Бераставіцкі раён

Глебавічы

Глебавічы – вёска на рацэ Одле, уваходзяць у склад Канюхоўскага сельсавету Бераставіцкага раёну.

Назва йдзе ад iмя Глеб – усходнеславянскай формы германскага (паўночнагерманскага) імя Gudleifr (Guðleifr).

Насельніцтва па стане на 1999 год складала 72 чалавекі, на 2009 год – 63 чалавекі.

Каталіцкая капліца сьвятой Ганны

Мураваную капліцу пад тытулам Сьвятой Ганны збудавалі ў Глебавічах ў XIX стагодзьдзі. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна адабралі капліцу ў каталікоў і перадалі яе Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве). У 1922 годзе капліцу вярнулі каталікам. Па вайне савецкія ўлады зачынілі капліцу. Мясцовы жыхар Юзаф Нарбут зьбярог алтар і табэрнакулюм сьвятыні. Капліцу аднавілі каля 1997 году.

Каардынаты: 53.386324, 23.844641.