Пружанскі раён

Пружаны

Пружаны – места на сутоцы ракі Мухі і канала Веца – пачатку ракі Му́хаўца,адміністрацыйны цэнтар Пружанскага раёну. Знаходзіцца за 70 кiлямэтраў на паўночны ўсход ад Берасьця, за 11 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Аранчыцы (лінія Берасьце – Баранавічы). Вузел аўтамабільных дарог на Берасьце, Высокае, Кобрынь, Ружаны, Слонім, Бярозу, Поразаў.

Насельніцтва Пружанаў па стане на 2018 год складала 18.608 чалавек.

Пружаны – магдэбурскае места гістарычнай Берасьцейшчыны. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў былі адным з двух местаў (разам з Горкамі) на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага, вызваленых на пэўны час з-пад расейскага панаваньня. Да нашага часу тут захаваўся сядзібна-паркавы комплекс Швыкоўскіх, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX стагодьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі клясыцызму касьцёл (Прачысьценская царква), помнік архітэктуры XIX стагодьдзя, зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Існуюць розныя меркаваньні наконт паходжаньня тапоніму «Пружаны». Паводле гіпотэзы пісьменьніка і гісторыка Юзэфа Ігнацыя Крашэўскага, ён утварыўся ад назвы балцкага племені прусаў, якія заснавалі тут паселішча Прусаны альбо Прусіяны. Гэтая гіпотэза пацьвярджаецца гістарычнымі падзеямі: у 1230-я гады пад націскам князя Конрада Мазавецкага і ягоных хаўрусьнікаў-крыжакоў прусы мусілі перасяляцца. У 1276 годзе яны атрымалі дазвол вялікага князя Трайдзеня пасяліцца на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Іншая вэрсія зьвязвае паходжаньне назвы з пашыранай у гэтай мясцовасьці сельскагаспадарчай культурай – просам. Гэтая гіпотэза таксама пацьвярджаецца гістарычнымі дакумэнтамі: у «Запісах рассылкі гаспадарскіх лістоў у замкі з двароў, старостваў і цівунстваў» за 1564 год паведамлялася, што проса для ўтрыманьня дзяржаўнага войска ў Бабруйскім замку дасылалася з Пружанаў і іншых мясьцінаў. Паводле іншага меркаваньня, назва места мае зьвязак з словам «прудзіць». Маўляў, з тае прычыны, што за Ружанамі знаходзіліся вялікія сажалкі («пруды»), паселішча за імі пачалі называць Пружанамі. Аднак больш верагоднымі выглядаюць дасьледаваньні ў гэтым кірунку мовазнаўцаў У. Юрэвіча і В. Лемцюговай, якія атаясамліваюць назву з «запрудай, прудам» – невялікім штучным або натуральным вадаёмам, пры якім паўстала паселішча.

Існуе некалькі варыянтаў легенды, што зьвязвае паходжаньне назвы места з выявай на ягоным гербе. Беларускі этнограф М. Федароўскі ў дасьледаваньні «Люд беларускі на Русі Літоўскай» прыводзіць мясцовую легенду пра вандроўку каралевы Боны з сваёй дачкой. Калі яны пераяжджалі цераз Му́хавец, які быў тады паўнаводным і вірлівым, дачка ўпала ў ваду, і яе праглынуў зьмей. Дык назва Пружаны выводзіцца або ад дзеяньняў зьмея («пажэр» дзіця), або ад імя дачкі Боны – Прузэны (аднак падобнае імя болей нідзе не сустракаецца). Існуюць таксама варыянты легенды, нібы рачны зьмей не пажэр дзіця, а наадварот, нарадзіў ці выратаваў. У трэцім томе этнаграфічнага дасьледаваньня «Маляўнічая Расея» прыводзіцца аповед пра карміцельку, якая выпадкова ўпусьціла ў раку Муху маленькае дзіця ўладальніка места; рака «пажэрла» яго (варыянт – укусіла зьмяя), і ад гэтага месца Дабучын сталі называць Пажарла, а потым Пружанай. Яшчэ адну легенду прыводзіць беларускі мовазнаўца Аляксей Ненадавец. Паводле яе, у час падарожжа каралевы Боны па сваіх уладаньнях ейнае войска заехала на мост, і залатая карэта з сынам каралевы звалілася ў раку. З вады высунулася агромністая разьзяўленая пашча зьмея; ахоўнікі паспрабавалі ўратаваць дзіцё, аднак усе загінулі. Вызваліць каралевіча з палону выклікаўся ваяр Янка. Ён загадаў запрудзіць раку, каб вада сышла, а потым забіў зьмея. Бона Сфорца аддала Янку ўсе землі ўздоўж ракі ў вечнае карыстаньне, а месца гэтае атрымала назву Пруджана.

Да нядаўняе пары датай заснаваньня места лічыўся 1487 год, калі ўпершыню ўпамінаецца Дабучын. Заснаваць тут паселішча пастанавіў князь Іван Сямёнавіч Кобрынскі, які зьбіраўся зрабіць Дабучын дваром кобрынскіх князёў. Гэты факт даў падставу гісторыкам XIX–XX стагодзьдзяў сьцьвярджаць, што да 1589 году Пружаны называліся Дабучынам. Сучасная назва канчаткова замацавалася 3 траўня 1588 году разам з наданьнем Ганнай Ягелонкай месту Магдэбурскага права і гербу.

