Чачэрскі раён

Чачэрск

Чачэрск – места пры ўтоку ракі Чачоры ў Сож, адміністрацыйны цэнтар раёну. Места знаходзіцца за 65 кiлямэтраў ад Гомелю, за 37 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская на лініi Гомель – Жлобін.

Назва горада паходзіць ад рэчкі Чачора. Горад размяшчаўся на старажытным шляху са Смаленска ў Кіеў праз Радзімічаў.

Чачэрск – магдэбурскае места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся меская ратуша, палац Чарнышовых і царква Сьвятога Спаса, помнікі архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся пабудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы, цэрквы Раства Багародзіцы і Ўшэсьця Гасподняга, помнікі архітэктуры XVIII стагодьдзя, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Паводле археялягічных зьвестак, Чачэрск узьнік у канцы X стагодзьдзя на месцы гарадзішча Замкавай Гары, на беразе Чачоры пры яе ўтоку ў Сож. Першы пісьмовы ўпамін пра горад радзімічаў «Чичерск», які князь кіеўскі Ізяслаў Давыдавіч вярнуў разам з Мазыром князю чарнігаўскаму Сьвятаполку Алегавічу, зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісу і датуецца 1159 годам. У XII–XIII стагодзьдзях паселішча ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства.

У сярэдзіне XIV стагодзьдзя Чачэрск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам воласьці. У 1387–1390 гадох ён знаходзіўся ў валоданьні Скіргайлы, потым местам кіравалі намесьнікі вялікага князя. У гэты час на месцы дзядзінца летапіснага гораду збудавалі замак. У 1501–1518 гадох Чачэрск належаў вялікай княгіні Алене Іванаўне, потым кіраваўся дзяржаўцамі з буйных фэадалаў (Чартарыйскімі, Дашковічамі, Зяновічамі, Львом Сапегам і іншымi). У 1506 годзе места вытрымала сьпярша татарскую, потым маскоўскую аблогу.

У 1509 годзе Чачэрск ўпамінаецца як мястэчка Віленскага ваяводзтва. У 1510 годзе ён стаў цэнтрам Чачэрскага староства і атрымаў Магдэбурскае права. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Чачэрск увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. У 1629 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту прывілей на штотыднёвы гандаль і на 2 двухтыднёвыя кірмашы ў год.

У 1704 годзе ў Чачэрску было 542 будынкі і 7 вуліцаў, дзейнічалі 4 царквы і касьцёл, працавалі карчма, 3 крамы, млын і мытня. У 1754 годзе ў месьце пачала дзейнічаць езуіцкая місія. Пад 1765 годам у попісе Чачэрску ўпамінаюцца замак і мескія ўмацаваньні.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Чачэрск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Рагачоўскай правінцыі, пазьней – цэнтрам воласьці Рагачоўскага павету. У 1774 годзе расейскія ўлады перадалі места ў валоданьне генэрала Чарнышова. У 1780 годзе ў мястэчку пачала працаваць шкляная мануфактура, у 1788 годзе – паштовая кантора, у 1796 годзе – цагельня. У 2-й палове XVIII стагодзьдзя ў Чачэрску існавалі царква, мураваная ратуша, парк, 2 лякарні, прыстань «Крэмень». Апроч таго, тут збудавалі 3 царквы, касьцёл і палац. З 1788 году дзейнічала езуіцкая школа. На 1838 год у мястэчку было 273 двары.

На 1880 год у Чачэрску было 266 двароў, працавалі 2 вучэльні і 76 крамаў, штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 1885 годзе пачала працаваць мэтэаралягічная станцыя. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку было 328 двароў, дзейнічалі 4 цэрквы, касьцёл і 6 юдэйскіх малітоўных школ, працавалі лякарня, аптэка, паштова-тэлеграфная кантора, паштовая станцыя, 80 крамаў, карчма; працавала прыстань на рацэ Сажы, зь якой у 1900 годзе адправілі 21 судна і 48 плытоў з грузам 1530 тысячаў пудоў. На 1908 год у месцы было 369 двароў, дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Каля Чачэрску вялася распрацоўка вапнякоў. У 1911 годзе пры мужчынскай і жаночай вучэльнях працавалі бібліятэкі, адкрылася крэдытнае, у 1913 годзе – спажывецкае таварыствы.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чачэрск абвяшчаўся часткай Беларускае Народнае Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе Чачэрск вярнулі ў БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. У 1938 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус гарадзкога пасёлку.

У Другую сусьветную вайну з 14 жніўня 1941 да 27 лістапада 1943 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

3 лістапада 1971 году ён атрымаў статус места.

* * *

Колiшнi касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы

Езуіцкія місія ў Чачэрску існавала з 1754 году, калі тут збудавалі капліцу, а пазьней драўляны касьцёл.

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай, калі Чачэрск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у 1784 годзе граф Захар Чарнышоў збудаваў мураваны касьцёл у ансамблі з трыма цэрквамі, зь якіх захавалася толькі Спаская царква.

