Астравецкі раён

Мiхалiшкi

Першы пісьмовы ўпамiн аб Міхалішках як валоданьні ваяводы трокскага Рыгора Станкавича Восьціка датуецца 1518 годам. З 1526 годзе маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Радзівілаў, пазьней ён пераходзіў да Пронскага і Кенiшкаў. 24 чэрвеня 1604 года Міхалішкі набыў Ян Кіпрыян Бжастоўскі.

У 1669 годзе кароль і вялікі князь Міхаіл Вішнявецкі дараваў Міхалішкам шэраг прывілеяў, у прыватнасьці, вызваленьне ад падаткаў на 10 гадоў для новых пасяленцаў, права мець свой суд і праводзіць 4 кірмашы на год. У часы Вялікай Паўночнай вайны ў траўні 1705 году тут спыняўся расейскi цар Пётар I.

Сярод мясцовых славутасьцяў да нядаўняга часу ў Міхалішках вылучаліся помнікі архітэктуры барока: сядзіба Бжастоўскіх, разбураная расейскімі ўладамі, і асноўныя пабудовы кляштара аўгустынаў, якія разбурылі ўжо савецкія ўлады.

Касьцёл Сьвятога Мiхала Арханёла

У 1622 годзе па фундацыі Яна Кіпрыяна Бжастоўскага ў Міхалішках быў пабудаваны манастыр аўгустынаў. Кляштар рос i мацнеў, у перыяд з 1662 па 1684 годы на сродкi Кіпрыяна Паўла Бжастоўскага архітэктарам Пэнсам быў пабудаваны касьцёл сьвятога Міхала Арханёла ў стылі сталага або «сармацкага» барока.

Па задушэньнi паўстання 1830 года амаль усе каталіцкія кляштары на тэрыторыі Беларусі былі зачыненыя. У 1832 годзе быў зачынены і Аўгустынскі кляштар у Міхалішках, храм стаў звычайным парафіяльным касьцёлам.

Каардынаты: 54.814057, 26.164431.

Інтэр’ер касьцёла адрозніваецца вытанчанасьцю дэкарацыяў, багата ўпрыгожаных бел-блакітнымі барэльефамі з стукка, блізкімі iнтэр’ерам вядомага касьцёла Пятра й Паўла ў Вільні. І гэта не выпадкова: архітэктар Пэнс працаваў над інтэр’ерам касьцёла ў Міхалішках сумесна з італьянскім мастаком Пэрцi, адным з аўтараў скульптурных кампазіцыяў віленскага храма.

Вiдарыс касьцёла з боку ракi Вiльлi