Дагэтуль некаторыя сталыя жыхары места карыстаюцца варыянтам назвы «Пружа́на» (лацінкай: Pružana). Гэты варыянт быў ужываны на мапах ужо з часу Рэчы Паспалітае (першая дакладная мапа ВКЛ Мікалая Крыштапа Радзівіла) каля 1603 году. На мяжы XX–XXI стагодзьдзяў выдавалася газэта «Голас Пружаны». Варыянт «Пружана» выкарыстоўваецца таксама ў некаторых публікацыях клясычным правапісам беларускай мовы.

Пружанскi палацык. Напалеон Орда. 28.05.1861–1877

Датай заснаваньня Пружанаў лічыцца 1433 год, калі ў пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца Прушанская воласьць. У хроніках Ордэну крыжакоў пад 1401 годам таксама ўпамінаецца тэрмін «Прушын» (von Pruszin hin ken Russin), што супрацоўнікі Пружанскага музэю называюць першым упамінам пра Пружаны. Аднак больш імаверна, што гэтак у летапісах называецца менавіта Прусія.

Само паселішча ўпершыню называецца Пружанамі ў 1463 годзе, калі яно ўваходзіла ў склад Кобрынскага княства. У 2-й палове XV стагодзьдзя тут існавалі княскі паляўнічы двор, псярня, 2 вуліцы: Сялецкая і Задворная, жыдоўскае пахавальнае братэрства. У 1463 годзе ў жыдоўскім квартале паўстала першая сынагога (згарэла ў 1863 годзе).

У 1473 годзе князь Іван Кобрынскі з жонкай Фядорай, дачкой Івана Рагатынскага, фундавалі пабудову ў Дабучыне царквы ў гонар Нараджэньня Божага, пра што сьведчыць акт, датаваны 9 кастрычніка 1473 годзе, які знаходзіцца ў Літоўскай мэтрыцы і ў царкоўнай кнізе. Аднак ягоная аўтэнтычнасьць ставіцца пад сумнеў. Адным з довадаў таго, што дакумэнт падроблены, зьяўляецца той факт, што ў ім князь Іван Кобрынскі называецца ўладаром цэлай Жамойцкай зямлі, хоць дакладна вядома, што ў гэты час (1450–1485) генэральным старостам Жамойці быў Ян Кезгайлавіч. Царква знаходзілася між вытокам Мухаўца і паваротам на гістарычную вуліцу Слонімскую. Згарэла ў першай палове XIX стагодзьдзя.

Па сьмерці кобрынскага князя Юрыя Пацэвіча ў 1506 годзе ягонай жонцы Фядоры давялося судзіцца за права валоданьня княствам. У 1507 году вялікі князь Аляксандар выдаў Фядоры пацьвярджальную грамату на валоданьне трацінаю спадчынных і вотчынных маёнткаў у Кобрыні і Дабучыне. Па сьмерці апошняе прадстаўніцы роду кобрынскіх князёў Ганны Дабучын у складзе Кобрынскага староства, перададзенага ў арэнду маршалку гаспадарскаму Вацлаву Касьцевічу, у 1520 годзе ўвайшоў у Кобрынскі павет Падляскага ваяводзтва. Касьцевіч заснаваў тут у 1522 годзе касьцёл Сьвятых Жыгімонта і Вацлава. Па ягонае сьмерці ў 1532 годзе землі Кобрынскага староства перайшлі да каралевы Боны Сфорцы, другой жонкі Жыгімонта I, якая аднавіла касьцёл і заахвочвала разьвіцьцё рамёстваў, гандлю і земляробства. Пружаны за яе ўладай сталі мястэчкам. У 1563 ейны рэвізор Дзьмітры Сапега склаў інвэнтарную кнігу, паводле якой тут зафіксавана 278 гаспадарак і 7 вуліц (Кобрынская, Хватка, Загор’е, Дзярэчын, Сялецкая, Шырокая і Задворная); працавалі 10 мясьнікоў, 7 краўцоў, 6 кавалёў. Пружанскі каралеўскі двор служыў рэзыдэнцыяй у час паляваньня каралеўскай сям’і ў Ружанскай і Белавескай пушчах. У склад двару ўваходзілі аднапавярховы драўляны палац на мураваным фундамэнце, 2 флігелі, гаспадарчыя пабудовы.

Згодна з адміністрацыйна-тэратарыяльнай рэформай 1565–1566 годоў Пружаны ўвайшлі ў склад Берасьцейскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. 3 траўня 1588 годзе каралева і вялікая княгіня Ганна Ягелонка надала мястэчку Магдэбурскае права разам зь пячаткаю і гербам «у срэбным полі зьвілістая блакітная зьмяя з залатой каронай на галаве вывяргае дзіця», запазычаным ад роду Сфорцаў. Ад гэтага часу за местам замацавалася назва Пружаны. Разам з прывілеем Пружаны атрымалі дазвол на 2 кірмашы штогод: на другі дзень па Тройцы і на дзень Перамяненьня Пана або на Ўзьвіжаньне; у даход места пераходзілі падушныя, памерныя, сталповыя і лапаткавыя зборы. Месьцічы атрымалі дазвол на ўласныя крамы, васкабойні і вагі. 6 траўня 1589 году прывілей Ганны Ягелонкі пацьвердзіў кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза з наданьнем дадатковага прывілею на правядзеньне 4 кірмашоў штогод. Гэта спрыяла далейшаму разьвіцьцю рамёстваў і гандлю. Да пачатку XVII стагодзьдзя Пружаны сталі буйным рамесьніцкім цэнтрам, які славіўся вытворчасьцю задымленага чорнага глінянага посуду і кафлі. У інвэнтары Пружанаў 1597 годзе адзначаюцца палац, 2 падворкавыя пабудовы, гаспадарчыя пабудовы, млын.

