Крупава – вёска ў складзе Дзітвянскага сельсавета. Знаходзіцца за 6 кiлямэтраў у напрамку на паўночны захад ад Ліды, за 112 кiлямэтраў ад Гораднi, каля ракі Крупка. Транспартныя сувязі па шашы Ліда–Радунь.
У сярэдзіне XV стагодьдзя вёска і маёнтак Крупа (Крупуя) – шляхецкая ўласнасьць.
У другой палове XIX стагодьдзя вёска і маёнтак Крупа ў Лідзкім павеце і воласьці Віленскай губэрні Расейскай імпэрыі.
З верасьня 1915 да канца 1918 года акупавана германскімі войскамі. Са студзеня 1919 года – ў складзе БССР, у красавіку занята польскімі войскамі. З ліпеня да верасня 1920 года кантралявалася Чырвонай Арміяй, затым ізноў польскімі войскамі.
З 1921 года ў складзе Польскай Рэспублікі.
З 1939 года ў складзе БССР.
З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад нямецка-фашысцкай акупацыяй.
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл у гонар Найсьвяцейшай Тройцы быў заснаваны ў 1460 годзе па фундацыі ўдавы Ганны Давойнавай, якая такім чынам выканала «волю мужа нябожчыка Івашкі». Яе дочкі Алена і Ульяна далучыліся да фундацыі, а вось сын Пётр быў супраць. Затое ўжо дачка Пятра Ганна, па мужу Радагольская, у 1545 годзе памножыла фундуш сваёй бабкі. У сярэдзіне XVI стагодьдзi пры касьцёле дзейнічала альтарыя. Аднак у другой палове XVI стагодьдзя парафія страціла самастойнасьць, і мясцовы касьцёл у якасці філіяльнага быў прыпісаны да парафіі лідзкай фары.
У 1766 годзе у маёнтку Крупа, які належаў тады маршалку лідскаму Нарбуту, была пабудаваная капліца. У ХІХ стагодьдзя сьвятыня згадваецца як філія Лідзкай фары ў маёнтку Шукевічаў.
Падчас савецка-польскай вайны 1920 году драўляны касьцёл быў зьнішчаны. Новы ж вырашылі будаваць ужо з каменю. У 1922 годзе інжынэр Е. Кулеш склаў праект новая сьвятыні, падпісаны 28 сьнежня. Будаўніцтва новага касьцёла пачалося ў 1925 годзе, а ў 1928 было завершана. 28 мая святыню пад гістарычным тытулам кансэкраваў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, і ў Крупе адрадзілася самастойная парафія. Колькасьць парафіян перад ІІ Сусьветнай вайной дасягала 4000 вернікаў.
У той жа дзень арцыбіскуп асьвяціў і касьцёльныя званы. Звон «Рыгор» застаўся са старога касцёла, а астатнія чатыры былі адліты ў Германіі: самы вялікі – «Бернардэм» – на сродкі парафіян, меншы – «Францішак» – на грошы Фердынанда Эйсманта, «Юзаф» – на сродкі пробашча кс. Ю. Сабалеўскага і самы малы – «Павел».
Касцёл дзейнічаў і пры савецкай уладзе, хоць часам без сталага пробашча.
Каардынаты: 53.929747, 25.198915.



Iнтэр’еры касьцёла



