Баранавіцкі раён

Паўлінава

Паўлінава – вёска ў складзе Ляснянскага сельсавета. Размешчаная за 20 кiлямэтраў на паўднёвы захад ад Баранавічаў, за 10 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Лясная на лініі Баранавічы – Берасьце. Насельніцтва па стане на 2005 складала 239 жыхароў.

Паўлінава заснаванае Бохвіцам і названа так у памяць яго маці Паўліны з Маеўскіх, якая даводзілася роднай сястрой маці Адама Міцкевіча.

У 1921 годзе Паўлінава – у Навамышскай гміне Баранавіцкага павета.

У Другую сусьветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да ліпеня 1944 года акупаваная нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Палацава-паркавы ансамбль Бохвіцаў. Палац Бохвіцаў

У 1897 годзе маёнтак Навіцкіх набыў Ян Отан Бохвіц, які спачатку размясьціў тут свае гаспадарчыя пабудовы, потым заклаў сад і разьбіў пэйзажны парк. На рацэ Лахазва пабудаваў вадзяны млын, паблізу ў лесе працавала смалакурня для вырабу шкіпінару і мазуту. У 1906 годзе Бохвіц заклаў падмурак багатага палаца, будаўніцтва якога завяршыў у 1909 годзе. Тым часам у маёнтку Паўлінава было 7 двароў і 45 жыхароў. Спачатку Бохвіц адбудаваў палац каля Вошкаўцаў (цяпер Ураджайная), што пад Ляхавічамі, і назваў яго ў гонар бацькі – Фляр’янова, а закладзены новы палацава-паркавы ансамбль у гонар маці – Паўлінава. У 1909 годзе ў Паўлінава прыязджала гасьцяваць Эліза Ажэшка.

Ансамбаль уключае палац, флігель, стайню, кароўнік і парк. Добра захаваўся пэйзажны парк, якi займае плошчу каля 7 гектараў, мае форму квадрата з прыгожай сажалкай.

Каардынаты: 53.024031, 25.821067.