Адна зь першых школаў на тэрыторыі Пружаншчыны зьявілася пры манастыры базылянаў. Праграма навучаньня ў базылянскіх школах прадугледжвала вывучэньне рускай, грэцкай, лацінскай, царкоўнаславянскай, польскай, нямецкай, францускай моваў. Выпускнікі мелі права паступаць ва ўнівэрсытэт.

Пружанскi палацык. Pružanski pałacyk. 1850

Пружаны значна пацярпелі ад вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў. У 1661 годзе ў месьце застаўся толькі 91 дым, каля 80% забудовы зруйнавалі.

У 1776 годзе з прычыны разбурэньняў Пружаны пазбавілі Магдэбурскага права, але ў 1791 годзе ім вярнулі мескія правы. Да канца XVIII стагодзьдзя эканоміка места паступова аднавілася, адбываўся гандаль збожжам, жывёлай і гарэлкай.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Пружаны апынуліся ў складзе Расейскае імпэрыі, дзе сталі цэнтрам павету Слонімскай губэрні, з 1797 годзе Літоўскай, з 1801 году Гарадзенскай губэрні. Маскоўская гаспадыня Кацярына II падаравала Пружанскія землі графу, генэралу-фэльдмаршалу Румянцаву-Задунайскаму. Па ягонай сьмерці ў 1796 годзе імі валодалі нашчадкі Мікалай, потым Міхаіл Румянцавы. У 1798–1803 гадох Міхаіл Румянцаў здаваў маёнтак у арэнду павятоваму маршалку Фэліцыяну Грабоўскаму. Румянцавы нядоўга валодалі землямі Пружанскага павету, хутка распрадаўшы іх Трэмбіцкаму, Булгарыну і Влодкам. Само места стала ўласнасьцю маршалка кобрынскага Паўла Ягміна. У 1803 годзе зьявіўся першы плян Пружанаў. У найбольш старую частку места ўваходзілі адцінкі вуліцаў Кобрынскай (цяпер Савецкая) і Слонімскай (цяпер Камсамольская), а таксама забудова на поўнач ад сутокі рэк Мухі і Веца і абалоны Мухаўца.

Гандлёвыя рады ‘Белыя лаўкі’. Biełyja Ławki, Marktplatz. 1917

У вайну 1812 годзе Пружаны занялі і разрабавалі францускія войскі пад камандаю генэрала Рэнье. На 1817 год у месьце засталося 242 драўляныя хаты. Першы мураваны будынак, мескую вязьніцу, збудавалі ў 1820 годзе. У 1837 годзе адкрылася шляхецкая вучэльня, якая лічылася адной з найлепшых у краі. Тут было 10 настаўнікаў і 130 вучняў, тэрмін навучаньня складаў 5 год. Гэтую вучэльню ў 1844 годзе скончыў гісторык і этнограф Павал Баброўскі. Аднак ужо ў 1848 годзе расейскія ўлады зачынілі навучальную ўстанову з прычыны актыўнага ўдзелу настаўнікаў у грамадзка-палітычным жыцьці колішняга Вялікага Княства Літоўскага.

У канцы першай чвэрці XIX стагодзьдзя Пружаны перайшлі да Бэрнарда Швыкоўскага. У 1843 годзе па сьмерці Пятра Швыкоўскага маёмасьць падзялілі два ягоныя сыны Валенці і Міхаіл, у выніку чаго Пружанскі ключ падзяліўся на ўласна Пружаны і Белавусаўшчыну. У 1845 годзе места атрымала новы герб «на сьветла-карычневым фоне яліна, на галінах якой вісіць паляўнічая труба». У 1857 годзе ў Пружанах працавалі бровар, маслабойня, тытунёвы, мукамольны і мылаварны заводы, 44 карчмы. У месьце было 22 купцы, больш за 200 ганчароў, каля 80 краўцоў, 10 кавалёў, 20 цесьляроў, 10 рамесьнікаў.

13 лютага 1863 годзе аддзелы паўстанцаў Кастуся Каліноўскага (100 чалавек пад кіраўніцтвам С. Сангіна і Р. Рагінскага) занялі Пружаны. Жыхары места спачувальна паставіліся да паўстанцаў, і мескія ўлады не далі рады даць адпор «каліноўцам». Таго ж году згарэла найстарэйшая пружанская сынагога. У 1866 годзе ў Пружанах збудавалі сабор Аляксандра Неўскага, праз 12 гадоў – Спаскую царкву. У 1873 годзе дзейнічалі 4 сынагогі і бясплатная жыдоўская больніца; працавалі лякарня і зельня (аптэка); існавалі тры брукаваныя вуліцы; побач зь местам працавала цагельня. 7 ліпеня 1873 годзе ў месьце зьявіўся тэлеграф. У 1878 годзе дзейнічалі дзьве царквы (адна зь іх прыходзкая), касьцёл і капліца, працавалі паштовая станцыя, павятовая школа, шпіталь, тытунёвая і 2 запалкавыя фабрыкі, 2 бровары, паравы млын. У 1881 годзе на месцы старога збудавалі мураваны касьцёл. У 1896 годзе на зьмену старым драўляным гандлёвым радам збудавалі новыя цагляныя – «Белыя лаўкі». Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Пружанах было 769 двароў, дзейнічалі 2 царквы, касьцёл, сынагога, некалькі юдэйскіх малітоўных дамоў, працавалі павятовая прыходзкая вучэльня і 14 дробных прадпрыемстваў. У 1899 годзе адкрылася другаклясная школка для падрыхтоўкі пэдагогаў. Першым яе загаднікам быў сьвятар Іаан Катовіч. У 1904 годзе ў Пружанах было 1.157 будынкаў (зь іх 71 мураваныя), 2 шпіталі, аптэка, 5 навучальных установаў, 2 друкарні, бібліятэка-чытальня, 13 фабрык і заводаў. Штогод праводзілася 5 кірмашоў. У час рэвалюцыі 1905–1907 у месьце адбываліся страйкі працоўных макароннай, тытунёвай фабрык і вінакурні.

