Лі́шкі – вёска ў Бераставіцкім раёне Гарадзенскай вобласьці Беларусі ў у складзе Канюхоўскага сельсавету.
Насельніцтва па стане на 1999 год складала 152 чалавекі, на 2010 год – 139 чалавек.
Сядзібна-паркавы ансамбаль дэ Вірыёнаў
Лішкаўскі сядзібна-паркавы ансамбаль дэ Вірыёнаў – помнік сядзібна-паркавай архітэктуры клясыцызму. Пабудаваны ў 1893 годзе (паводле іншых звестак, у 1875 ці ў 1883).
Маёнтак Лішкі быў куплены вядомым медыкам французскага паходжання Карлам Вірыёнам (1749–1815) у Т. Нарбута ці, паводле іншых звестак, у Тадэвуша Юндзіла. Нашчадкі Карла перарабілі прозвішча на французскі манэр: «дэ Вірыён». Пасьля Карла ў 1817 годзе маёнтак атрымаў у спадчыну яго сын Ян Тадэвуш Вірыён. Наступным спадчыньнікам стаў старэйшы сын Яна Станіслаў, якi меў прыродазнаўчую адукацыю і сабраў у Лішках вялікую калекцыю мясцовых і замежных насякомых, якая была страчаная ў час Першае сусьветнае вайны. Падчас навуковай працы Станіслаў ліставаўся з нямецкімі вучонымі.
Пры сядзібе меўся невялікі парк плошчай усяго 1 гектар, заложаны ў 1883 годзе, маляўнічасьці якому дадавалі два рыбныя ставы. Паводле інвентарызацыі 1980 года, у парку расло 40 відаў і форм драўнінных раслінаў. Сярод іх многа рэдкіх і ўнікальных. Экзоты былі высаджаныя па кругу, які з’яўляўся асноўным элемэнтам кампазіцыі парка.
Каардынаты: 53.297455, 23.838663.






