Янаўскi (Іванаўскі) раён

Варацэвiчы

Варацэвічы – вёска за 13 кіляметраў на паўночны ўсход ад Янава, за 5 кіляметраў на поўдзень ад трасы М10, уваходзіць у склад Гарбаскага сельсавету ў Янаўскім раёне.

Першая згадка Варацэвічаў датуецца 1497 годам, калі пінскі князь Фёдар падараваў гэтую вёску Мацьвею Грычыну. Затым вёскай валодаў ягоны сын Барыс. З 1528 году ў маёнтку ўладарылі Юрэвічы-Ільлінічы, а прыкладна з XVII стагодзьдзя гаспадарамі сталі Орды.

Раней Варацэвічы ўваходзілі ў склад Пінскага павету Менскай губэрні. За польскім часам вёска была цэнтрам гміны. Да 1920 года Варацэвчы ўваходзілі ў склад Кобрынскага павета Грарадзенскай губэрні. За польскім часам вёска – цэнтр гміны. У 1940–1954 гадох цэнтр Варацэвіцкага сельсавета. Да 2013 года ўваходзіла ў склад Снітаўскага сельсавета. 11 сакавіка 2011 году зацьверджаныя герб і сьцяг вёскі. 26 чэрвеня 2013 году вёска перададзеныя зь ліквідаванага Сьнітаўскага ў склад Гарбаскага сельсавету.

У Варацэвічах у радавым маёнтку нарадзіўся Напалеон Орда – беларускі мастак, кампазытар, пісьменьнік, пэдагог, піяніст. З 2007 году ў вёсцы дзейнічае ягоны музэй.

Сядзіба Ордаў (не захавалася)

Напалеон Орда

Напалеон Орда, беларускі і польскі мастак, кампазытар, пісьменьнік, нарадзiўся 11 лютага 1807 ў Варацэвічах, Пінскага павету Менская губэрнi Расейскаq імпэрыi, памёр 26 красавіка 1883 у Варшаве.

Напалеон Орда атрымаў вядомасьць стварэньнем сыстэматызаваных сэрыяў архітэктурна-гістарычных пэйзажаў, якія зафіксавалі былую славу, веліч і культуру беларускага і польскага народаў. Да нашых дзён дайшло 1060 малюнкаў мастака, якія пераважна захоўваюцца ў музэях Польшчы і Ўкраіны. Апроч таго, існуе 136 літаграфіяў яго твораў, якія хутчэй за ўсё не захаваліся. У яго малюнках – пэйзажы большасьці краінаў Эўропы, а таксама шматлікіх месцаў Польшчы, Беларусі, Летувы і Ўкраіны.

У 1823 годзе, пасьпяхова вытрымаўшы іспыты прыёмнай камісіі, паступіў на фізыка-матэматычнае аддзяленьне ў Віленскі ўнівэрсытэт. Напалеон, які ўжо атрымаў «пачатковае палітычнае выхаваньне» ў гімназіі, ва ўнівэрсытэце адразу апынуўся ў гушчы студэнцкага руху. Пагатоў ў гэты час ва ўнівэрсытэце ўжо дзейнічалі шматлікія таемныя таварыствы, у тым ліку філяматаў і філярэтаў, апошнія з каторых ужо набылі грамадзка-палітычнае адценьне. Віленскі ўнівэрсытэт падчас вучобы ў ім будучага мастака стаў калыскай будучых арганізатараў і ўдзельнікаў паўстаньня 1830–1831 гадоў, у якім брала ўдзел амаль трэцяя частка студэнтаў.

Тры гады стараннай вучобы дазволілі Напалеону ўвайсьці ў лік выдатнікаў, але актыўная дзейнасьць у таемных таварыствах не засталася па-за пільным зрокам паліцэйскіх – у ліпені 1826 году ён разам зь дзесяцьцю сябрамі па вучобе і палітычнай барацьбе былі арыштаваныя і выключаныя з унівэрсытэту.