Прачысьценьская царква (страчаная)

У 1857 року мясцовы шляхціц Валенці Швыкоўскі распачаў у Пружане будаўніцтва касьцёлу. Дзеля гэтага з Варшавы быў запрошаны славуты архітэктар Генрык Марконі. Аднак у сувязі з падзеямі паўстаньня 1863 року Швыкоўскі быў вымушаны эміграваць за мяжу, і працы былі спыненыя. У 1864 недабыдуваны храм паводле рашэньня царскай адміністрацыі быў перададзены праваслаўным. Не апошнюю ролю ў перадачы храма адыграў той факт, што мясцовы ксёндз Гансеўскі хаваў у недабудаваным касьцёле рэчы і зброю для паўстанцаў. Новая царква была асьвечаная як Прачысьценская.

За часам нацысцкай акупацыі храм дзейнiчаў, але зазнаў значныя разбурэньні. Ацалелы пасьля пажару абраз быў перанесены ў сабор Аляксандра Неўскага і цяпер вядомы як «Незгаральны абраз Божай Маці».

Канчаткова царква разбураная бальшавікамі ў другой палове 50-х рокаў. Цэгла зь яе была выкарыстаная для пабудовы на гэтым самым месцы ўнівэрмагу, суседніх рэстарану і гастраному (цяпер кулінарыя), а таксама шэрагу іншых гандлёвых аб’ектаў.

Каардынаты колiшняй царквы: 52.557839, 24.455245. Знаходзiлася яна на месцы сёньняшняга дома па Савецкай, 13.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў жніўні 1915 году Пружаны занялі войскі Нямецкай імпэрыі. Вялікую колькасьць месьцічаў эвакуявалі ў глыб Расеі. Большасьць зь іх трапілі ў Башкірыю. Немцы збудавалі чыгунку, якая злучыла места з станцыяй Лінава на лініі Берасьце – Баранавічы.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Пружаны абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Масеўскай і Шарашоўскай воласьцяў Пружанскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Пружаны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. У студзені 1919 году іх на некалькі дзён занялі бальшавікі. 30 студзеня 1919 году з рук бальшавікоў места адбіў Віленскі аддзел Польскага войска пад кіраўніцтвам ротмістра Ўладыслава Дамброўскага. 7 чэрвеня 1919 году Пружаны ўвайшлі ў склад Берасьцейскай акругі Грамадзянскай управы Ўсходніх земляў – часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі. З 27 ліпеня да 19 верасьня 1920 году места зноў займалі бальшавікі.

Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Пружаны апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам павету Палескага ваяводзтва. У 1922 годзе ў Пружанах адкрылася гімназія імя Адама Міцкевіча. За польскім часам працавала настаўніцкая сэмінарыя; штогод праводзіліся тры кірмашы: 15 і 30 кастрычніка, а таксама кірмаш сельскагаспадарчай прадукцыі на наступны дзень па Пяцідзясятніцы паводле старога стылю; працавалі два памяшканьні для паказу нямога кіно, пазьней адкрыўся кінатэатар на сталай аснове; ладзіліся выступы вандроўных тэатраў. 18 красавіка 1934 году да места далучылі паселішчы з аднайменнай гміны – частка маёнтку Губэрні й маёнтак Аўгустынаўка.

У 1939 годзе Пружаны ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 год сталі цэнтрам раёну Берасьцейскай вобласьці. Зь 1 студзеня 1940 году прадпрыемствы, гандаль і вытворчасьць нацыяналізавалі. У гэты час у Пружанах было 1.385 двароў, працавалі электрастанцыя, 6 мэханічных млыноў, 2 маслабойныя, кафэльны заводы, 2 сьлясарныя майстэрні. Адбыўся перавод адукацыйных установаў на савецкую сыстэму. Уводзілася «дзесяцігодка». У Пружанах адкрыліся сярэднія школы на чатырох мовах (беларускай, ідышы, польскай і расейскай). Выходзіла газэта «Новы шлях».

У часы Другой сусьветнай вайны з 23 чэрвеня 1941 году Пружаны знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. Нацысты стварылі ў месьце гета, дзе зьнішчылі жыдоўскае насельніцтва. 17 ліпеня 1944 году ў Пружаны зноў увайшлі савецкія войскі Першага Беларускага фронту.

