Баранавіцкі раён

Вялiкая Сваротва

Першае згадваньне пра двор Сваротва ставіцца да 1460 году, калі яна належыла роду Храптовічаў. У 1468 годзе вялікі князь Літоўскі Казімір IV перадаў двор у валоданьне свайму намесьніку Аляхне Судзiмонтавiчу. Пасьля гэтага маёнтак шматкроць пераходзіў да новых гаспадароў, пакуль у пачатку XIX стагодьдзя не аказаўся ва ўласнасьцi рода Незабытоўскіх, якія будуюць тут палац, гаспадарчыя пабудовы, закладваюць пэйзажны парк. У 1917 годзе палац з бібліятэкай і гаспадарчыя пабудовы былі спалены.

Існуе легенда пра тое, што графіня Браніслава Патоцкая з Вялікай Сваротвы прыдумала рэцэпт кактэйлю «Гогаль-могаль». Паводле легенды, ў канцы XIX – пачатку XX стагодьдзя, тут жыў хазан з Магілёва па прозвішчы Гогель, які страціў голас. Каб вылечыць горла, ён прыдумаў рэцэпт напою на аснове яек, чорнага хлеба і солі. Напой сталі асацыяваць зь яго вынаходнікам – Гогелем з Магілёва. Аб гэтым рэцэпце лекі і сытнага сьняданку даведалася графіня Патоцкая, якая таксама часта пакутавала ад страты голасу. Яна дапрацавала кактэйль: прыбрала з рэцэпту соль і чорны хлеб, але дадала мёд. Назвала яна свой кактэйль «Гогаль-могаль».

Царква Сьвятой Жываначальнай Тройцы

Галоўная славутасьць Вялікая Сваротвы – клясiцыстычная Сьвята-Траецкая царква, размешчаная на ўскраіне вёскi, пры выездзе на Моўчадзь. У 1823 годзе на сродкі Якуба Незабытоўскага з бутавага каменю і цэглы была пабудавана трохкутная царква з уваходамі з трох бакоў. На яе месцы раней стаяла старая драўляная царква, пабудаваная ў 1747 годзе. На думку гісторыкаў, канцэпцыя новага храма заключалася ў тым, што маліцца ў ім маглі адразу прадстаўнікі трох хрысціянскіх канфесій – праваслаўныя, каталікі і уніяты, а алтар размяшчаўся ў цэнтры малітоўнай залі.

У 1943 годзе царква была спалена. Пры падтрымцы сваякоў у 2006 года пачалося аднаўленьне храма. Адноўлены храм асьвечаны ў 2009 годзе.

Каардынаты: 53.373406, 25.767229