Іўеўскі раён

Трабы

Трабы – вёска на рацэ Кляве, знаходзяцца за 34 км на паўночны ўсход ад Іўя, на аўтамабільнай дарозе Юрацішкі – Ашмяны. Трабы – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.

Паводле паданьня, зафіксаванага ў другой рэдакцыі Літоўскай хронікі, Трабы заснаваў князь Трабус альбо Трубас, які збудаваў тут замак. Упершыню паселішча ўпамінаецца ў XV стагодьдзi як уладаньне князёў Гальшанскіх.

У 1490–1498 гадох Трабы паступова перайшлі ў валоданьне ваяводы троцкага Альбэрта Гаштольда, унука княгіні Марыі з Гальшанскіх (дачкі Сямёна Трабскага). У 1534 годзе тут збудавалі касьцёл, адкрылася прыватная сьвецкая школа. У 1543 годзе Трабы перайшлі ў валоданьне вялікага князя Жыгімонта Старога, які падараваў іх свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. У мястэчку знаходзілася рэзыдэнцыя вялікага князя, праходзілі зьезды. У 1690 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні Е. Шымковіча, старосты трабскага. Пазьней уладальнікамі Трабаў былі Францковічы, Зяньковічы, з 1774 году – Дамінік Нарбут. У 1784 годзе тут збудавалі драўляную царкву.

Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі

У 1534 годзе ваявода віленскі Альбрэхт Гаштольд прафінансаваў будаўнiцтва у Трабах драўлянага касьцёла у гонар Нараджэньня Найсвяцейшай Дзевы Марыі Новы цагляны храм у стылі неаготыкі быў пабудаваны ў 1900–1905 гадах намаганьнямі сьвятара Паўла Сухоцкага на месцы папярэдняга драўлянага храма.

II Сусьветная вайна была цяжкім перыядам для трабскай парафіі. У 1940 годзе быў закатаваны злачынцамі ксёндз Вацлаў Родзька, які быў пахаваны пры касьцёле. Яго паслядоўніка ксяндза Станіслава Зубкевіча расстралялі гітлераўцы ў 1941 годзе.

Іншы настаяцель кёндз Раман Місевіч закатаваны савецкімі партызанамі і памёр 12 верасня 1943 года. Кёндз Францішак Цыбульскі расстраляны немцамі як закладнік 10 сакавіка 1943 года ў Лідзе і пахаваны на лідскіх могілках у раёне Слабодка. Ксндза Пятра Араньскага забілі савецкія ўлады ў 1944, і ён быў пахаваны ў Гальшанах.

Каардынаты: 54.155682, 25.906618.

Iнтэр’еры касьцёла

Царква сьвятых апосталаў Пятра й Паўла

Ёсьць у Трабах і праваслаўная Пэтрапаўлаўская царква, якую пабудавалі па адных крыніцах, ў 1784 годзе, па іншых – ў 1764.

Царква ў Трабах – твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купалоў-цыбулінаў. Царква ўтварае адзіны ансамбль з брамай-званіцай.

Каардынаты: 54.158654, 25.906145.