Гандлёвыя рады «Белыя лаўкі»

Гандлёвыя рады «Белыя лаўкі» – помнік грамадзянскай архітэктуры XIX стагодзьдзя з рысамі барока і клясыцызму. Цікавыя як рэдкі ўзор грамадзянскай манумэнтальнай архітэктуры. Пабудаваны ў 1867 року з цэглы. Рады пабудаваныя на месцы старых драўляных гандлёвых радоў паводле праекту гарадзенскага губэрнскага архітэктара Міхайлоўскага і эпархіяльнага архітэктара Т. Савіча. Першапачаткова мелі праезд ва ўнутраны дворык для падвозу і захоўваньня тавараў.

Каардынаты: 52.555964, 24.455539. Адрас: вулiца Савецкая, 2.

Кiнатэатар «Спутнiк»

У некалькіх кроках ад пружанскіх гандлёвых радоў знаходзіцца будынак кінатэатра «Спадарожнік». Упершыню ён адчынiў свае дзверы я ў 1965 годзе. У 2010 годзе быў праведзены капітальны рамонт будынка. У 2018 годзе праведзена ўстаноўка сучаснага лічбавага абсталяваньня, устанляваны новы экран, абноўлена гукавая тэхніка.

Каардынаты: 52.555857, 24.457196. Адрас: вулiца Рыгора Шырмы, 5

Сабор у імя дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага

Праваслаўны сабор у імя дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага збудаваны ў Пружанах у гонар абаронцы Расейскай імпэрыі сьвятога князя Аляксандра Неўскага. Асьвячэньне адбылося 22 кастрычніка 1866 году. У храме знаходзіцца абраз «Багародзіца, якая плача», які лічыцца цудадзейным.

У сувязі з падзеямі паўстаньня 1863 року царызм адводзіў праваслаўнай царкве вялікую ролю ў далейшай маскалізацыі краю. На яе падтрымку было накіравана 10% ад кошту ўсяе канфіскаванае маёмасьці ўдзельнікаў паўстаньня. Ва ўсіх губэрнскіх і павятовых мястэчках былі створаныя камітэты па будаўніцтве праваслаўных цэркваў. У Пружане ён быў арганізаваны ў 1865 годзе на чале з кіраўніком места і павету капітанам Элісам.

Вырашана было будаваць царкву ў гонар нябеснага абаронцы Расеі Сьвятога Аляксандра Неўскага як падзяку расейскаму імпэратару Аляксандру II за скасаваньне прыгоннага права і паншчыны. Праект стварыў гарадзенскі губэрнскі архітэктар Міхайлоўскі, які карыстаўся альбомам праектаў Сыноду. У 1864 годзе першую цагліну ў падмурак храма паклаў у дзень сьвятых Пятра і Паўла берасьцейскі япіскап, вікарый Літоўскай япархіі Ігнаці (Жалязоўскі).

Цэгла на будаўніцтва паступала бясплатна з канфіскаванага ў Валенція Швыкоўскага цагельнага заводу ў Палянове, а таксама зь недабудаванага касьцёлу. Сродкі на будоўлю зьбіраліся па ўсёй імпэрыі, а кожны сялянскі двор Пружаншчыны мусіў здаць на пабудову па 50 капеек і на адзін дзень выдзеліць на дапамогу мужчыну.

Іканастас быў створаны найлепшымі майстрамі Пецярбургу Козеравым і Срабраковым паводле праекту архітэктара Сычова. Ён таксама распрацаваў нарыс бакавых ківотаў. Абразы для яго былі напісаныя ў пецярбурскім Сьвята-Ўваскрасенскім і маскоўскім Новадзявочым манастырох. Званы для сабору былі прывезеныя з заводу пецярбурскага купца Пікіева. Рызьніца, посуд, кнігі і іншае царкоўнае начыньне падараванае маскоўскім купецтвам.

Адкрыцьцё храму было заплянаванае на верасень 1866 году да дню памяці Аляксандра Неўскага, аднак неспадзяванка змусіла перанесьці ўрачыстасьць на месяц: падчас транспартаваньня быў пашкоджаны іканастас, зроблены ў Пецярбургу, і праз шчыліны ў яго трапіла вада, таму яго давялося наноў склейваць і пакрываць пазалотай. 9 кастрычніка 1866 па старому стылi япіскап берасьцейскі Ігнаці (Жалязоўскі) асьвяціў храм. У 1891 сабор атрымаў у падарунак ад мескай думы абраз са сьвятымі, аднайменнымі чальцам царскай сям’і.

9 красавіка 1934 году з абразом тыпу «Ўкрыжаваньне» адбыўся цуд: з вачэй Божай Маці пачалі капаць сьлёзы. З тае пары штогод 9 красавіка і ў Сьветлую пятніцу Велікоднага тыдню вернікі адзначаюць сьвята празванай цудадзейнай «Пружанскай Галгофы» (або «Багародзіцы, якая плача»). Акрамя гэтага, сюды перанесены «Незгаральны абраз Божай Маці», які ацалеў падчас пажару ў Прачысьценскай царкве ў часе Другой сусьветнай вайны, а таксама «Ўладзімерскі абраз Божае Маці», які абнавіўся ў аднаго з жыхароў Сланімцоў.

