Жлобінскі раён

Жлобiн

Жлобін – места на правым беразе Дняпра, адміністрацыйны цэнтар раёну. Знаходзіцца за 93 кiлямэтры на паўночны захад ад Гомелю. Буйны чыгуначны вузел (кірункі на Менск, Магілёў, Гомель, Каленкавічы), аўтамабільныя дарогі на Бабруйск, Гомель, Рагачоў, Шацілавічы. У месьце ёсьць рачная прыстань.

Жлобін – даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.

Паводле аднаго зь мясцовых паданьняў, тапонім Злобнае места (пазьней — Злобін, Жлобін) утварыўся з тае прычыны, што тут ад перасьледу ўладаў хаваўся беглы люд. На думку географа Вадзіма Жучкевіча, назва паходзіць ад асабістага імя Жлоба або Злоба.

У публікацыях сустракаецца меркаваньне пра тое, што першы пісьмовы ўпамін пра Жлобін пад назвай Хлепень датуецца 1492 годам, але гэта памылка. Відаць, упершыню яна ўзьнікла ў 12 томе Энцыкляпэдычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона – у выніку таго, што зь местам Рагачовам (паблізу Жлобіна) пераблыталі сяло, якое ў XV стагодьдзi знаходзілася на сумежжы з Маскоўскай дзяржавай – Рагачова (у сучасным Дмітраўскім раёне Маскоўскай вобласьці), а непадалёк ад яго ёсьць вёска Хлепень (Сычоўскі раён Смаленскай вобласьці). Менавіта да апошняй належыць упамін за 1492 год. Паводле высновы Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дакумэнтаў пра тое, што ў Жлобіна была назва Хлепень, няма.

Пад 1563 годам упамінаецца паселішча пад назвай Хлобін, у валоданьні полацкага шляхціца, якое, магчыма, знаходзілася ў Рагачоўскай воласьці. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) казацкі гетман Іван Залатарэнка, які ваяваў на баку Маскоўскай дзяржавы, у сваім лісьце ад 15 ліпеня 1654 году паведаміў, што яго войскі спалілі «замак Злобін» (разам з замкамі Рэчыца, Стрэшын, Рагачоў і Горваль). Больш позьніх зьвестак пра гэты замак не існуе. Злобін упамінаецца як мястэчка і ў некаторых іншых дакумэнтах, зьвязаных з вайной у 1654—1655 гада.

Паводле археалягічных зьвестак, Жлобінскі замак існаваў у XV–XVII стагодзьдзях на адлегласьці каля 100 мэтраў ад утоку ручая Чорначка ў раку Дняпро, побач з сучасным мескім паркам «Прыдняпроўскі». Замак умацоўвалі земляны вал і драўляныя сьцены-гародні зь вежамі і брамамі. Абарончыя ўмацаваньні складаліся з 2-х частак: замка і падзамка. Пляцоўка замка ўзвышаецца над нізінай на 3–4 м (цяпер тут знаходзіцца сучасны будынак – спартовая школа). Пляцоўка падзамка, якая выцягнута з поўначы на поўдзень, узвышаецца над нізінай на 2–3 мэтры (стадыён спартовай школы). Побач знаходзіцца і першапачатковае месца неўмацаванай забудовы – сярэдневечнае селішча.

У XV–XVI стагодзьдзях Злобін быў у валоданьні Хадкевічаў. З 1509 году паселішча знаходзіцца ў Рагачоўскай воласьці, у валоданьні каралевы Боны Сфорцы, з 1556 году ў складзе скарбовага Рагачоўскага маёнтку. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Злобін увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва.

Злобін значыцца на мапах 1772, 1776 і 1799 гадоў (лацініцай Złobyn, Zlobyn). У 1790 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выдаў прывілей на штотыднёвыя таргі і 4 кірмашы штогод у Жлобіне, які тады належаў І. Халецкаму. Існавалі прыстань і паромная пераправа, вялося будаваньне рачных суднаў. З 1792 году дзейнічала Крыжаўзьвіжанская царква.

* * *

Славутасьцi Жлобiна ў гэтым аркушы пазьней з’явiцца абнаўленьнi, а пакуль только невялiчкая замалёўка.

Многія аўтааматары, якія праязджалі раней міма Жлобіна, часта не маглі адвесьці погляд ад кірмашыка каля з’езда з трасы ў горад. Кiрмаш сабе і кірмаш, падумаеце вы. Але ж не, вядомы ён быў ці ня ўсім транзітным падарожнікам і іншым аўтааматарам Саюза. Так, мабыць, і не толькі iм. Тут спрабавалі павысіць свой дабрабыт работнікі мясцовай фабрыкі цацак, якім выдавалі заробак уласнай прадукцыяй. На жаль, зараз гэты кірмаш разагнаны. Засталіся толькі фатаграфіі.

Нядзе ля Жлобіна. Вулiца Пралетарская, 1

Царква Сьвятой Жываначальнай Тройцы

У 1886 годзе ў Жлобіне дзейнічаў праваслаўны храм. Падчас вайны царква была разбураная.

2 лістапада 1992 года правялебны Арыстарх заклаў камень у падмурак новага храма на месцы разбуранага старога. 21 лістапада 1995 года храм асьвяціў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

Каардынаты: 52.89661, 30.05941.