Рэчыца – места на правым беразе Дняпра, адміністрацыйны цэнтар Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год складала 65.940 чалавек. Знаходзіцца за 50 кiлямэтраў ад Гомелю. Чыгуначная станцыя на лініі Гомель – Каленкавічы, вузел аўтамабільных дарог на Гомель, Каленкавічы, Шацілавічы, Жлобін, Лоеў, Хвойнікі. Рачны порт.
Рэчыца – места, адзін з гістарычных цэнтраў Панізоўя, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.
Тапонім Рэчыца, відаць, утварыўся ад назвы ракі Рэчыцы. Тым часам гідронім паходзіць ад славянскага слова рака.
Існуе меркаваньне, што Рэчыца ўпершыню ўпамінаецца пад 1079 годам у паданьні пра Ўваскрасенскую царкву. Аднак сучасныя энцыкляпэдычныя даведнікі датуюць першы ўпамін 1213 годам, калі паселішча ўпамінаецца ў Густынскім летапісе як горад Чарнігаўскага княства.
У ХІ–ХІІІ стагодзьдзях Рэчыца знаходзілася ў валоданьні кіеўскіх і чарнігаўскіх князёў.
У XIV стагодзьдзі за часамі княжаньня Гедыміна Рэчыца далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. У 1392–1430 гадох яна знаходзілася ў валоданьні вялікага князя Вітаўта, які збудаваў тут умацаваны замак «з хваёвага дрэва». З XV стагодзьдзя места стала цэнтрам староства.
Рэчыца. А. Вэстэрвэльд, 1649

26 жніўня 1561 году вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў Рэчыцы рэвізорскую уставу, пацьверджаную 15 траўня 1596 году Жыгімонтам Вазам. Гэтая ўстава ўсталёўвала павіннасьці і правы жыхароў места і часам памылкова разглядаецца як прывілей на Магдэбурскае права. Існуе меркаваньне (на падставе пячаткі гродзкага суду), што ў XVІ стагодзьдзі Рэчыца пачала карыстацца гербам: «у срэбным полі чырвоная двухраговая харугва з Пагоняй на ёй». Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Рэчыца стала цэнтрам павету Менскага ваяводзтва. У 1596 годзе места на пэўны час захапілі казакі Налівайкі.
У 1603 годзе ў Рэчыцы спыняўся будучы губэрнатар адной з брытанскіх калёніяў ў Паўночнай Амэрыцы Джон Сьміт, які пакінуў апісаньне места. У 1634 годзе ваявода менскі Аляксандар Слушка, які раней быў старостам рэчыцкім, заснаваў тут дамініканскі кляштар і касьцёл Сьвятой Тройцы. Кляштар меў невялікую бібліятэку ў 270 тамоў (у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, у 1862 годзе згарэў драўляны касьцёл). З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай ў 1654 годзе казацкія загоны Залатарэнкі спалілі Рэчыцу і замак. Пачаўся заняпад мескіх умацаваньняў. У 1734 годзе Рэчыцкае староства перайшло ў валоданьне Радзівілаў.
Рэчыца. A. Westerveld, 1651