Па Другой сусьветнай вайне быў распрацаваны плян забудовы Пружанаў, паводле якога непасрэдна ля сабору было заплянаванае ўзьвядзеньне пяціпавярховае жылое хаты. У гэтым разе вернікі былі б пазбаўленыя царкоўнага пагосту, а храм быў бы заслонены пабудовай. Супрацьстаяньне вернікаў пабудове цягнулася месяц: на званіцы сабору дзяжурыла прыхаджанка Марыя Мардань, якая пачынала званіць, ледзь заўважыўшы набліжэньне будаўнічае тэхнікі. На заклік з усіх канцоў места сыходзіўся праваслаўны люд, не даючы пачаць будаўніцтва, падаючы нават пад коўш экскаватара. Урэшце рэшт будаўніцтва жылога дома пачалося па-за межамі царкоўнага двара.

У 1990-я жыцьцё парафіі актывізавалася, адбыўся маштабны рамонт царквы, пабудаваная нядзельная школа, паўстаў новы чыгунны плот. Ад студзеня 2006 годзеў саборы знаходзіцца частка мошчаў дабравернага князя Аляксандра Неўскага.

Каардынаты: 52.555925, 24.456495.

Вулiца Савецкая

9 верасьня 1801 году загадам расейскага цара Аляксандра I Пружанскі павет зрабіўся часткаю Гарадзенскае губэрні, у складзе якой прабыў больш за 100 гадоў. У 1803 годзе складзены першы плян Пружанаў. У найбольш старую частку гораду ўваходзілі адцінкі вуліцаў Кобрынская (цяпер Савецкая) і Слонімская (цяпер Камсамольская) ды забудова на поўнач ад сутокі рэчак Муха, канала Вец і поймы Мухаўца.

Вулiца Савецкая, 1

Вулiца Савецкая, 4

Вулiца Савецкая, 5… 7

Вулiца Савецкая, 15

Скульптурная кампазiцыя «Муха i Вец»

«Муха і Вец» – скульптурная кампазіцыя ля скрыжаваньня вуліцаў Савецкай і Вінаградава.Рамантычная скульптура з’явілася ў 2003 годзе, яе аўтар А.Паўлючук. Галоўны сэнс кампазіцыі заключаецца ў тым, што ў гэтым месцы знаходзіцца месца зьліцьця рэчкi Муха і каналf Вец, далей ад гэтага месца цячэ ўжо рака Му́хавец.

Каардынаты: 52.559814, 24.455963. Арыентыр:побач з домам №25 па вулiцы Савецкай.

Вулiца Савецкая, 35

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі

Нэаклясыцыстчны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, сустракаецца таксама варыянт Міхайлаўскі касьцёл – каталіцкі храм, збудаваны ў 1883 годзе.

У сярэдзіне XIX стагодзьдзя было вырашана пабудаваць для каталікоў новы храм побач са старым драўляным, збудаваным яшчэ ў 1522 годзе. За яго пабудову ўзяўся мясцовы шляхціч Валенці Швыкоўскі, які дзеля гэтай мэты запрасіў з Варшавы славутага архітэктара Генрыка Марконі. Аднак пасьля падзеяў паўстаньня 1863 годзе яшчэ недабудаваны касьцёл быў адабраны і перабудаваны пад праваслаўную царкву.

Паколькі стары храм згарэў, вернікі-каталікі дамагаліся таго, каб у Пружане быў хоць адзін касьцёл. Урэшце ў 1877 дазвол быў атрыманы з умоваю, што касьцёл ня будзе ўзвышацца над іншымі пабудовамі места, а 21 сьнежня 1878 годзе зацьверджаны праект. Узьвядзеньне храма ізноў фундаваў Валенці Швыкоўскі; частку сродкаў (22.000 рублёў) выдзялілі царскія ўлады.

Храм узводзіўся на зямлі, выкупленай парафіянамі ў 1881 у памешчыка Быліны. Будаўніцтва касьцёлу скончылася ў 1883 годзе, 29 верасьня ён быў перададзены духоўным уладам. Ля касьцёлу была збудаваная двухпавярховая званіца вышынёй амаль 8 мэтраў, у алтары якой былі зьмешчаныя абразы Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Божай з кляштару ў Бярозе-Картускай, Маці Божай Ружанцовай, Сьвятога Антонія, Сьвятога Міхаіла і іншых.

8 верасьня 1884 году касьцёл быў асьвечаны пад тытулам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, сьвятой Ганны і сьвятога Караля Барамэя. Мерапрыемствы зладзіў сьвятар Караль Грынявіцкі. У 1886 побач была збудаваная драўляная плябанія.

Храм зазнаў значныя пашкоджаньні ў Першую сусьветную вайну: пацярпеў будынак, амаль зьнішчаная арганная частка. У 1929–1930 гадох  пры матэрыяльнай падтрымцы пружанскіх шляхціцаў Дзяконскага і Марачэўскага былі праведзеныя грунтоўныя аднаўленча-будаўнічыя працы. Храм поўнасьцю адрамантавалі, замянілі дах і вокны, правялі электраасьвятленьне. Было адноўленае арганнае памяшканьне. Перабудавалі й плябанію, пры якой зьявілася дадатковае памяшканьне для парафіянаў.

У 1939 годзе вікарыем быў пастаўлены Казімер Сьвёнтак. Пасьля прыходу Саветаў быў арыштаваны, знаходзіўся ў вязьніцы. З прыходам нацыстаў вызвалены, вярнуўся ў касьцёл і служыў да 17 сьнежня 1944, калі зноў быў арыштаваны бальшавікамі. Празь няпоўныя два годы ў Польшчу зьехаў пробашч парафіі ксёндз Антоні Ройка (польск. Antoni Rojko), баючыся перасьледу ўладаў. Вернікі працягвалі зьбірацца ў касьцёле на малітвы нават безь сьвятара яшчэ два гады, пакуль ён ня быў апячатаны 2 сакавіка 1948 году.