У Парыжы, на эміграцыі Напалеон Орда пачаў перакладаць паэзію аўтараў-ліцьвінаў на францускую. Выдаў першы, у 1856 годзе, падручнік польскай мовы для замежнікаў.

Вызначыўся Орда і ў галіне літаратурнай дзейнасьці: пісаў шматлікія артыкулы пра выдатных людзей і цікавыя мясьціны. У 1839 годзе Напалеон Орда прыняты ў Польскае гістарычна-літаратурнае таварыства. Сябра Адама Міцкевіча, ён быў ягоным папулярызатарам. У ліку знаёмых Н. Орды былі таксама Тургенеў, Бальзак, Стэндаль, Расіні, Вэрдзі.

Піяніст і кампазытар Напалеон Орда ў сярэдзіне 1840-х гадоў быў дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы. Разам зь сябрам Фрыдэрыкам Шапэнам ён багата зрабіў для папулярызацыі нашай айчыннай музычнай культуры ў Эўропе.

Музычныя творы самога Н. Орды, асабліва палянэзы, мазуркі і вальсы, вылучаюцца самабытным і віртуозным стылем. Напалеон Орда ствараў рамансы і песьні на словы С. Вітніцкага і А. Плуга, выдаў «Альбом твораў польскіх кампазытараў» (1838). Н. Орда быў аўтарам славутай «Граматыкі музыкі», што выйшла ў 1873 годзе ды была высока ацэненая Станіславам Манюшкам, які лічыў Н. Орду сваім настаўнікам.

Падчас вучобы ў Сьвіслацкай гімназіі Напалеон Орда далучыўся да таемнага студэнцкага таварыства «Заране». А падчас вучобы ў Віленскім унівэрсытэце ён прыцягваўся да палітычнага дазнаньня. Унівэрсытэту здольны студэнт ня скончыў – у 1827 годзе быў адлічаны за прыналежнасьць да таемнага студэнцкага таварыства. Пасьля арышту і 15-месячнага турэмнага зьняволеньня вярнуўся ў родныя Варацэвічы, але застаўся пад наглядам паліцыі, і завяршыў сваю адукацыю самастойна.

Падчас паўстаньня 1830–1831 гадоў Н. Орда камандаваў партызанскім атрадам. Ён стаў урэшце стралком чацьвертага палку коннай гвардыі Літоўскага корпусу ў Польшчы і нават вызначыўся ў бітве пад Коцкам, за што атрымаў вышэйшую ўзнагароду – ордэн Залатога крыжа (Virtuti Militari) і чын капітана паўстанцкай арміі.

Пасьля задушэньня паўстаньня эміграваў у Францыю, дзе правёў 24 гады свайго жыцьця. Вярнуўся толькі ў 1856 годзе па амністыі, жыў у родных Варацэвічах. А напярэдадні паўстаньня К. Каліноўскага зноў сур’ёзна заняўся маляваньнем.

Першыя мастацкія вандроўкі Напалеона Орды адбыліся яшчэ падчас эміграцыі. У 1840–1844 гадох ён наведаў Ангельшчыну, Шатляндыю, Нідэрлянды, Партугалію і нават Альжыр. Адтуль іх было прывезена нямала малюнкаў, якія зараз захоўваюцца ў Нацыянальным музэі ў Кракаве.

У 1862–1863 гадах Напалеон Орда жыве то ў Горадні, то ў Вільні, то ў Пінску, потым на Валыні. У самы час паўстаньня, да канца 1864 году, ён мэтадычна аб’яжджае ўсе раёны найбольш актыўных баявых дзеяньняў і малюе краявіды.

З 1860-х гадоў і амаль да канца свайго жыцьця Напалеон Орда шмат падарожнічаў па ўсёй Беларусі, рабіў архітэктурныя накіды найбольш значных помнікаў, замалёўкі мясьцінаў, зьвязаных з жыцьцём выбітных асобаў, славутых помнікаў старасьвеччыны. Вынікам гэтых вандраваньняў зьявіўся аграмадны збор мастацкіх твораў, гэта больш за 1150 малюнкаў і акварэляў. Гэта была вялікая падрыхтоўка (збор візуальнага матэр’ялу) да выданьня малюнкаў у альбоме, створаным у тэхніцы літаграфіі. Літаграфія дазваляла надрукаваць тыраж і зрабіць малюнкі вядомымі шырокаму колу суайчыньнікаў.