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Рэчыца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе таксама стала цэнтрам павету Менскай губэрні. На 1825 год у месьце было 325 двароў, дзеялі 4 царквы, працавалі 12 корчмаў. Праз Рэчыцу праходзіў тракт з Рагачова ў Чарнігаў, існавала паштовая станцыя. Дзеяла прыстань і паромная пераправа праз Дняпро, будаваліся невялікія рачныя судны. У 1886 годзе празь места прайшлі Палескія чыгункі.
25 і 26 красавіка 1910 году праз Рэчыцу перавозілі мошчы Эўфрасіньні Полацкай. У 1914 годзе працавала 8 прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку запалкавая фабрыка «Дняпро» і 5 лесапільняў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе Рэчыцу занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 20 лістапада 1917 году адбылося абвяшчэньне Ўкраінскай Народнай Рэспублікі з прэтэнзіяй у тым ліку на Рэчыцу, якая знаходзілася пад кантролем Нямецкай імпэрыі. 9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі УНР.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рэчыца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, дзеяў рэгістрацыйны пункт тавараў Беларускай цэнтральнай гандлёвай палаты. Тэрыторыя Палесься ад Берасьця да Гомля стала прадметам перамоваў БНР і УНР. Тым часам 15 чэрвеня 1918 году Рэчыцу зрабілі цэнтрам Палескай губэрні (з кастрычніка цэнтар перамясьціўся да Мазыра), прытым старастай (губэрнатарам) гетман Украінскай дзяржавы Павал Скарападзкі прызначыў былога галаву Рэчыцкай павятовай управы П. А. Патона. Ад 18 траўня тут дзеяла «варта Ўкраінскай Дзяржавы».
1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рэчыца ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 6–9 траўня 1920 году Палеская група польскага войска на пэўны час адбіла Рэчыцу ў бальшавікоў.
У 1926 годзе Рэчыцу вярнулі ў склад БССР, дзе яна стала цэнтрам раёну (з 1938 году ў Гомельскай вобласьці). 27 верасьня 1938 году Рэчыца атрымала афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У Другую сусьветную вайну з 28 жніўня 1941 да 18 лістапада 1943 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1964 годзе ў ваколіцах Рэчыцы знайшлі нафту, што паклала пачатак разьвіцьцю нафтаздабыўнай прамысловасьці ў Беларусі. У 1998 годзе тут здабылі 100-мільённую тону нафты.
Касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы знаходзіцца ў цэнтры места, на гістарычнай Андрэеўскай вуліцы. Дзее. Твор архітэктуры нэаготыкі.
У 1634 годзе ваявода менскі Аляксандар Слушка фундаваў у Рэчыцы драўляны касьцёл і заснаваў кляштар дамініканаў. Пры кляштары існавала бібліятэка, у якой налічвалася 270 кніг, відаць, таксама дзеяла школа.
Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Рэчыца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, кляштар працягваў дзеяць. Аднак па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) у 1832 годзе расейскія ўлады кляштар ліквідавалі. У 1862 годзе па пажары, які зьнішчыў стары драўляны касьцёл, пачалося будаваньне новага мураванага (паводле праекту 1861 году), якое спынілася з прычыны здушэньня нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў.
У 1901 годзе пачалося будаваньне новага мураванага касьцёла, кансэкрацыя якога адбылася 1 чэрвеня 1903 году.
У 1932 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл, будынак якога ў розны час выкарыстоўвалі як склад, музэй, піўны бар.
У 1992 годзе адрадзілася каталіцкая парафія ў Рэчыцы. У 1999 годзе па доўгім змаганьні зь мясцовымі ўладамі каталікі дамагліся вяртаньня будынка касьцёла. Пачалося яго аднаўленьне.
Каардынаты: 52.371217, 30.389172. Адрас: вулiца Савецкая, 31.


Iнтэр’ер касьцёла







Царква Усьпеньня Прасьвятой Багародзіцы
Саборная царква Ўсьпеньня Багародзіцы знаходзіцца ў цэнтры места, на гістарычным Рынку, дзее. Твор архітэктуры позьняга клясыцызму, які набыў выгляд мураўёўкі ў выніку аднаўленьня ў 2-й палове XIX стагодьдзя.
Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Рэчыцы пачалі будаваць у 1842 годзе паводле праекту 1835 году. У 1843 годзе разбурылася царкоўная званіца, якая пашкодзіла будоўлю. Аднаўленьне будынка пачалося толькі 1864 годзе, а асьвяцілі царкву 11 чэрвеня 1872 году.
У 1934 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву, будынак якой перарабілі пад Дом культуры. У 1997 годзе будынак перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату. У 1999–2006 гадох праводзілася аднаўленьне царквы.
Каардынаты: 52.371849, 30.388423. Адрас: вулiца Савецкая, 29.





