Карэліцкі раён

Карэлiчы

Карэлічы – мястэчка на рацэ Руце. Карэлічы – магдэбурскае мястэчка гістарычнай Наваградчыны, даўні цэнтар ткацкай вытворчасьці. Сёньня гэта адміністрацыйны цэнтар раёну.

Першы пісьмовы ўпамін пра Карэлічы датуецца 1395 годам, калі сюды ўварваліся крыжакі. У XV стагодзьдзі Карэлічы былі дваром вялікіх князёў і ўваходзілі ў склад Наваградзкага павету. У 1505 годзе паселішча разрабавалі крымскія татары. Пад 1594 годам Карэлічы ўпамінаюцца як мястэчка, якое належала да шляхецкіх паселішчаў Наваградзкага ваяводзтва. У XVI стагодзьдзі паселішча перайшло ў валоданьне князёў Чартарыйскіх, у 2-й палове XVII стагодзьдзя – Радзівілаў.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) у 1655 годзе мястэчка спалілі маскоўскія захопнікі, пазьней – швэды.

У сярэдзіне XVII стагодзьдзя вядомасьць Карэлічам прынесла ткацкая мануфактура мастацкіх вырабаў, якую заснаваў Міхал Казімер Радзівіл. Крыху пазьней тут пачала працу фабрыка вытворчасьці тканіны. Апрача тканіны, у мястэчку ткалі дываны, габэлены і паясы, якія ў пляне якасьці не саступалі нават Слуцкім паясам. Менавіта гэты гістарычны факт быў асновай для стварэньня сучаснага гербу Карэлічаў.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700–1721) у 1706 годзе Карэлічы разрабавала швэдзкае войска. У 1730 годзе тут збудавалі драўляны сядзібна-паркавы комплекс: 2-павярховы палац, флігель і 2 брамы. Відаць, у сярэдзіне XVII стагодзьдзя паселішча атрымала мескія правы, бо ў інвэнтары пад 1757 годам упамінаецца ратуша.

Касьцёл Маці Божай Нястомнае Дапамогі

Мураваны касьцёл у Карэлічах збудавалі ў 1938 годзе у стылi мадэрн на сродкі графаў Жаўтоўскіх.

Па Другое сусьветнае вайне савецкія ўлады зачынілі касьцёл, будынак якога перарабілі пад вінна-гарэлкавую краму. У 1991 годзе будынак касьцёла вярнулі каталікам, якія яго адрэстаўравалі.

Каардынаты: 53.572207, 26.136310.

Царква сьвятых Апосталаў Пятра й Паўла

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі Маскоўскага патрыярхату збудавалі ў Карэлічах у 1866 годзе ў стылi эклектычнай царкоўнай архітэктуры. У 1877 годзе пры ёй збудавалі драўляную царкоўнапрыходзкую школу.

Каардынаты: 53.571510, 26.137433.

Кінатэатар «Камсамолец» 

Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры. Раней гэта быў кінатэатр «Камсамолец».

Каардынаты: 53.571879, 26.135659.