З 1873 году Напалеон Орда распачаў манумэнтальную справу – выданьне малюнкаў ўласным коштам у «Album Widoków Historycznych». Было выдадзена толькі 260 літаграфіяў у васьмі сэрыях альбому (каля 120 па беларускіх губэрнях). Малюнкі, зробленыя ў арыгінальнай тэхніцы алоўка і акварэлі, пераводзіліся літографам Аляізам Місяровічам на камень і друкаваліся ў літаграфічнай майстэрні Максімільяна Фаянса ў Варшаве.

Традыцыйна лічыцца, што малюнкі Орды вызначаюцца дакумэнтальнасьцю і з гэтай прычыны маюць велізарную каштоўнасьць для дасьледнікаў архітэктуры, рэстаўратараў. Але, насамрэч, калі параўноўваць малюнкі з тымі будынкамі, што захаваліся, добра відаць шматлікія недасканаласьці і пэрспэктыўныя хібы. Гэта тлумачыцца тым, што Напалеон Орда ня быў прафэсійным мастаком (усяго толькі два гады навучаньня архітэктурнаму пэйзажу) і сам лічыў сябе аматарам. Больш за тое, апошнія дасьледаваньні арыгінальных малюнкаў Орды паказалі сьвядомыя зьмены аўтарам кампазыцый і архітэктурных аб’ектаў, калі аўтар назнарок не маляваў так, як гэта было ў рэчаіснасьці. Сапраўды, многія помнікі захаваліся толькі ў ягоных акварэлях ды малюнках, таму маюць вялікае значэньне для гісторыкаў архітэктуры. Але абапірацца на малюнкі як на крыніцу для рэстаўрацыі немагчыма.

Музэй Напалеона Орды

Музэйны комплекс Напалеона Орды заснаваны 21 чэрвеня 2005 году. Першых наведвальнікаў музэй прыняў у жніўні 2007 году. Асноўная дзейнасьць музея накіраваная на папулярызацыю творчай спадчыны Н. Орды. У дадзены момант уведзена першая чарга раённага музейнага комплексу – карцінная галерэя мастака, якая размешчаная ў 5 залях: тры залi прысьвечаны творчай спадчыне Н. Орды, чацвёртая – творчасьці мясцовых мастакоў, пятая заля – часовыя выставы.

Каардынаты: 52.121906, 25.355079.

Iнтэр’еры сядзiбы

Карцiнная галерэя

Каардынаты: 52.109046, 25.375161.

Царква Ўзьвiжаньня Cьвятога Крыжа

Царква-мураўёўка пабудаваная ў Варацэвiчах у 1869–1872 гадох з цэглы. Выбар пляцоўкі пад будаўніцтва і яе плян у 1864 годзе склаў інжынер-архітэктар М.Я. Чакмасаў і прыватны землямер Тарасевіч. Каштарыс на ўзвядзеньне храма ў тым жа годзе выканаў архітэктар М.М. Барташэўскі.

Пры расчыстцы пляцоўкі была зьнесеная карчма. Нейкі час існавала струхлелая драўляная царква, спраектаваная старшым грамадзянскім інжынэрам Яноўскім у 1842 годзе замест ранейшага храма. Для новый царквы быў выкарыстаны «нармальны» праект №2 бутавай царквы на 300 чалавек, распрацаваны Леанардам Кржыжаноўскім у 1870 годзе. Падрадчыкамі з’яўляліся жыхары Чарнігаўскай губэрні І.Ц. Сяргееў і яго сын Кузьма. Храм асьвяцілі ў 1872 годзе.

У 1920–1930-я гады царква была закрытая, царкоўныя рэчы разабралі прыхаджане. Шмат рэчаў вернута ў царкву ў час яе новага адкрыцьця ў 1993 годзе.

Каардынаты: 52.108964, 25.382043.