Iнтэр’ер царквы

Пляц Кастрычнiка
Фантан
Каардынаты: 52.371774, 30.386216.




Агульны вiд пляца


Інспэкцыя МНС РБ па Рэчыцкаму раёну
Каардынаты: 52.371989, 30.385527. Адрас: пляц Кастрычнiка, 4




Райвыканкам
Каардынаты: 52.371723, 30.384942. Адрас: пляц Кастрычнiка, 6.

Помнiк Ленiну

Пляц Кастрычнiка. Вiд на Усьпенскую царкву


Колiшняя паштова-тэлеграфная кантора
Каардынаты: 52.372544, 30.386460. Вулiца Савецкая, 34.



Музэй Аляксандра Iсачова
З Рэчыцай зьвязаны лёс аднаго з самых загадкавых мастакоў Беларусі XX стагодьдзя – Аляксандра Ісачова. Нарадзіўся будучы майстар у вёсцы Азарычы (Каленкавіцкі раён) 11 студзеня 1955 года. У Рэчыцу разам з маці пераехаў у трохгадовым узросце.Талент мастака выявіўся яшчэ ў дзяцінстве. Першыя ўрокі майстэрства Аляксандр атрымаў у Мазыры, потым у Мінску ў спецыялізаванай школе для адораных дзяцей. Пасьля чатырох гадоў навучаньня яго адлічылі за парушэньне правілаў – перафарбаваў валасы ў руды колер. У 18 гадоў Ісачоў з’ехаў у Ленінград, дзе ўліўся ў сераду мастакоў-авангардыстаў. Тады аформіўся яго самабытны стыль у тэхніцы лесіровачнага напісаньня.
Акрамя жывапісных твораў і графікі, Аляксандр Ісачоў пісаў абразы, распісваў цэрквы. Усяго з-пад яго пэндзля выйшла больш за 500 работ, і многія зь іх зараз знаходзяцца ў прыватных калекцыях за мяжой. Мастак пражыў толькі 32 гады: 5 сьнежня 1987 года Аляксандр Ісачоў памёр прама падчас працы за мальбертам.
У пастаяннай экспазыцыі карціннай галерэі Рэчыцкага краязнаўчага музэя выстаўлены 30 графічных твораў. У студзені 2015 года галерэі прысвоена імя Аляксандра Ісачова.
Каардынаты: 52.372719, 30.389252. Адрас: вулiца Набярэжная, 11.


Дзiцячая школа мастацтваў
Каардынаты: 52.373008, 30.387299. Адрас: вулiца Савецкая, 27.




Краязнаўчы музэй
Каардынаты: 52.374082, 30.386952. Адрас: вулiца Пралетарская, 2.



Дзiцячы парк
Адрас: вулiца Набярэжная.




Дзiцячы парк. Гарадзiшча
Гарадзішча адносіцца да раньняга жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі. У XIII стагодьдзі тут быў дзяцінец горада, на якім стагодьдзем пазьней князь Вітаўт узьвёў драўляны замак, які прастаяў больш за дзьвесце гадоў.

Дзiцячы парк. Вiд на Дняпро

Дзiцячы парк. Камень «800 год месту»

Амфiтэатар
Каардынаты: 52.370036, 30.398927. Адрас: вулiца Набярэжная.



