. Сафійскі сабор

Сафiйскi сабор Будаваньне саборнай царквы Сьвятой Соф’і ў Полацку традыцыйна датуецца шырока, у межах пачатковага пэрыяду княжаньня Ўсяслава Брачыславіча — 1044—1066 гадамі. Яе ўзводзілі з арыентацыяй...

Падрабязьней

Частка 2. Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр

Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр Манастыр быў заснаваны святой князёўнай Эўфрасіньняй Полацкай у 1125 гозе, калі яна пасялілася каля Праабражэнскай бажніцы ў Сяльцы. У 1161 годзе намаганьнямі Сьвятой Эўфрасіньні...

Падрабязьней