Янаўскi (Іванаўскі) раён

Янаў (Iванава)

Янаў – места на рацэ Самараўцы, адміністрацыйны цэнтар Янаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год складала 16.417 чалавек. Знаходзіцца за 37 кiлямэтраў на захад ад Пiнску, за 27 кiлямэтраў на усход ад Дарагiчына, за 132 кiлямэтры на усход ад Берасьця, чыгуначная станцыя Янаў-Палескі на лініі Берасьце – Пінск.

Янаў – даўняе мястэчка гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны) на захадзе Палесься. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Узьвiжэньня Сьвятога Крыжа ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX стагодьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася капліца Сьвятога Андрэя Баболі, помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Тапонім Янаў утварыўся ад імя Ян. У ранейшыя часы, каб пазьбегнуць блытаніны з аднайменным мястэчкам на Берасьцейшчыне, меў назву Янаў Палескі. Традыцыйная гістарычная назва места – Янаў (іншая мясцовая форма – Яно́ва). Цяперашняя афіцыйная назва «Іванава» — вынік маскалізацыі часоў Расейскай імпэрыі і СССР, калі традыцыйнае гістарычнае імя паселішча зьмянілі дзеля сугучнасьці з абласным цэнтрам Іванава ў цэнтральнай Расеі. Пры гэтым чыгуначная станцыя захавалася назву Янаў Палескі. У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» традыцыйная гістарычная назва Янаў фіксуецца як варыянтная форма. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай. У наш час прапануецца вярнуць месту традыцыйную гістарычную назву Янаў у якасьці афіцыйнай.

У некаторых выданьнях можна сустрэць памылковае атаясамленьне пачатку гісторыі палескага Янава зь вёскай Порхавым, уладаньнем біскупаў луцкіх. Тым часам Порхавым звалася колішняе мястэчка Берасьцейскага павету, а цяпер вёска Янаў Падляскі ў Бельскім павеце Люблінскага ваяводзтва Польшчы. Найбольш раньнія зьвесткі пра Янаў Палескі датуюцца XVII стагодзьдзем.

У XVII стагодзьдзі Янаў меў статус мястэчка ў Пінскім павеце Берасьцейскага ваяводзтва. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 16 траўня 1657 году Янаў захапілі казакі, якія па працяглых катаваньнях забілі тут каталіцкага місіянэра Андрэя Баболю. Сьвяты Андрэй Баболя праславіўся тым, што вельмі горача і пасьпяхова прапаведаваў хрысьціянства на Палесьсі, за што ён нават атрымаў неафіцыйны тытул «Апостал Палесся» ці «Пінскі Апостал». Мошчы сьвятога зараз захоўваюцца ў адным з касьцёлаў Варшавы, асьвячоным у гонар сьвятога Андрэя Баболі. У 1678 годзе Я.К. Копаць заснаваў у мястэчку езуіцкую місію, якая належала да Пінскага калегіюму. У 1694 годзе Янаў перайшоў у валоданьне Ганны, дачкі Я.К. Копця і жонкі князя Канстантына Яна Шуйскага, пазьней мястэчкам валодаў яе сын А.А. Шуйскі і ўнук Я.Н. Шуйскі.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Янаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ўвайшоў у Кобрынскі павет Гарадзенскай губэрні. У XIX стагодьдзi мястэчка знаходзілася ў валоданьні Арэшкаў. У 1861 годзе расейскія ўлады раскватаравалі ў Янаве казакоў 31-га Данскога палка дзеля здушэньня сялянскіх хваляваньняў у мястэчку і ваколіцах. У 1884 годзе за 1 кiлямэтар ад Янава прайшла Палеская чыгунка, адкрылася невялікая станцыя (цяпер Янаў Палескі) з драўляным вакзалам, складзкімі памяшканьнямі, рамонтнымі майстэрнямі. На 1869 год у Янаве існавалі драўляная царква, мураваны касьцёл, капліца ў гонар Сьвятога Андрэя Баболі, станавая кватэра, валасная ўправа, аптэка. Паводле вынікаў перапісу 1897 году у мястэчку было 724 будынкі, працавалі расейскія народная вучэльня і царкоўнапрыходзкая школа, сукнавальная фабрыка, гарбарны і цагельны заводы, маслабойня, 4 млыны.