Набярэжная. Каплiца Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай
Першапачатковая аўтарская назва манумэнта – Юбілейная капліца. Па задуме аўтара ўзвядзеньне яе было прымеркаванае да некалькіх найважнейшых гістарычных дат: 1000-годьдзя Хрышчэньня Русі, 50-годьдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, подзьвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў і ахвярам Чарнобыльскай катастрофы. Але ў народзе, дзякуючы вобразу вялікай святой, незаўважна зацьвердзілася іншая назва: капліца Эўфрасіньі Полацкай. Калісьці, паводле словаў старажылаў Рэчыцы, на месцы, дзе зараз узвышаецца капліца, дзе спынялася эскадра параходаў і на рэчыцкую зямлю была зьнесена рака са сьвятымі мошчамі прападобнай Эўфрасіньні Полацкай, быў усталяваны дубовы крыж – сымбаль сьвятасці гэтага месца.
Адкрыцьцё капліцы адбылося 2 верасьня 1995 года. Помнік уяўляе сабой зборна-разборную канструкцыю, вырабленую ў Менску па сучаснай тэхналёгіі з нержавеючай сталі і латуні. Вышыня капліцы – 24 мэтры 24 сантымэтры.
Кампазіцыя капліцы задуманая аўтарам наступным чынам: чатыры апоры ступеніста сымбалізуюць развіцьцё жыцьця і думкі па спіралі. У іх па нарастаючым упісаны абліччы 12-ці беларускіх сьвятых і асьветнікаў. Чатыры з іх – Біскуп Полацкі Міна, Біскуп Полацкі Дыянісій, Кірыла Тураўскі і Елісей Лаўрышанскі кананізаваны як праваслаўнай, так і каталіцкай цэрквамі. Сярод асьветнікаў такія яркія асобы, як Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Сімяон Полацкі, Леў Сапега, Гаўрыіл Беластоцкі, і вядома ж Францiшак Скарына і ўраджэнец Беларусі першадрукар Іван Фёдараў. Вянчае кампазыцыю арэол душы Сьвятой Эўфрасiньнi Полацкай, якая трымае крыж, накіраваны да Бога. У цэнтры капліцы паміж апорамі ўсталяваны крыж з моранага дуба.
Каардынаты: 52.369515, 30.398257.




Храм Покрыва Прасьвятой Божай Мацi
У сярэдзіне ХІХ стагодmдзя Менскай епархіяльнай управай прынята рашэньне аб узьвядзеньні ў цэнтры Рэчыцы новага каменнага храма, які з невялікімі перапынкамі дзейнічаў да 1948 года. Храм зачынілі, знеслі купал, званіцу. Праваслаўнай абшчыне горада Рэчыцы было дазволена арандаваць драўляны будынак паблізу могілак.
Вернікі і пробашч спрабавалі атрымаць дазвол мець уласны малітоўны будынак. У чэрвені 1955 года такі дазвол быў атрыманы, аднак пачатае будаўніцтва спынена рашэньнем гарадзкіх уладаў №23 ад 2 сьнежня 1955 года. 22 чэрвеня 1956 года гарадькія ўлады прыбудову зьнеслі. Абшчына працягвала настойліва дамагацца новага будынка пад царкву.
14 мая 1979 года царкоўная супольнасць звярнулася да ўладаў з просьбай правесьці капітальны рамонт будынка малітоўнага дома і з гэтай нагоды прыхаджане адважыліся збудаваць новы цагляны храм за тры дні. Па прычыне таго, што парафіяльная рада не мела магчымасьці атрымаць праект, храм быў зачынены 31 жніўня 1979 года. На царкоўнай каліце храма былі павешаны замкі і апячатаны, да храма прыстаўлены міліцэйскі пост. Праз паўтара месяца на просьбу шматлікіх вернікаў улады дазволілі ўвайсьці ў храм і скончыць будаўніцтва.
У 1989 годзе ўзведзеная званіца і пабудаваны прытвор.
20 кастрычніка 2000 года храм быў асьвечаны ў гонар Покрыва Прасьвятой Багародзіцы Архіепіскапам Гомельскім і Жлобінскім Арыстархам. У 2007 годзе была ўзьведзеная капліца.
Каардынаты: 52.363367, 30.371909. Адрас: завулак Пралетарскi, 11.



Iнтэр’ер царквы