У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі касьцёл. Будынак не пацярпеў у Другую сусьветную вайну, аднак у 1950-я гады савецкія ўлады зьнішчылі помнік.

Каардынаты месца, дзе знаходiўся касьцёл: 52.921859, 30.914411.

Меская ратуша

Чачэрская ратуша – помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, адзін з сымбаляў места. Знаходзіцца на гістарычным Рынку. Твор архітэктуры клясыцызму з элемэнтамі рэтраспэктыўнай готыкі.

У 1510 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары надаў Чачэрску Магдэбурскае права. Неўзабаве ў месьце збудавалі драўляную ратушу.

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Чачэрск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у 1774 годзе маскоўская гаспадыня Кацярына II падарыла места генэрал-губэрнатару графу Чарнышову. Граф стварыў сымэтрычны мураваны архітэктурны ансамбаль: вакол новай ратушы, на аднолькавай адлегласьці ў некалькі кварталаў выбудаваў 4 храмы: тры царквы і касьцёл (захавалася толькі Спаская царква).

У 2003 годзе ратушу адрэстаўравалі. У верасьні 2004 году ў будынку адкрыўся Чачэрскі гістарычна-этнаграфічны музэй.

Каардынаты: 52.919464, 30.916058.

Помнiк Чарнышову

Помнік Захарыю Чарнышову, уладальніку горада ў перыяд 1773–1784, знаходзіцца паміж ратушай і цяперашнім выканкамам. Намаганьнямі Чарнышова і яго нашчадкаў быў пераўтвораны цэнтар горада, былi пабудаваныя некалькі цэркваў, касьцёл, шклозавод, бровар.

Сучасны выканкам

Забудова цэнтральнага пляца места.

Самалёт-памнiк ТУ-124Ш

У ста мэтрах на захад ад ратушы ўсталяваны незвычайны для цэнтра горада помнік – самалёт ТУ-124Ш.

Калісьці Чачэрск таксама меў свой уласны невялікі аэрадром: адсюль лёталі рэгулярныя авіярэйсы па маршруце Гомель – Чачэрск – Карма – Гомель. Нягледзячы на ​​тое, што ўвесь аэрапорт складаўся толькі з грунтавай паласы і хаткі з радыёстанцыяй, гэтыя недарагія пералёты карысталіся вызначаным попытам. Аналягічныя аэрадромы працавалі і ў Тураве, Камарыне, Лельчыцах.

Спісаны самалёт Ту-124Ш быў усталяваны ў Чачэрску ў канцы 1980-ых гадоў. Цікавы факт: гэтая мадэль выкарыстоўвалася не для палётаў, а для падрыхтоўкі штурманаў і адпрацоўкі сістэм блізкай навігацыі. Штурманскi самалёт, які стаіць у цэнтры Чачэрска – адзіны падобны на тэрыторыі Беларусі.

У цэнтры Чачэрска самалёт з’явіўся ў 1991 годзе: пасьля непрацяглых перамоваў з кіраўніцтвам авіябазы «Зяброўка» ТУ-124Ш быў перададзены ў раён. Яго перавозілі ноччу і часткамі: раніцай жыхароў Чачэрска чакаў сапраўдны сюрпрыз. У 1992 годзе тут адкрылі відэасалон, пазьней унутры самалёта ў Чачэрску запрацаваў Дзіцячы цэнтар цацкі.

Каардынаты: 52.919404, 30.914438.

Спаса-Праабражэнская царква

Мураваную царкву ў Чачэрску ў 1783 годзе збудаваў граф Захар Чарнышоў у ансамблі з трыма іншымі сакральнымі будынкамі, якiя, на жаль, не захаваліся. У адкрыцьці і аьсвячэньні храма брала ўдзел Кацярына II. Спаса-Праабражэнская царква – помнік архітэктуры клясыцызму.

У 1897 годзе Чачэрск наведаў біскуп Магілёўскі і Амсьціслаўскі Міхаіл. Газета «Магілёўскія Епархіяльныя ведамасьці» ў справаздачы аб гэтай падзеі паведамляла, што Спаса-Праабражэнская царква была ў настолькі дрэнным стане, што ў ёй вельмі рэдка праводзілі набажэнствы. Зрэшты, у гады камуністычных рэпрэсій з храмаў Чачэрска толькі Спаса-Праабражэнская царква не была знесеная: у яе будынку знаходзіліся склады райспажыўсаюза.

У пачатку 2000-х гадоў царква была адрэстаўраваная.

Каардынаты: 52.916691, 30.914963.

Помнік адселеным вёскам, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС

У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС Чачэрскі раён зазнаў моцнае радыяцыйнае забруджваньне. З гэтай прычыны жыхарам некалькіх дзясяткаў вёсак прыйшлося назаўжды пакінуць свае дамы. Непадалёк ад уязнога знака ў Чачэрску знаходзіцца помнік адселеным вёскам.

Каардынаты: 52.918014, 30.893487.