Столінскі раён

Беражное

Беражное – вёска за 14 кiлямэтраў на паўночны ўсход ад Століна, на захад ад ракі Гарыні, месьцiцца на шашы Р88, цэнтар Беражноўскага сельсавету.

Беражное вядомае з 1508 года, калі пінскі і давыд-гарадоцкі князь Фёдар Іванавіч Яраславіч даў Беражное баярыну Пятру Пятровічу Алешы. Па сьмерці князя Фёдара Іванавіча яго ўладаньні перайшлі на вялікага князя, які даў іх сваёй жонцы Боне Сфорцы. Каралева Бона ў 1524 годзе пацьвердзіла баярыну Пятру Алешы ўладаньне Беражным, Гарадком і Парканямі. Род Алешаў валодаў Беражным, пазьней званым Старым Беражным, на працягу 13-ці пакаленьняў. Пасьля адміністрацыйнай рэформы 1565–1566 гадоў Беражное – у складзе Берасьцейскім ваяводзтве.

Пасьля 2-га раздзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска апынулася ў Расейскай імпэрыі, у Менскай губэрні.

12-м гаспадаром Старога Беражнога быў Цэзарый Антоній Алеша (1820–1892), які яшчэ пры жыцьці передаў яго свайму малодшаму сыну Уладзіславу Алешы. У 1909 годзе Уладзіслаў прадаў беражноўскі маёнтак Станіславу Радзівілу, гаспадару суседняга Давыд-Гарадка.

Сядзіба Алешаў (страчаная)

Сядзіба Алёшаў у Беражным была пабудаваная ў пачатку XIX стагоддзя, а ў 1939 была страчаная.

Паводле Рыскай мірнай дамовы (1921) Беражое – у складзе Польшчы, у Столінскай гміне Столінскага павета Палесскага ваяводства. З 1939 года ў БССР.

Апошняй уладальніцай Старога Беражнога была дачка Станіслава Радзівіла, Анна дэ Майе.

Насельніцтва па стане на 2010 год складала 1.917 чалавек.

Царква сьвятой Параскевы Пятніцы

Сьвята-Параскева-Пятніцкая царква ў Беражным, помнік драўлянага дойлідства, пабудаваная ў 1884 годзе. У канцы XIX – пачатку XX стагодьдзяў да царквы прыбудаваная з захаду двух’ярусная званіца.

Каардынаты: 51.993291, 26.991986.