19 красавіка 1951 году райвыканкам вырашыў перабудаваць будынак пад Дом культуры. Драўляныя дэталі аргану выкарыстоўваліся для яго абагрэву, мэталёвыя здадзеныя на мэталалом; касьцёльнае ўбранства і вопратка пушчаныя на пашыўку тэатральных касьцюмаў. Частка маёмасьці была распрададзеная.

У пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя вернікі сталі дамагацца вяртаньня касьцёлу. 4 жніўня 1991 ў Пружану быў прысланы на душпастырскую дзейнасьць ксёндз Эдвард Лоек, 2 сьнежня ўлады дазволілі правядзеньне набажэнстваў у будынку Дому культуры ў нядзелі і сьвяточныя дні. Першая iмша адбылася ўжо 8 сьнежня 1991 году.

1 лютага 1993 году касьцёл быў вернуты каталікам і асьвечаны ў гонар Маці Божай. 6 лютага з гэтай нагоды ўрачыстую iмшу цэлебраваў арцыбіскуп Казімер Сьвёнтак.

Рэстаўрацыя цягнулася да 1998 году. Поўную інвэнтарызацыю і дакумэнтацыю па рэканструкцыі бясплатна зрабіў прафэсар Інстытуту кансэрвацыі помнікаў Кракаўскай палітэхнікі Віктар Зін. Давялося аднаўляць чатыры слупы, якія трымалі скляпеньні і дах. Разбураныя печы і коміны, пастаўленыя падчас перабудовы пад Дом культуры, заменены, стары дах, вокны атрымалі свой ранейшы выгляд, і інш.

14 жніўня 1998 адбылася ўрачыстая рэкансэкрацыя сьвятыні. Акт пра гэта на беларускай і польскай мовах захоўваецца ў храме. Да 2005 году вакол касьцёла была збудаваная агароджа і ўпарадкаваная тэрыторыя. На месцы зьнішчанага за камуністамі помніку Хрысту Збаўцы пастаўлены юбілейны крыж да 2000-годзьдзя хрысьціянства.

Каардынаты: 52.561836, 24.456108. Адрас: вулiца Савецкая, 35

Iнтэр’ер касьцёла

Вулiца Савецкая, 41

Вулiца Савецкая, 45

Сядзібна-паркавы комплекс Швыкоўскіх

На пачатку XIX стагодзьдзя старая сядзіба Румянцавых, якая пасьля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай перайшла iм ва ўласнасьць, уяўляла сабою даволі вялікі гаспадарчы комплекс. У склад сядзібы ўваходзілі панская хата і 5 дваровых пабудоваў (найхутчэй драўляныя). З паўночнага і заходняга боку прымыкаў зялёны масіў.

Пасьля пераходу ва ўласнасьць Швыкоўскіх сядзіба займела абсалютна адрозны ад плянаў пачатку стагодзьдзя выгляд. Быў пабудаваны новы двухпавярховы жылы дом з сасновага брусу. Ён быў павернуты тарцом да дарогі, што вяла ў места. Колькасьць іншых сядзібных пабудоваў дасягнула 10. Агульная плошча маёнтку складала 4 тысячы дзесяцінаў.

Атрымаўшы пасьля сьмерці бацькі ў 1843 маёнтак ва ўласнасьць, маршалак Валенці Швыкоўскі заняўся далейшай рэканструкцыяй комплексу. Ён збудаваў у сваім маёнтку два заводы: бровар і цагельню, якая, імаверна, вырабляла цэглу і для перабудовы палацыку. Пры ім сядзіба займела той выгляд, які яна мае ў цяперашні час. Аўтарам праекту лічыцца архітэктар італьянскага паходжаньня Францішак Лянчы, хоць наўпроставых доказаў ягонага аўтарства няма. Аднак пры стварэньні сядзібы выкарыстаныя менавіта тыя асноўныя прыёмы і прынцыпы, якія распрацаваў Лянчы для пабудоваў такога кшталту.

За Валентам Швыкоўскім пры палацыку была пабудаваная аранжарэя з чырвонай цэглы. Яна мела гонтавы дах, 2 ганкі, 9 дзьвярэй і 9 вокнаў. Даўжыня будынку складала 8 сажняў 1 аршын (17 мэтраў). Усярэдзіне падзелены на 6 пакояў з дашчанай падлогай. У памяшканьнях стаялі тры печы і комін. У аранжарэі і цяпліцах расло 100 найменьняў кветак і 60 дрэваў, у асноўным экзатычных – камэліі, валькамэрыі, адаліі, мацыёлы, пальмы, агавы, мірты, воскавыя, апэльсінавыя і лімонныя дрэвы. Этнограф Федароўскі пісаў: «На ўсю Літву была вядома аранжарэя Швыкоўскіх. Падобнай ёй ня мелі і Радзівілы». У аранжарэі быў так званы «трэпгаўз», дзе захоўваліся ёмістасьці з рашчынамі ды хімікатамі.

