Веткаўскі раён

Хальч

Хальч – вёска на рацэ Сажы, знаходзіцца за 2 клямэтры на захад ад Веткі, за 16 км ад Гомелю. Хальч – даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), колішняя рэзыдэнцыя роду Халецкіх. Да нашага часу тут захаваўся палацава-паркавы комплекс у стылі клясыцызму, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX стагодзьдзя.

Упершыню Хальч упамінаецца ў пісьмовых крыніцах у XIV стагодьдз, калі вёска ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства. У 1437 годзе Сьвідрыгайла перадаў яе продку шляхецкага роду Халецкіх – Паўлу Мішковічу, ад гэтага часу Хальч стала рэзыдэнцыяй роду. Пад 1471 годам вёска ўпамінаецца ў зьвязку зь перадачай двара Г. Радзівонавічу.

У інвэнтары Гомельскага староства 1640-х гадоў значацца сяло і маёнтак Хальч. У 2-й палове XVII стагодьдзя Халецкія збудавалі тут касьцёл і кляштар езуітаў, у 1731–1829 гадох дзейнічала місія. Іх матэрыяльна падтрымлівалі Халецкія і Дзерналовічы. На 1747 год у Хальчы было 159 двароў. Пад 1752 годам Хальч згадваецца ў актах Галоўнага Трыбуналу. У 1764 годзе Хальч атрымлiвае статус мястэчка, у валоданьні княгіні Радзівіл.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Хальч апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. У пачатку XIX ст. на паўночна-заходняй ускраіне мястэчка ўзьвялі сядзібу і стварылі пэйзажны парк. Замалёўкі палаца ў 2-й палове XIX ст. зрабіў Напалеон Орда. На 1860 год у Хальчы праводзіліся 2 кірмашы (Пятроўскі і Міхайлаўскі). У 1879 годзе пан Войніч-Сенажацкі заснаваў тут вінакурню.

Сядзіба Войніч-Сянажэцкіх. Малюнак Напалеона Орды. 31.08.1877

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Хальч занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Хальч абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе Хальч вярнулі БССР.

У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 16 кастрычніка 1943 году вёска знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Палацава-паркавы комплекс Халецкіх

Палацава-паркавы комплекс Халецкіх – помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва пачатку XIX стагодьдзя. Знаходзіцца на правым беразе ракі Сажа. Твор архітэктуры клясыцызму.

У 1437 годзе Сьвідрыгайла перадаў Хальч продку шляхецкага роду Халецкіх – Паўлу Мішковічу, ад гэтага часу тут разьмясьцілася рэзыдэнцыя роду. У XVI стагодьдзi пачалося фармаваньне сядзібнага комплексу.

Будаваньне мураванага палаца скончылася ў пачатку XIX стагодьдзя. Па вайне 1812 году Халецкія, якія падтрымалі Напалеона мусілі пакінуць колішняе Вялікае Княства Літоўскае. Расейскія ўлады канфіскавалі сядзібу і прадалі яе мясцоваму шляхецкаму роду Войніч-Сенажацкіх.

У час нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў уладальнік сядзібы Аляксандар Войніч-Сенажацкіх хаваў у палацы паўстанцаў.

За савецкім часам у палацы сьпярша разьмясьцілі дзіцячы прытулак, потым турму НКВД.

У 2020 годзе пачалося аднаўленьне сядзібы.

Сядзіба Войніч-Сянажэцкіх

Каардынаты: 52.570040, 31.131260.

Паўднёва-ўсходні фасад

Паўночна-заходнi фасад

Капліца Спаса Нерукатворнага Вобраза

У пачатку ХХІ стагодьдзя недалёка ад палаца была пабудаваная праваслаўная капліца.

Каардынаты: 52.567182, 31.134483.

Прыгожы дом на скрыжаваньнi вулiц Садовай i Заўялава

Каардынаты: 52.567538, 31.134834.

Царква сьвятога Міхала Арханёла

Сьвята-Міхайлаўская царква знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі на вулiцы Школьнай. Пабудаваная царква была ў 1991 годзе з дрэва.

Каардынаты: 52.563094, 31.144654.