Лідзкі раён

Белагруда

Белагруда – вёска на рацэ Дзітве, за 17 кiлямэтраў на паўднёвы захад ад Ліды, 2 кiлямэтры ад чыгуначнай станцыі Белагруда.

Верагодна, што людзі жылі ў гэтай мясцовасці з глыбокай старажытнасці: на поўнач ад вёскі, за сучаснымі могілкамі знойдзены рэшткі стаянкі каменнага веку. Гістарычныя крыніцы падаюць інфармацыю пра радовішча вапняку каля вёскі Белагруда, ад якога і сама старажытная назва вёскі Белы Груд.

У канцы XVII стагодьдзя маёнтак перайшоў ва ўласнасць братавай Яна Завішы – Ганны, якая ў 1690 выйшла за Пятра Станіслава Тарноўскага, а напярэдадні 1702 за кашталяна смаленскага Крыштафа Неміровіча Шчыта. У гэты перыяд на Лідчыне з’явіліся вёскі Тарноўшчына i Шчытнікі.

Пад сучаснай назвай паселішча вядома з XVI стагодьдзя як прыватнае ўладанне ў складзе Лідскага павета ВКЛ. У 1-й палове XV стагодьдзя гэтыя землі належалі Кезгайлам Завішам. Першым вядомым прадстаўніком роду быў Андрэй Гульгіновіч, князскі кухмістр, якому каля 1442 Казімір Ягайлавіч пацвердзіў спадчыну ў Лідскай воласьці, а таксама падараваў 5 душ у Ольжаве над Дзітвою. Пад канец XV в. маёмасць належала каралеўскаму двараніну Міклашу Завішу. Каля 1500 яна была падзелена паміж яго братамі: частку зямель на левым беразе Дзітвы атрымаў віленскі цівун Андрэй Завіша, а на правым беразе – Ежы Завіша. Такі ўклад існаваў прыкладна да 1560, калі частку Белагруды, а таксама недалёкія Вашкевічы купіў у Завішаў Андрэй Вішнявецкі, каб праз 20 год прадаць Яраславу Мікалаевічу Ваўчку. Пад канец XVI стагодьдзя маёнтак ізноў аб’яднаў унук Андрэя – падкаморны лідзкі, а пазьней кашталян і ваявода віцебскі Ян Янавіч Завіша. Яго нашчадкам быў сын Мікалай, кашталян віцебскі.

У сярэдзiне XVIII стагодьдзя Тарноўшчыну з Белагрудай атрымалі Радзівілы — у выніку шлюбу Барбары Кезгайлаўны Завішы з Мікалаем Фаўстынам Радзівілам, мечнікам літоўскім і ваяводам навагрудскім. Наступнымі спадчыннікамі былі падкаморны літоўскі Станіслаў Радзівіл і яго сын Мікалай. У сярэдзiне XVIII стагодьдзя Караліна Радзівіл з Пацеяў (жонка Станіслава Радзівіла) заснавала ў Белагрудзе шпіталь-прытулак.

Мікалай Станіслававіч Радзівіл у 1808 пакінуў Тарноўшчыну з Белагрудай Тадэвушу Анджэйковічу, які ў 1824 выкупіў маёнтак. Яго сын Юлій прадаў Тарноўшчыну Канстанціну Кашыцу, апошні за ўдзел у лютаўскім паўстанні 1861 быў сасланы ў Сібір, а ў 1866 вымушаны прадаць маёнтак. У 1864 ліквідавана парафіяльная школа.

З таго часу Тарноўшчына з фальваркам Белагруда належала палкоўніку Дзмітрыю Маўрасу , а пасьля яго сыну Мікалаю. У 1921 маёмасць перайшла ва ўласнасць Польскай дзяржавы.

Касьцёл сьвятога Міхала Арханёла

Белагрудская парафія была створана ў 1609 годзе, калі яна была выдзелена з часткі парафій лідскай i ваверскай. Вядома, што пасьля навяртаньня з кальвінізму Ян Завіша 15 студзеня 1609 года зрабіў дарункі касьцёлу сьвятога Яна Хрысьціцеля, каторы быў збудаваны незадоўга да гэтых падзей.

Другі касцёл, які таксама насіў імя сьвятога Яна Хрысціцеля, быў збудаваны ў 1703 коштам старасты лідскага Уладзіслава Шэмета. Пачынаючы з 1783 гэты касцёл узгадваецца ў крыніцах з іменем св. Міхаіла Арханёла.

Драўляныя храмы змянялі адзін аднаго да 1902 года, калі вернікі вырашылі пабудаваць на свае сродкі каменны касьцёл. Будаўніцтва пачалося ў наступным 1903 годзе і скончылася ў 1907 годзе. У 1908 годзе касьцёл быў асьвечаны пад гістарычным тытулам сьвятога Міхала Арханёла.

Касьцёл сьвятога Міхала дзейнічаў увесь час, нават калі тагачасны пробашч ксёндз Стэфан Гародка быў арыштаваны і зняволены, парафіяне прыходзілі ў свой касьцёл, маліліся, спявалі. З пачатку 1960-х пробашчам тут быў ксёндз Казімір Шаняўскі.

Каардынаты: 53.800694, 25.163106.

Iнтэр’еры касьцёла