Сапо́цкін – мястэчка каля Аўгустоўскага каналу, цэнтар сельсавету Гарадзенскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год – 977 чалавек. Знаходзіцца за 21 кiлямэтар на паўночны захад ад Горадні, зь якой злучаецца аўтамабільнай дарогай.
Сапоцкін – старажытнае мястэчка гістарычнай Гарадзеншчыны (частка Троччыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і дзьве капліцы-пахавальні, помнікі архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася царква Прачыстай Багародзіцы, помнік архітэктуры XIX стагодьдзя, зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Гісторыя Сапоцкіна пачалася 10 ліпеня 1519 году, калі вялікі князь Жыгімонт Стары надаў баярыну Сапоцьку Статкевічу (Сопотку Стецковичу) прывілей на валоданьне зямлёй Раманаўшчынай у Гарадзенскім павеце Троцкага ваяводзтва. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра само мястэчка датуецца 1550–1560-мі гадамі.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў красавіку 1703 году Сапоцкін займалі швэдзкія войскі пад камандаю Карла XII. На 1704 год у мястэчку дзеяла царква, а большасьць насельніцтва былі рускай веры. У 1724 годзе тут збудавалі новую драўляную царкву.
У 1786 годзе Сапоцкін атрымаў права на штогадовыя кірмашы. У 1789 годзе Антоні Валовіч і яго жонка Тэафілія заснавалі касьцёл у прадмесьці Тэаліне. У 1793 годзе Сапоцкін увайшоў у новаўтворанае Гарадзенскае ваяводзтва. У гэты час мястэчка мела ўласны герб: у блакітным полі срэбны вол з залатымі рагамі[6].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Сапоцкін апынуўся ў складзе Прусіі, з 1807 году – у Варшаўскім герцагстве. У 1815 годзе мястэчка далучылі да Царства Польскага Расейскай імпэрыі (спачатку ў Аўгустоўскай губэрні, а з 1867 году – у Аўгустоўскім павеце Сувальскай губэрні).
На 1827 год у Сапоцкіне было 98 будынкаў. У 1841 годзе ў мястэчку збудавалі новую мураваную царкву. У 1858 годзе колькасьць будынкаў узрасла да 160, зь іх 3 былі мураванымі. У 1875 годзе расейскія ўлады з мэтай русіфікацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага гвалтоўна адабралі царкву ў Сьвятога Пасаду і перадалі Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі, у 1890 годзе тое ж самае зрабілі з касьцёлам. У 1893 годзе ў Тэаліне ўтварылі манастыр, а касьцёл перабудавалі ў маскоўскім стылі.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Сапоцкін занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сапоцкін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад БССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Сапоцкін апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Валавічоўцы ў Аўгустоўскім павеце Беластоцкага ваяводзтва. На 1921 год у мястэчку было 294 будынкі.
У 1939 годзе Сапоцкін увайшоў у БССР, дзе стаў цэнтрам раёну Беластоцкай, з 1944 году – Гарадзенскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 22 чэрвеня 1941 да 18 ліпеня 1944 году Сапоцкін знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1959 годзе Сапоцкінскі раён скасавалі, а мястэчка ўвайшло ў склад Гарадзенскага раёну. Каля 1970 году савецкія ўлады зруйнавалі мураваную царкву. У 1978 годзе ўтварыўся Сапоцкінскі батанічны заказьнік.
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі знаходзіцца ў заходняй частцы мястэчка, у прадмесьці Тэаліне. Дзее. Твор архітэктуры барока і эклектыкі.
Першы драўляны касьцёл ў Сапоцкіне як філію парафіі ў Гожы фундаваў ў 1612 годзе Ян Валовіч. 27 красавіка 1789 году ўтварылася асобная парафія ў Сапоцкіне, тады ж замест драўлянага збудавалі мураваны касьцёл.
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Сапоцкін апынуўся ў складзе Прусіі, а з 1815 году – у складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) 22 лютага 1879 году маскоўскі гаспадар Мікалай II гвалтоўна зачыніў касьцёл, які ў 1890 годзе перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).
Улады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі касьцёл каталікам. У 1935—1939 гадох праводзілася рэканструкцыя будынка касьцёла. За савецкім часам касьцёл не зачыняўся.
Каардынаты: 53.830097, 23.645502.