Янаў. Рынкавы пляц. Напалеон Орда

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Янаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Янаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Пінскі павет («падраён») Баранавіцкага раёну. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Янаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Пінскім павеце Палескага ваяводзтва. На 1935 год тут знаходзіліся гмінная адміністрацыя, паштова-тэлеграфная кантора, паліцэйскі пастарунак, некалькі прыватных гатэляў, лесапільня «Горбур», паравы млын «Горбур»; дзеяла польская школа.

У 1939 годзе Янаў увайшоў у БССР, бальшавікі зьмянілі гістарычную назву паселішча на расейскі лад на Іванава. На 1940 год тут працавалі лякарня (на 50 ложкаў), радзільны дом (на 20 месцаў), паліклініка з 4 кабінэтамі, пошта, 20 тэлефонаў, 3 тэлеграфныя апараты; дзеялі 7-гадовая беларуская, расейская і жыдоўская школы. 15 студзеня 1940 году Янаў атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 16 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1971 годзе Янаў атрымаў статус гораду раённага падпарадкаваньня. 11 сакавіка 2011 году афіцыйна зацьведзілі мескія сьцяг і герб з выявай царквы-мураўёўкі.

Пляц Кастрычнiка

Касьцёл Ўзьвiжаньня Сьвятога Крыжа

Касьцёл Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа збудаваны ў 1848 року з цэглы ксяндзом Палівонам. Расейскі імпэратар падараваў касьцёлу абраз сьвятой Кацярыны. Архітэктурны стыль касьцёла – ампір. Асьвячоны ў 1852 біскупам В. Жылінскім. У левым алтары разьмешчаны драўляны крыж, выразаны Напалеонам Ордам, а таксама постаць Ісуса Хрыста мастачкі Гелены Скірмунт. На адным з кутоў агароджы ўзьведзеная капліца на меркаваным месцы забойства Андрэя Баболі.

За савецкім часам касьцёл быў адабраны ў вернікаў, выкарыстоўваўся ў якасьці зернесховішча, пасьля дома культуры. 22 лістапада 1994 вернуты каталікам, пасьля чаго адноўлены, дададзеная ўваходная брама і бакавыя вежы.

Каардынаты: 52.147691, 25.535728.

Пляц Кастрычнiка. Райвыканкам

Райвыканкам. Помнiк Ленiну

Царква ў імя Покрыва Прасьвятой Маці Божай

Царква Покрыва Багародзіцы ў Янаве – помнік гісторыі пачатку XX стагодзьдзя (мураёўка). Знаходзіцца ў цэнтры места, на гістарычным Рынку, дзее. Твор архітэктуры расейскай эклектыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Царкву Маскоўскага патрыярхату ў стылi эклектычнай царкоўнай архітэктуры Расейскай імпэрыі збудавалі ў Янаве ў 1901 годзе на месцы царквы Сьвятога Пасаду.

Каардынаты: 52.147381, 25.534661.

Пляц Кастрычнiка

Вулiца Пiянерская, 1

Вулiца Савецкая, 85

Вулiца Савецкая, 91. Газэта «Янаўскi край»

Вулiца Савецкая. Мэмарыял Напалеона Орды

Помнiк Напалеону Ордзе

Бронзавы помнік вялікаму беларускаму мастаку і кампазітару Напалеону Ордзе ўсталяваны ў цэнтры горада ў 1997 годзе. Аўтар помніка – скульптар Ігар Голубеў. Напалеон Орда памёр у Варшаве, але паводле завяшчаньня быў пахаваны ў радавым склепе на каталіцкіх могілках у Янаве. Магіла Орды ацалела пры зносе могілак і адзначана мэмарыяльнай плітой.

Каардынаты: 52.146159, 25.532742.

Вулiца Савецкая

Вулiца Савецкая, 79… 85

Храм пратэстанцкі

Каардынаты: 52.142084, 25.531649.

Крыж