Разам з маёнткам была ўпарадкаваная таксама тэрыторыя парку, які быў пераплянаваны ў пэйзажны. Ягоная плошча склала 8 гектараў. Уздоўж алеяў разьмяшчаліся лавы для адпачынку, канал на паўночным ускрайку сядзібы пераходзіў у сажалку з выспай, злучаны зь берагам мастком. У 1908–1912 гадох парк быў пашыраны за іншы бок каналу, у ім былі насаджаныя іншаземныя расьліны. У 1939 року гэтая частка парка зьнішчаная, на ейным месцы цяпер разьмяшчаецца стадыён.

У 1863 року маёнтак быў канфіскаваны за падтрымку Швыкоўскім паўстанцаў. Пры гэтым быў складзены пералік сэквэстраванай маёмасьці, які дае ўяўленьне пра маштаб перабудовы. Усіх пабудоваў налічвалася 15, зь іх 4 цагляныя. Два будынкі прызначаліся пад жытло, 13 мелі гаспадарчае прызначэньне. Жылая гаспадарская хата мела даўжыню 16 сажняў 13/4 аршына (каля 35 мэтраў), шырыню 9 сажняў 11/4 аршына (больш за 19 мэтраў). Парадны ганак з каменна-цаглянай падлогай, чыгунныя парэнчы. На вежы, што высілася над уваходам, на драўляным крузе цыфэрблят гадзіньніка, аддзелены чорнаю алейнаю фарбай (імаверна, бутафорскі).

Большая частка расьлінаў з аранжарэі была перавезеная ў царскі палац у Белавескай пушчы, кнігі і іншая маёмасьць распрададзеныя з аўкцыёну, цагельня разабраная. У будынку месьцілася павятовая адміністрацыя. Але ўжо ў 1867 маёнтак быў вернуты ўладальніку.

У 1895 року састарэлы Валенцы прадаў сядзібу графу Ўладзімеру Кляйнміхелю. Ягоная дачка Вера, унучка міністра шляхоў зносінаў П. А. Кляйнміхеля, якой дастаўся палац, ў сядзібе не пражывала. Большую частку часу будынак здаваўся ў арэнду розным асобам і ўстановам. У 1903 годзе быў збудаваны новы бровар. Пасьля кастрычніцкага перавароту гаспадыня эмігравала ў Парыж.

За польскім часам у сядзібе разьмяшчалася павятовае староства, у вайну – штаб генэрала Гудэрыяна, інтэрнат нямецкіх афіцэраў. Па прыходзе Саветаў тут сьпярша быў створаны інтэрнат агратэхнічнай вучэльні, пасьля досьледная аграбіястанцыя (з пачатку 1960-х), дзіцячы садок (да 1986), стаматалягічная лякарня. З 1989 – на рэстаўрацыі.

Музэй-сядзіба «Пружанcкi палацык»

24 ліпеня 1993 году на аснове збораў пружанскага краязнаўчага аб’яднаньня «Спадчына» быў адкрыты раённы краязнаўчы музэй у будынку бібліятэкі па вуліцы Савецкай. Пазьней, пры падрыхтоўцы места да Дажынак-2003, гэты будынак быў зьнесены. У 1998 годзе музэй перамясьціўся ў іншае памяшканьне: колiшнюю сядзібу Швыкоўскіх у мескім парку. Аснова канцэпцыі музэю, які з тае пары атрымаў назву музэй-сядзіба «Пружанскі палацык», была распрацаваная навуковай групай супрацоўнікаў Берасьцейскага абласнога краязнаўчага музэю. 19 чэрвеня 1999 году адбылося ягонае ўрачыстае адкрыцьцё. Штогод музэй наведваюць каля 8000 турыстаў, у тым ліку з замежжа. Колькасьць экспазыцыі ў фондах музэю – больш за 6 тысячаў адзінак. Практычна ўсе экспанаты перададзеныя ў музэй бясплатна. У музэі праводзяцца музычна-літаратурныя вечарыны, навуковыя канфэрэнцыі.

На тэрыторыі комплексу былі зьнятыя першыя кадры фільму «Берасьцейская крэпасьць». Супрацоўнікі музэю складалі частку масоўкі для шматсэрыйнага тэлефільму «Талаш», у якім дырэктар палацыку іграў ролю царскага афіцэра. Плянуюцца здымкі сэрыялу «Паляваньне на гаўляйтэра».

Каардынаты: 52.565243, 24.457328. Адрас: вулiца Савецкая, 50.

Экспазыцыі музэя:
– Салён.
– Кветкавая заля.
– Паляўнічы кабінэт. Тут знаходзіцца канапка, якая захавалася ад часоў Валенція Швыкоўскага.
– Трафэйны пакой.
– Музэй этнаграфіі.
– Res Sacrae — выстава твораў сакральнага прызначэньня Пружанаў і ваколіцаў. Адзін з найстарэйшых экспанатаў музэю – унікальны абраз XVI стагодзьдзя «Таемная вячэра».

Флiгель

Лава прымірэння

Вулiца Горка

Каталiцкая каплiца

Каплiца была пабуданая ў 1852 годзе.

Каардынаты: 52.552172, 24.445946.

Преображенская церковь

Церковь возведена после 1990-го года на месте сгоревшей в 1980–1990-х годов старой Спасо-Преображенской церкви.

Координаты: 52.552204, 24.446392.

Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай «Каўчэг Выратаваньня»

Царква пабудаваная пасьля 1990 году.

Каардынаты: 52.549503, 24.462183. Адрас: вулiца Кiрава, 48.

Пружанскi льнозавод

Каардынаты: 52.541233, 24.451546. Адрас: вулiца Макаранкi, 25.